Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы самыя маштабныя вучэньні НАТО на ўсходнім кірунку пасьля халоднай вайны. Расейскія танкі ля межаў Беларусі ВІДЭА


У вучэньнях, якія называюцца «Анаконда 16», бяруць удзел вайскоўцы больш чым з 20 краінаў НАТО і дзяржаваў-партнэраў. Гэтыя манэўры закліканы супакоіць краіны ўсходняй і цэнтральнай Эўропы, якія былі ўстрывожаныя дзеяньнямі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.

Больш за дзьве тысячы вайскоўцаў узялі ўдзел у адпрацоўцы дэсантаваньня і скіданьня грузу на парашутах — 500 амэрыканскіх дэсантнікаў прыляцелі з базы ў Паўночнай Караліне, 230 брытанцаў прыляцелі з базы Рамштайн ў Нямеччыне, і да іх далучыліся польскія дэсантныя атрады. Усяго за 10 дзён вучэньняў у іх возьмуць удзел больш за 30 тысяч вайскоўцаў — што хутчэй за ўсё больш абвострыць і без таго нацягнутыя адносіны паміж Захадам і Крамлём.

Расея на гэтым тыдні ўжо абазначыла сваё незадавальненьне манэўрамі НАТО.

«Мы ня ўтойваем, што ў нас выклікае нэгатыўнае стаўленьне лінія НАТО на прасоўваньне сваёй вайсковай інфраструктуры да нашых межаў, на ўцягваньне ў ваенную дзейнасьць блёку іншых дзяржаваў,» заявіў у панядзелак у Маскве міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў.

Эшалёны вайсковай тэхнікі і прынамсі 214 вайскоўцаў 28-й асобнай мотастралковай брыгады зь Екацярынбургу прыбылі пад беларускія межы, у Клінцы Бранскай вобласьці на мінулым тыдні.

Клінцы — гарадок за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю і за 120 кілямэтраў ад Гомелю. Вядома, што афіцэры гэтай брыгады здабылі значны баявы досьвед у шэрагу кампаніяў: ад Другой чачэнскай і Цхінвалі да Сырыі.

Меркаваньні незалежных экспэртаў наконт мэты іх пераводу пад самую мяжу Беларусі падзяліліся. Гэтак, Аляксандар Алесін сьцьвярджае, што танкі ў Клінцах не нясуць відавочнай пагрозы для Беларусі і што разьмяшчэньне ўзбраеньняў сьведчыць пра палітычную, а не пра наступальную апэрацыю. Паводле Алесіна, тут выбудоўваецца «другая лінія абароны», каб падкрэсьліць недавер да Беларусі, якая дагэтуль лічылася асноўным ваенным хаўрусьнікам Расеі.

Тым часам аўтар расьсьледаваньняў на сайце Informnapalm Дзяніс Івашын упэўнены: войска разьмяшчаецца ўздоўж мяжы з разьлікам менавіта на Беларусь, а не на Ўкраіну, бо праз Клінцы праходзіць аўтамагістраль Гомель — Бранск і чыгунка Гомель — Унеча, а з Украінай такога транспартнага злучэньня тут няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG