Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян Эўракамісіі наконт міграцыі: «Мы ня справіліся»


Сырыйскія дзеці ў Саткгольме, студзень 2016 году
Сырыйскія дзеці ў Саткгольме, студзень 2016 году

Эўракамісія рыхтуе шматмільярдны плян барацьбы з міграцыйным крызысам. Ці будзе ён эфэктыўным?

Цыганкоў: Эўракамісія рыхтуе шматмільярдны плян барацьбы з міграцыйным крызісам. Прадугледжана заключыць партнэрскія пагадненьні з дзевяцьцю краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу, каб процістаяць нелегальнай міграцыі.

Паводле эўракамісара па пытаньнях міграцыі, унутраных справаў і грамадзянства Дзімітрыса Аўрамопуласа, такія пагадненьні плянуецца заключыць з Ярданіяй, Лібанам, Тунісам, Нігерам, Малі, Этыёпіяй, Сэнэгалам, Нігерыяй і Лібіяй. З кожнай з гэтых краінаў Эўракамісія хацела б заключыць розныя дамоўленасьці аб тым, каб названыя дзяржавы прымалі назад нелегальных мігрантаў.

Эўракамісары падлічылі, што на фінансаваньне такой ініцыятывы могуць быць выдзеленыя дзясяткі мільярдаў эўра. Так, у пэрыяд з 2016 па 2020 год такія партнэрскія пагадненьні будуць каштаваць прыкладна 8 млрд эўра. Плюс да гэтага восеньню Эўракамісія прадставіць плян па барацьбе з прычынамі міграцыі аб’ёмам 31 млрд эўра з улікам прыватных інвэстыцыяў.

Краіны, якія будуць згодныя на супрацоўніцтва з Эўразьвязам, атрымаюць фінансавую дапамогу і разьвіцьцё гандлёвых адносінаў.

Гэта вельмі пазытыўны крок. Эўракамісія перастала заплюшчваць вочы на мігранцкі крызіс, як гэта адбывалася на першым этапе. Праблема з мігрантамі прыблізна год таму пачала набываць вострыя формы. Летам 2015 году, у ліпені-жніўні, гэтая праблема выйшла на першыя палосы сродкаў масавай інфармацыі, і колькасьць мігрантаў памнажалася кожны месяц.

Пэўны час эўрапейскія палітыкі кіраваліся славутым выразам прэм’ер-міністра Нямеччыны Ангелы Мэркель: «Мы справімся». Але практыка паказала, што без дадатковых захадаў проста прыняцьцем мігрантаў і неабмежаваньнем міграцыі не абысьціся. Першымі тут выступілі ўсходнеэўрапейскія палітыкі, якія пачалі будаваць сьцены і заяўляць пра тое, што яны не гатовыя прымаць нават тыя сьціплыя квоты мігрантаў, якія ім вызначала Эўракамісія.

Можна было назіраць на працягу гэтага году, як грамадзкая думка многіх краінаў Эўропы мянялася да больш рашучага і цьвёрдага непрыняцьця такога некантраляванага патоку ўцекачоў. Першай прыкметай таго, што эўрапейскія палітыкі нешта робяць, стала пагадненьне з Турэччынай. Так ці інакш яно пачало працаваць, статыстыка паказвае, што праз турэцкі калідор колькасьць мігрантаў моцна зьменшылася, і паводле гэтай матрыцы эўрапейскія чыноўнікі зараз вырашаюць прымаць падобныя захады зь іншымі краінамі.

Міграцыя не спыніцца, але прынамсі будзе пастаўлена пад кантроль.

Пры тым, што ня варта чакаць максымалісцка-ідэальных вынікаў, міграцыя не спыніцца, але прынамсі будзе пастаўлена пад кантроль. Гэтыя краіны, зь якіх збольшага міграцыя ідзе ў Эўропу, падпішуць дамову і будуць абавязаныя прымаць удзел у абмежаваньнях.

Ня толькі на Эўропу ўскладаецца гэты абавязак, які перанапружвае яе, але і гэтыя краіны будуць прымаць удзел у рашэньні праблемы. Добрая была б інфармацыйная кампанія ў тых краінах, адкуль ідзе міграцыя, з мэтай патлумачыць, што гэта ўсё небясьпечна, што ёсьць легальныя шляхі. Нелегальная міграцыя — гэта кепска, вы аддаяце грошы і рызыкуеце іх страціць, вас у Эўропе не вітаюць, вышлюць назад. Тым больш калі б яна вялася ў патэнцыйных краінах міграцыі.

Дракахруст: Гэта крок у правільным кірунку, таму што сапраўды пэўны час была такая псыхалёгія, што вось людзі бягуць, ім кепска і мы павінны ісьці ім насустрач. А цяпер гэтае рашэньне грунтаванае на той думцы, што калі ім кепска, дык трэба зрабіць ім лепш там, дзе яны жывуць, каб яны не беглі ў Эўропу, бо яна не гумовая і на ўсіх яе відавочна не хапае.

Сапраўды Эўразьвяз зачыняе магчымыя шляхі гэтага праточваньня міграцыйных патокаў, спачатку гэта адбылося з Турэччынай, а зараз спрабуюць прыкрыць паўднёвы флянг. Паводле апошніх зьвестак, калі зьменшыўся паток праз Турэччыну і з прычыны пагадненьня з ёй, і з прычыны таго, што тая ж Македонія проста перакрыла мяжу, стаў больш імклівы паток з поўдня праз мора.

Што ім сказаць? Мы вас не прымаем? І куды ім? На дно марское?

Прычым тут ёсьць маральна-псыхалягічны чыньнік, бо ў Македоніі можна паставіць плот і сказаць — мы вас не пускаем. Але з поўдня сухапутнай мяжы няма. Вось прыплываюць людзі на нейкай лодцы. Што ім сказаць? Мы вас не прымаем? І куды ім? На дно марское? Ёсьць пэўная адказнасьць за іх, калі яны загінуць.

Можна спадзявацца, што такое пагадненьне, дамоўленасьць пра вяртаньне паспрыяе таму, каб гэты паток зьменшыць. Хоць урэшце ня трэба забываць, пра якія краіны ідзе размова. Мы вось ганім беларускую дзяржаву, але ў шэрагу тых краінаў, якія вы пералічылі, з дзяржавай таксама вялікія пытаньні. Напрыклад, у той жа Лібіі — ну з кім там дамаўляцца, калі там ідзе вайна супраць усіх, калі ўрад там кантралюе толькі ўрадавы квартал?

А што тычыцца іншых краінаў з гэтага сьпісу, то большасьць зь іх вызначаецца высокай карупцыяй. Гэтыя грошы, якія выдзяляе Эўразьвяз, хутчэй за ўсё будуць там проста пакрадзеныя. У дадзеным выпадку Эўропа выкупае права вяртаць людзей назад. Так, гэта каштуе грошай, але гэта зьмена парадыгмы, зьмена стаўленьня да гэтага патоку. Тут не раскрываюцца абдымкі, а гаворыцца, што гэта праблема, якую трэба вырашаць.

Карбалевіч: Мне здаецца, гэта вельмі пазытыўны крок у правільным кірунку. Калі раней, калі пачалася рэзкая форма мігранцкага крызісу, сярод эўрапейскіх палітыкаў быў распаўсюджаны падыход «мы справімся» (словы Ангелы Мэркель) — то цяпер ўсім стала відавочна. што сама па сябе, без абмежавальных захадаў, гэта не «рассмокчацца».

Праблема па-ранейшаму вострая для ЭЗ, яна моцна хвалюе тамтэйшае грамадзтва. Пра гэта сьведчыць рост уплыву правых партый у краінах Эўразьвязу.

Без дамоўленасьцяў з краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу гэтую праблему не вырашыць.

ЭЗ разумее, што міграцыя — праблема комплексная. Мала умацаваць межы, кантроль за плынямі ўцекачоў, узмоцніць патруляваньне Міжземнага мора. Без дамоўленасьцяў з краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу гэтую праблему не вырашыць. Прычым, гэтая праблема ў пэрспэктыве будзе толькі нарастаць. Бо, напрыклад, у гэтым рэгіёне насельніцтва будзе хутка расьці. І ў пошуках лепшай долі яны непазьбежна будуць імкнуцца трапіць у Эўропу.

Таму ідэальны варыянт вырашэньня праблемы ўцекачоў, — гэта стварыць добрыя ўмовы жыцьця і працы людзей ў гэтых краінах, каб яны не імкнуліся ехаць у Эўропу. Але, як любы ідэал, ён нерэальны. Бо нават вялікай грашовай дапамогай гэтую задачу немагчыма вырашыць.

ЭЗ з Турэччынай падпісалі дамову аб супрацоўніцтве ў пытаньнях барацьбы з незаконнай міграцыяй. Але ужо пачаліся непаразуменьні, папрокі з абодвух бакоў, рознае разуменьне таго, аб чым дамовіліся. Увогуле, праблема мігрантаў для ЭЗ — доўгатэрміновая і стала дзеючая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG