Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад танкі NАТО — разам ці па чарзе? 


Танк польскага войска Leopard 2A4 на польска-амэрыканскіх вучэньнях у лістападзе 2015 году
Танк польскага войска Leopard 2A4 на польска-амэрыканскіх вучэньнях у лістападзе 2015 году

Што азначае чарговае абяцаньне Лукашэнкі, што пры патрэбе беларусы «будуць класьціся пад натаўскія танкі»?

Дракахруст: Беларусь і Расея адэкватна рэагуюць на ўзмацненьне NАТО каля межаў Саюзнай дзяржавы.

Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў 7 чэрвеня ў Менску, на пасяджэньні Рады кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаваў-удзельніц СНД.

«Расейцы часта кажуць, што каля межаў Расеі разгортваюцца новыя кантынгенты НАТО. Трэба падкрэсьліць, што перш за ўсё — каля нашых межаў, беларускіх межаў. Мы гэта бачым і прымаем бяз гвалту, бяз шуму адэкватныя меры», — сказаў кіраўнік Беларусі.

«Бачу, што і расейскае кіраўніцтва сёньня дзейнічае ў гэтым жа ключы ў заходнім напрамку. Маю на ўвазе, што ў нас сумесная групоўка ўзброеных сілаў на захадзе, якая гарантуе бясьпеку нашай айчыны — Беларусі і Расеі. І ў аснове гэтай групоўкі — часткі беларускай арміі. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой, і на працягу кароткага часу сюды падцягваюцца часткі, сканцэнтраваныя на захадзе Расейскай Фэдэрацыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У 2006 годзе Лукашэнка сказаў: «Калі танкі пойдуць адтуль (з Захаду) на Расею, мы будзем тут паміраць за Расею». Цяпер, як бачым, тая тэза была фактычна паўтораная.

Але цяпер яна мае, на мой погляд, крыху іншы сэнс. Нагодай для яе сталі як маштабныя вучэньні NАТО ля межаў Беларусі, разьмяшчэньне дадатковых вайсковых кантынгентаў NАТО ў Польшчы і краінах Балтыі, гэтак і разьмяшчэньне расейскіх войскаў, пакуль двух мэханізаваных брыгадаў у Расеі на мяжы з Беларусьсю.

Заява Лукашэнкі — своеасаблівае пасланьне і Расеі, і Захаду.

Заява Лукашэнкі — своеасаблівае пасланьне і Расеі, і Захаду. Расеі — калі на нас нападуць, вы прыйдзеце нас абараняць, стаць плячо да пляча з намі. Але не раней. Першымі ўступім у бой мы, а не мы разам з вамі, гэта значыць, што да бою вас у нас ня будзе. Падцягнулі сілы да мяжы з намі — калі ласка, на выпадак вайны (пэрспэктыва якой даволі гіпатэтычная) яны спатрэбяцца. Але падцягвацца праз мяжу гэтыя войскі будуць толькі ў выпадку вайны.

Ну і Захаду пасланьне аналягічнае: расейскія войскі перасякуць нашу мяжу толькі ў выпадку вашага, Захаду, нападу. А ня будзе нападу — дык і не перасякуць, нават калі ў Маскве хацелі б, каб перасеклі ў прэвэнтыўных мэтах і зараз.

Усё гэта абгорнутае ў саюзную, антынатаўскую рыторыку, прыгаданая і саюзная дзяржава — «наша айчына», але сутнасьць заявы — хутчэй пра абмежаваньне расейскай ваеннай прысутнасьці, пра непажаданасьць яе ў Беларусі. І ў гэтым адрозьненьне ад палітыкі краінаў NАТО — Польшчы і Балтыі, якія ўсяляк запрашаюць кантынгенты іншых, больш моцных у ваенным сэнсе краінаў альянсу, на сваю тэрыторыю.

Ужо наколькі здолее Лукашэнка супрацьстаяць намерам Масквы (калі яны ёсьць) разьмясьціць расейскія войскі на беларускай тэрыторыі — гэта пытаньне. Але нежаданьне, каб гэта адбылося, кіраўнік Беларусі, на мой погляд, прадэманстраваў.

Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу, што гэта заява была зробленая Лукашэнкам на сустрэчы з кіраўнікамі вышэйшых органаў фінансавага кантролю краінаў СНД. Па лёгіцы, здавалася б, трэба было гаварыць пра фінансавыя праблемы, супрацоўніцтва краінаў СНД у фінансавай галіне. А Лукашэнка раптам загаварыў пра ваенныя праблемы.

Відаць гэтая тэма яго моцна хвалюе. З аднаго боку, расейскія ваенныя высілкі на мяжы зь Беларусьсю, з другога — у Польшчы праводзяцца самыя буйныя вайсковыя вучэньні за апошнія 17 гадоў.

Калі ж казаць пра зьмест, то ў прынцыпе нічога новага Лукашэнка не сказаў. Такое гаварылася ім шмат гадоў — і пра супольную вайсковую групоўку Беларусі і Расеі, і пра ролю беларускага войска ў абароне Расеі.

Але з 2014 году падобная рыторыка з вуснаў Лукашэнкі трохі сьцішылася. На гэта ўплывала і роля Расеі ва ўкраінскім крызысе, і працэс нармалізацыі адносінаў з Захадам. Чаму цяпер яна раптам загучала?

Думаю, цяпер Лукашэнка будзе актыўна выкарыстоўваць гэтую тэму ў прапагандысцкіх мэтах. Вось не выпадкова ж Усебеларускі народны сход пачынае працу 22 чэрвеня, у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Асноўны мэсэдж: заробкі, пэнсіі, увогуле дабрабыт цяпер не галоўнае.

Напрошваецца асноўны мэсэдж: заробкі, пэнсіі, увогуле дабрабыт цяпер не галоўнае, мы апынуліся перад пагрозай ваеннага канфлікту, мы ў сярэдзіне гэтага нарастаньня напружаньня, таму трэба аб’яднацца вакол прэзыдэнта каб выжыць. І ўчарашняя заява — гэта ў пэўным сэнсе была рэпэтыцыя.

Псыхалягічная асаблівасьць Лукашэнкі — услых прагаворваць думкі, якія яго моцна хвалююць. Магчыма, таксама, Лукашэнка з дапамогай такой рыторыкі імкнецца атрымаць ад Расеі новую зброю: сучасныя самалёты, ракетныя комплексы, кшталту «Ісканэраў».

Зьвярнуў бы ўвагу, што рыторыка адносна NАТО была даволі стрыманая. Гэта ўжо не «страшны монстар», як ён казаў раней, а «нашы заходнія ня тое калегі, ня тое партнэры, ня тое супернікі».

Адна з псыхалягічных асаблівасьцяў кіраўніка Беларусі — ужываньне тактыкі «задушыць у абдымках».

Цыганкоў: Адна з псыхалягічных асаблівасьцяў кіраўніка Беларусі — ужываньне тактыкі «задушыць у абдымках». Як толькі Масква пачынае даволі моцна прасоўваць свае інтарэсы ў некаторых пытаньнях, то ўжываюцца два варыянты адказу, абодва абгрунтаваныя.

Першы — ісьці на адкрыты канфлікт, што бывала ў гісторыя беларуска-расейскіх дачыненьняў, і часам спрацоўвала. Але зараз для гэтага не зусім спрыяльная абстаноўка. Ня ўсе козыры на руках у Лукашэнкі, і таму ўключаецца іншая тактыка, калі Аляксандар Лукашэнка пачынае гаварыць пра адданасьць, пра гатоўнасьць першымі сустрэць удар, каб усе бачылі, і палітыкі, і грамадзтва, наколькі Беларусь адданая свайму бліжэйшаму саюзьніку. І як можна на такім фоне нешта ад гэтага саюзьніка патрабаваць ці не дай Божа супраць яго рабіць варожыя дзеяньні?

Імкненьне паказаць, што на самой справе Беларусь гатовая легчы пад танкі — гэта імкненьне паставіць сябе ў выгадную сытуацыю ў перамовах. Пры такой умове «наяжджаць» на Беларусь непрыгожа і гэтага не зразумее ніхто ні ў Беларусі, ні ў Расеі. Наколькі на гэты момант гэта будзе эфэктыўная тактыка, пакажуць і два дні перамоваў з Уладзімірам Пуціным, і далейшыя падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG