Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва мяняе амбасадара ў Беларусі. Пяць фактаў пра Эвалдаса Ігнатавічуса


Эвалдас Ігнатавічус

Эвалдас Ігнатавічус

Эвалдас Ігнатавічус будзе адкліканы з пасады амбасадара Літвы ў Беларусі 11 ліпеня.

Адпаведнае рашэньне было зацьверджана 8 чэрвеня ўрадам Літвы, паведамляе TUT.BY са спасылкай на агенцтва BNS.

Элвалдаса Ігнатавічуса на пасадзе зьменіць дырэктар Консульскага дэпартамэнту МЗС Літвы Андрус Пулокас. Ягоную кандыдатуру падтрымаў парлямэнцкі камітэт па замежных справах.

Ігнатавічус быў прызначаны на пасаду амбасадара Літвы ў Беларусі вясной 2013 году. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Лінаса Лінкявічуса, які стаў міністрам замежных справаў Літвы. Андрус Пулокаc, калі быў дырэктарам Консульскага дэпартамэнту МЗС Літвы прыклаў нямала намаганьняў для адкрыцьця візавых цэнтраў у Беларусі.

Замена Ігнатавічуса на Пулокаса не зьвязаная з сытуацыяй вакол Астравецкай АЭС. Гэта стандартная працэдура і ратацыя кадраў, паведамляе BNS.

Свабода сабрала пяць найбольш важных заяваў Эвалдаса Ігнатавічуса на пасадзе амбасадара Літвы ў Беларусі.

Літоўскі амбасадар адмовіўся ад экскурсіі па Астравецкай АЭС пасьля таго, як Літва даведалася пра здарэньне на АЭС зь мэдыяў , а не ад афіцыйнага Менску.

«Нас, натуральна, хвалюе будаўніцтва атамнай станцыі, як павінна хваляваць і хвалюе, я думаю, беларусаў: каб яна была бясьпечная, каб усё было добра. Я думаю, гэта ня можа не хваляваць, асабліва пасьля апошніх падзеяў, тэрактаў. У гэтым сьвеце мы ня можам адчуваць сябе ў бясьпецы».

Літоўскі амбасадар зьяўляецца сябрам Саюзу пісьменьнікаў Літвы, піша вершы і перакладае беларускіх паэтаў, у тым ліку Адама Глобуса, Юліі Цімафеевай, Сабіны Брыло, а таксама творы Ўладзімера Арлова. Вось што ён казаў Свабодзе пра паэта Адама Міцкевіча:

«Міцкевіч — наш агульны эўрапейскі паэт, наша агульная велічыня. Тады, калі ён жыў, такіх паняцьцяў не было — літовец, беларус, паляк. Раней былі грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага. І ён лічыў сябе грамадзянінам гэтай мультыкультурнай тэрыторыі, і ў яго такога пытаньня не ўзьнікала. »

Кажа, што падзеі ва Ўкраіне сталі шокам для Літвы:

«Падзеі ва Ўкраіне былі шокавай тэрапіяй ня толькі для Літвы, але і для ўсяго рэгіёну, у тым ліку і Беларусі, для ўсёй Эўропы наагул. Мы неяк думалі, што перайшлі ў 21 стагодзьдзе, у ім будзе ўсё па-іншаму. Усе войны скончыліся. Пра іх забылі. Цяпер будзем жыць па-іншаму. Аднак сталася гэтак, што нам не ўдалося так проста закрыць 20 стагодзьдзе. Усё, што было закладзена ў ім нэгатыўнага, яно працягваецца... У Літве мы зразумелі, што наша бясьпека не гарантаваная, хоць мы і ў НАТО і ў Эўразьвязе. Мы пачалі думаць, чым мы мусім бараніцца».

Параўноўвае моўную сытуацыю ў Беларусі з той, што была ў Літве напярэдадні адраджэньня незалежнасьці сто гадоў таму:

«Тады літоўская мова таксама была пад пытаньнем. Быў дужа вялікі ўплыў расейскай і польскай моваў. Аднак зьявіліся людзі, якія пачалі вывучаць літоўскую мову, нават ня ведаючы яе зь дзяцінства. Яны потым сталі бацькамі нашага адраджэньня. Я цяпер адчуваю, што беларуская мова больш стала ўжывацца на розных мерапрыемствах. Такі рэнэсанс адбываецца. Аднак важна, каб гэта не адбывалася толькі ў вузкіх колах інтэлігенцыі і культуры. Варта, каб гэтае кола пашыралася. Моладзь дужа часта пачала ўжываць беларускую мову».

Амбасадар Літвы лічыць, што беларусы не павінны стаяць у чарзе па візу больш чым 15 хвілінаў:

«Мы бачым, што беларусаў цікавіць бізнэс, культура, і гэтая цікавасьць ёсьць ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, агульных рэгіёнах нашага мінулага. Беларусы — чэмпіёны па шэнгенскіх паездках. Гэта адбываецца таму, што ў беларусаў захоўваюцца гены грамадзянаў ВКЛ».

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG