Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусі і беларусам утульна жыць пад псэўданімам?


Тодар Кашкурэвіч
Тодар Кашкурэвіч

Кастусь Каліноўскі пад сваімі праклямацыямі падпісваўся Яськам, гаспадаром з-пад Вільні. Францішак Багушэвіч хаваўся пад псэўданімам Мацей Бурачок. Алаіза Пашкевіч для сваіх чытачоў была і Цёткай, і Крапіўкай, і Крапівіхай, і Гаўрылам з Полацку. Іван Луцэвіч стаў Янкам Купалам, а Самуіл Плаўнік ператварыўся ў Зьмітрака Бядулю. Дзясяткі асобаў, знакавых для гісторыі і культуры Беларусі, цягам апошніх двух стагодзьдзяў хаваліся пад псэўданімамі. Чаму? А мо і Беларусь таксама своеасаблівы псэўданім, бо за тыя ж стагодзьдзі краіна ня раз мяняла сваю назву? У чым прычыны і прырода гэтай культурнай мімікрыі? Гутарка з культуролягам, мастаком Тодарам Кашкурэвічам.

Фрагмэнт «Ліста з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага з подпісам-псэўданімам: Яська, гаспадар з-пад Вільні
Фрагмэнт «Ліста з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага з подпісам-псэўданімам: Яська, гаспадар з-пад Вільні


Вячаслаў Ракіцкі: Тодар, калі ласка, працягніце гэты сьпіс. Якія асобы і пад якімі псэўданімамі для вас найбольш цікавыя, чый выбар псэўданімаў быў найбольш матываваны?

Тодар Кашкурэвіч: Максім Танк, Якуб Колас, Янка Маўр... Матывацыя першай фармацыі «псэўданімшчыкаў» была адна: шчырае імкненьне стаць бліжэй да простага люду. Так яны разумелі нацыя-сацыяльныя ідэі канца ХІХ стагодзьдзя. Іншае — пасьлярэвалюцыйныя часы, калі трэба было хавацца пад хлопскімі псэўданімамі ў межах існаваньня Беларусі ў складзе Савецкага Саюзу. Дый, можа, шчырае імкненьне пазбавіцца сьлядоў свайго шляхецкага паходжаньня.

Ракіцкі: Але ж слова «псэўданім» паходзіць ад грэцкага pseudōnymos — носьбіт выдуманага імені. Няпраўда, выдумка, хлусьня хаваюцца за гэтым словам...

Адзін з асноўных гэтых мітаў — у адмаўленьні ад арыстакратычнага складніку ў гісторыі.

Кашкурэвіч: Слушна. Фармаваньне нэанацыянальных ідэалягемаў шмат у чым грунтавалася і на новых мітах. Адзін з асноўных гэтых мітаў — у адмаўленьні ад арыстакратычнага складніку ў гісторыі. Народ — гэта просты люд, а арыстакраты — прадажная частка грамадзтва. Падобная сытуацыя была і ў Чэхіі, Літве, Латвіі, Украіне. Такім чынам, сацыяльная выдумка, модная тады «хлусьня», замена родавых паняцьцяў сталася чыньнікам нараджэньня новага тыпу чалавечых супольнасьцяў.

Вокладка кнігі «Дудка беларуская» з подпісам — Мацей Бурачок
Вокладка кнігі «Дудка беларуская» з подпісам — Мацей Бурачок

Ракіцкі: У той пасьлядоўнасьці, зь якой дзеячы нацыянальнага руху, нацыянальнай культуры абіралі сабе псэўданімы, вы бачыце тэндэнцыю? Калі так, дык у чым яна выяўляецца?

Кашкурэвіч: Рамантыкі ад ідэі стварэньня сялянскай «савецкай беларускай» нацыі, хто з шчырасьці, хто са страху перад рэпрэсіўнай савецкай сыстэмай выбіралі сабе «прасталюдзінскія» найменьні. Іншыя прадстаўнікі палітычных і нацыянальных рухаў, прадстаўнікі альтэрнатыўных і традыцыйных дзяржаўніцкіх схемаў свае прозьвішчы не хавалі. Гэта, прыкладам, Пілсудскі, Доўбар-Мусьніцкі, Жалігоўскі, Булак-Балаховіч...

Атрад Станіслава Булак-Балаховіча
Атрад Станіслава Булак-Балаховіча

Ракіцкі: Калі, з чаго гэта пачалося? З чым зьвязана?

Кашкурэвіч: Пачатак, безумоўна, у палітычнай перанамізацыі нашага краю ў часы акупацыі Расейскай імпэрыяй. Наша спрадвечная назва — Літва — была замененая на Беларусь. Гэты «псэўданім» навязала краіна-акупант. Ёсьць у псыхалёгіі такое паняцьце, як «швэдзкі сындром», калі ахвяра гвалту пачынае кахаць гвалтаўніка. Частка тутэйшай эліты краю пакахала сваё прыніжэньне і на гэтым пачала будаваць нацыю паводле новых нацыянальных схемаў.

Ракіцкі: А хіба характары канкрэтных асобаў ня трэба ўлічваць? Людзі ж могуць баяцца нечага, прыкладам, рэпрэсіяў... Вось і хаваюцца за псэўданім. Гэта ж зусім натуральна, у прыродзе чалавека. Дый іншыя матывы могуць быць.

Кашкурэвіч: Вы закранулі сваім пытаньнем тэму маральна-этычную. Тут праблема выбару паміж сьмерцю і выжываньнем праз пакуты, каб усё ж застацца самім сабой. Імя — першасная намінацыя чалавека. Першая кропка ўвядзеньня чалавека ў сьвет.

Вячаслаў Ракіцкі і Тодар Кашкурэвіч у студыі Радыё Свабода
Вячаслаў Ракіцкі і Тодар Кашкурэвіч у студыі Радыё Свабода

Ракіцкі: Але ж калі разважаць пра глыбінную прыроду псэўданіму, дык гэта ня проста хованкі ў бульбе, а ўваход у чужую скуру. А мо нават і прышчапленьне сабе чужых душаў? Прышчапіўшы душу, затым з чужой душой і жывеш як са сваёй.

Кашкурэвіч: Аўтарытэтныя эўрапейскія культуры, грэцкія і рымскія, пакінулі нам, «барбарам» паўночным, такое паняцьце, як «ноўмэн», што азначае «я», у сэнсе — я ёсьць тутэйшы. Безумоўна, зьмена імя — гэта і хаваньне ў бульбу, і прышчапленьне чужых душаў. І тое, што адбылося з нашым народам на нашай зямлі праз прыняцьце цэлага шэрагу псэўданімаў, безумоўна, гэта і зьмяненьне нашай душы, душы нашага народу.

Ракіцкі: А мо і назву Беларусь таксама можна ці нават трэба ўспрымаць як псэўданім? Яна ж узьнікла ў той самы час, калі і ўзгаданыя намі героі, асобы схаваліся за псэўданімамі?

Трагедыя нашай славутай краіны — у страце імя.

Кашкурэвіч: Цалкам пагаджаюся з такой пастаноўкай пытаньня. Як бы ні балюча было выразаць гэтую пухліну прадстаўнікам беларускай нацыянальнай супольнасьці, тым ня меней гэтую праблему давядзецца вырашаць. Трагедыя нашай славутай краіны — у страце імя. Беларусьсю наша зямля ніколі не называлася. У нас была толькі адна назва — Літва. Цяпер у інтэрнэце зьмяшчаецца шмат старых мапаў, на якіх наш край разам зь Віленшчынай называецца толькі Літвой. Сапраўды, змаганьне за сваю ідэнтычнасьць — вельмі хваравіты працэс, асабліва ў зьвязку з тым, што мы ўжо жывем у псэўданіме, які прышчапіўся да нашых душаў і пачаў фармаваць нашы эмоцыі, нашу духоўнасьць.

Ракіцкі: А як быць з нацыянальнай ідэяй? Акурат у той самы час, пра які мы з вамі гаворым, Беларусь паўстае як нацыянальны праект. Дык і беларускую ідэю трэба трактаваць як псэўданім?

Кашкурэвіч: Выходзіць на тое. Трэба зьвярнуцца да канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, калі, так бы мовіць, нашы канкурэнты — жмуды — пачалі фармаваць нацыянальную ідэю на рамантызьме. На велічы і гераізьме нацыянальных дзеячаў, князёў, каралёў. Беларусы ж пайшлі ў іншым кірунку. Яны пачалі ідэалізаваць простае, сялянскае саслоўе. І на ягонай беднаце будаваць новую нацыю на новых, тады модных, тэндэнцыях.

Ракіцкі: Ці ня ёсьць гэта «культурнай мімікрыяй» усёй нацыі?

Кашкурэвіч: Можна назваць культурную мімікрыю нацыі нацыянальнай ідэяй.

Ракіцкі: Якія, з вашага гледзішча, прычыны гэтай мімікрыі?

Трагедыя нашай радзімы — у татальнай зачыстцы, якую тут рабілі расейцы.

Кашкурэвіч: Тутэйшая мімікрыя сталася вынікам 200-гадовага знаходжаньня ў сфэры Расейскай імпэрыі. Выраз «Масква сьлязам ня верыць» — гэта ня жарт, а рэалія ад XVI стагодзьдзя. Тым ня меней гісторыя краю давала прыклады моцнага процістаяньня агрэсару. Трагедыя нашай радзімы — у татальнай зачыстцы, якую тут рабілі расейцы. Не сьлязіліся нашы воіны перад сьмерцю, але плакалі іхнія сваякі перад маскоўскім катаваньнем. Адбывалася і татальная ідэалягічная зачыстка — перафарматоўка нацыянальна-патрыятычнай парадыгмы. Яна і прывяла эліты да стылістычнай мімікрыі. Гэта ўжо выявілася сярод прадстаўнікоў палітычных і культурных плыняў канца ХІХ стагодзьдзя. Навязаная мадэль мужыцка-нацыянальнага беларускага «скансэну» пранікла і ў галовы пэўнай часткі грамадзтва, якая начыталася навамодных кніжак.

Ракіцкі: У ХХ стагодзьдзі беларусам прышлыя бальшавікі панакідалі новых псэўданімаў. Памянялі назвы вуліцаў, плошчаў і нават гарадоў зь вёскамі. Панадавалі ім імёны чужынцаў — Леніна, Кірава, Калініна і іншых бандытаў і авантурыстаў. І беларусы гэтыя імёны прынялі як свае. Як новыя псэўданімы. Ледзь ня ўся беларуская сэмантычная прастора — амаль суцэльны псэўданім. І вось жа і расставацца зь імі, выглядае, ня хочуць беларусы. Чаму? Як тут быць?

Кашкурэвіч: Ёсьць дурацкі анэкдот пра беларусаў, які тлумачыць іхную псыхалягічную адметнасьць. У летаку ляцяць беларус, расеец і габрэй. У сядзеньні цьвік. Масковец брыдка вылаяўся і выкінуў цьвік, габрэй падумаў — а можа прадаць яго? А беларус быў упэўнены, што так і трэба.

Ракіцкі: А мо дзякуючы культурнай мімікрыі нацыя ўсё ж выжыла? І мае шанец і надалей ня быць зьедзенай драпежнікам?

Кашкурэвіч: Зноў жа, наш народ трэба разумець у ягоных трох абліччах. Беларусы — гэта ня толькі сяляне, ня толькі мужыкі. Тутэйшыя людзі былі і вайскоўцамі, і арыстакратамі, і прадстаўнікамі кліру. На вялікі жаль, нам застаўся толькі селянін-беларус. І сапраўды, вось гэты беларус-селянін, дзякуючы культурнай і рэлігійнай мімікрыі, выжыў. На жаль, іншыя саслоўі ня выжылі. Іх проста ня стала ў нашым грамадзтве. Яны змагаліся, а беларускі селянін не змагаўся.

Ракіцкі: Калі разважаць у такім кірунку, з такімі аргумэнтамі, выходзіць, што немагчыма адказаць на пытаньні: хто яны, цяперашнія беларусы? Кім былі? Куды крочаць? Кім будуць? Якія яны без псэўданімаў? І ці могуць жыць без псэўданімаў?

Нават расейскамоўным людзям у Беларусі камфортна стала пад псэўданімам «беларус».

Кашкурэвіч: Цікавая адметнасьць апошніх часоў — нават расейскамоўным людзям у Беларусі камфортна стала пад псэўданімам «беларус», хоць яны ўпарта ня хочуць авалодваць беларускай мовай. Ім камфортна адчуваць сваю нейкую беларускую адметнасьць, адрознасьць ад расейцаў. На жаль, працэсы глябалізацыі праніклі нагэтулькі глыбока ў сьвядомасьць тутэйшых людзей, што беларусы сёньня стаяць сярод першых нацыяў у чарзе, каб распусьціцца ў гэтым глябальным сьвеце. Беларусы вельмі схільныя да асыміляцыі. Калі беларус трапляе ў чужую краіну, Чэхію, Італію, ці Гішпанію, ён вельмі хутка падстройваецца, асымілюецца пад мясцовы люд, мясцовыя правілы. На жаль, працэс глябалізацыі прыйдзе і на нашу зямлю. І беларус вельмі хутка адаптуецца пад новыя ўмовы.

Ракіцкі: І тады будуць непатрэбныя псэўданімы?

Кашкурэвіч: Тады ўвогуле не спатрэбіцца нават імя.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG