Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесю Садоўскую ў судзе трымаюць «на ланцугу» пад аховай пяці міліцыянтаў


Алеся Садоўская, архіўнае фота

Алеся Садоўская, архіўнае фота

«Я глядзеў працэс банды Марозава, там толькі на аднаго міліцыянта было болей», — кажа маладэчанскі праваабаронца Эдуард Баланчук.

Ужо чацьвёрты год Алеся Садоўская спрабуе перамагчы беларускую сыстэму. За гэты час яна перажыла катаваньні ў міліцыі, псыхіятрычную лякарню, яе 8-гадовая дачка апынулася ў прытулку, а колькасьць судовых паседжаньняў з удзелам Садоўскай ужо цяжка падлічыць. Падрабязна гісторыя Садоўскай выкладзеная тут.

Апошнія месяцы жанчыну трымаюць у СІЗА № 1 у Жодзіне. Здымкі ў будынку, дзе праходзіць суд, забароненыя.

Садоўскую абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 366 Крымінальнага кодэксу — «гвалт ці пагроза гвалтам у дачыненьні да асобы, якая выконвае свае службовыя паўнамоцтвы»... з-за «помсты за выкананьне службовых абавязкаў».

Справа пачала разглядацца ў судзе Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці 8 ліпеня. Судзьдзя — Павал Жэчка.

Пацярпелай у судзе выступае загадчыца аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму Іна Драпеза. Яна сьцьвярджае, што 1 лютага 2016 году Алеся Садоўская ў ейным кабінэце ўдарыла яе па шчацэ, спрабавала прыдушыць, цягала за валасы і наносіла ўдары нагамі. Абвінавачаньне кажа, што ў выніку Драпеза атрымала ацёк шчакі, гематомы і драпіну на нагах — «лёгкія пашкоджаньні». У якасьці сьведак выступаюць супрацоўніцы аддзелу адукацыі.

Садоўская абвінавачаньні не прызнае. Кажа, што спрабавала адабраць у чыноўніцы мабільны тэлефон, на які тая намагалася яе здымаць падчас размовы. Яна заяўляе, што ў той дзень у кабінэце начальніцы супраць яе была ўчыненая правакацыя, каб схаваць парушэньні ў дачыненьні да яе 8-гадовай дачкі Кацярыны. Нібыта яе хочуць прадставіць «неадэкватнай», каб апраўдаць адабраньне ў яе дзіцяці.

«Былі дапушчаныя парушэньні, якія аддзел адукацыі адмаўляўся прызнаваць. У далейшым ён ізноў рабіў парушэньні ў дачыненьні да маёй дачкі. Цяпер пацярпелая хоча, каб гэта ўсё было схавана і ніхто пра гэта не даведаўся, — сказала суду Алеся Садоўская. — Ведаючы, што я не пакіну без увагі гэтыя парушэньні, усе пра гэта даведаюцца, яна робіць усё, каб нанесьці мне шкоду і націснуць нейкім чынам. Іншага тлумачэньня ў мяне няма».

Судовая гісторыя

У судзе Садоўская зноў падрабязна распавядае пра гісторыю сваіх стасункаў з аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Раней яе абвінавацілі паводле арт. 364 КК — «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананьне службовай дзейнасьці» і асудзілі на шэсьць месяцаў прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня. Падставай для крымінальнай справы стаў выпадак, калі Садоўская нанесла «ня менш за 10 удараў» жаночай торбачкай і рукамі супрацоўніку МУС. Пасьля 4 месяцаў стацыянарнага лячэньня ў РНПЦ псыхічнага здароўя яе выпісалі для амбуляторнага назіраньня з дыягназам «хранічнае афэктыўнае расстройства».

Дачка Кацярына, пакуль маці была ў «Навінках», атрымала статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і была накіраваная ў прыёмную сям’ю. Пазьней аддзел адукацыі праз суд адабраў у Садоўскай дачку (не пазбавіўшы бацькоўскіх правоў) на той падставе, што ў яе ёсьць псыхічнае захворваньне.

Садоўская з гэтым не пагадзілася, зноў абскардзіла рашэньне, і суд стаў на яе бок. Інцыдэнт у кабінэце чыноўніцы здарыўся якраз тады, калі суд Маладэчанскага раёну прыступаў да разгляду пазову Алесі Садоўскай, якая хацела пацьвердзіць, што дачку ў яе адабралі незаконна.

«Абсурдныя абвінавачаньні»

Садоўскую падтрымлівае кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач. Яна прысутнічала на судзе.

«Усе гэтыя абвінавачаньня я лічу несур’ёзнымі. Аддзел адукацыі прыклаў шмат намаганьняў, каб ня толькі адабраць Кацю, але і максымальна доўга гэтае няшчаснае дзіця не вяртаць. Калі ўжо справа ў прынцыпе ў лютым 2016 году пачала падыходзіць да сытуацыі, што Кацю трэба вярнуць, і ўтрыманьне дзіця магло быць прызнанае незаконным, пачаліся правакацыі. Яны выліліся ў абсурдныя абвінавачаньні. Я лічу, што праўда за Алесяй», — кажа Вольга Карач.

Вольга Карач каля будынку, дзе адбываецца суд.

Вольга Карач каля будынку, дзе адбываецца суд.

Апошнім часам канфлікты бацькоў з органамі апекі часта робяцца прычынай гучных публікацыяў у СМІ. Нядаўна суд вярнуў дзяцей маці-адзіночцы з Бабруйску, акалічнасьці справы якой вельмі нагадвалі тое, што адбываецца з Садоўскай. Гісторыя з прызнаньнем сям’і пасьпяховага бізнэсмэна «сацыяльна небясьпечнай» разгортваецца цяпер у Гомелі.

«Цікава, што за апошні год пракацілася хваля такіх працэсаў, калі проста з-за нейкіх мікраканфліктаў зь дзяржаўнымі ўстановамі — школай, міліцыяй — складаюцца нейкія дзіўныя паперы, дзяцей адбіраюць, часам нават „выкрадаюць“ са школы ці дзіцячага садку, — пацьвярджае Карач. — Гэтая сытуацыя ненармальная».

Падчас судовага паседжаньня Садоўскую трымаюць літаральна «на ланцугу» — прыкаваўшы кайданкамі да супрацоўніка міліцыі. Побач яшчэ чацьвёра міліцыянтаў.

«Навошта чалавека, якога вінавацяць у лёгкіх пабоях, трымаць у кайданках?» — кажа Вольга Карач.

Артыкул, па якім абвінавачваецца Алеся Садоўская, прадугледжвае пакараньне штрафам ці папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, або абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG