Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 9 чэрвеня. Акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам


Эдуард Пальчыс

Эдуард Пальчыс

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

АФІША

Менск. Акцыя салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам, стваральнікам блогу 1863x, больш вядомым як Jhon Silver. За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт да 6 месяцаў ці абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі да 5 гадоў. Месца правядзеньня — каля СІЗА (вул. Валадарскага, 2). Пачатак у 18:00.

Магілёў. У цэнтры «Кола» (зав. Чкалава, 16) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Міколы Ўлашчыка «Даць народу гісторыю. Успаміны, лісты». Будзе таксама прэзэнтаваны дыск «Галасы паэтаў». У вечарыне бяруць удзел мастак Аляксей Марачкін, пісьменнік Міхась Скобла і сьпявачка Таццяна Матафонава. Пачатак у 18.30.

Менск. Прэсавая канфэрэнцыя да Дня Расеі (12 чэрвеня) з удзелам амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава ў Нацыянальным прэс-цэнтры (вул. Кастрычніцкая, 5). Пачатак у 12:00.

Менск. Музычны фэстываль «Беларускі стыль» пройдзе ў канцэртнай залі «АТЛАНТ» (пр. Пераможцаў, 61). Удзельнікі — Іван Кірчук (заснавальнік і лідэр этна-трыа «Троіца»), дуэт «Агата» і трыа «Порт Моне», вядоўца — Алег Хаменка (гурт «Палац»).

Менск. Онлайн-чат з консулам ЗША Фрэдэрыкам Стэрнам. Старонка мерапрыемства тут. Пачатак у 17:00.

Менск. Круглы стол «Як знайсьці сродкі на грамадзкую дзейнасьць унутры Беларусі?» праводзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Месца правядзеньня — Бон-Гатэль (вул. Прытыцкага, 2). Пачатак у 11:00.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

Міжнародны дзень сяброў

Міжнародны дзень акрэдытацыі

Міжнародны дзень архіваў

1863 — у Вільні на Лукіскім пляцы павешаны Баляслаў Калышка, адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня.

1919 г. (9-10 чэрвеня) — на зьезьдзе беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гарадзеншчыны пацьверджана вернасьць ідэалам незалежнай Беларусі, выказаны поўны давер ураду БНР, створана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны.

1929 — у Горадні пачаўся гэтак званы працэс 75-ці — суд, арганізаваны польскімі ўладамі над дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху (доўжыўся да 21 чэрвеня 1929 году).

1955 — у Менску адкрылася Дзіцячая чыгунка імя Канстанціна Заслонава.

1960 — заснаваны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва Беларусі

2005 — АМОН разагнаў у Менску акцыю пратэсту супраць перайменаваньня праспэкту Скарыны ў Праспэкт незалежнасьці. 2010 — у Жэнэве на чарговай штогадовай Канфэрэнцыі працы абмеркавалі беларускае пытаньне і зноў выказаліся за санкцыі супраць беларускага ўраду за парушэньні правоў працоўных.

У гэты дзень нарадзіліся:

1881 — Іван Луцкевіч (г. Шаўлі, цяпер Шаўляй, Літва), грамадзка-палітычны дзяяч, археоляг, этнограф, публіцыст, адзін з ініцыятараў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

1895 — Ігнат Дварчанін, беларускі літаратуразнавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», расстраляны ў 1937-м, рэабілітаваны ў 1956 г.

1910 — беларускі архітэктар Віктар Воўчак. Асноўныя працы ў Менску: будынак аблвыканкаму, Літаратурны музэй Янкі Купалы, жылы дом па вул. К.Маркса. Адзін з аўтараў мэмарыяльнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць-герой».

1919 — беларускі шахматыст Ісаак Балеслаўскі, міжнародны гросмайстар, чэмпіён сьвету і Эўропы ў камандным першынстве.

1958 — Алесь Камоцкі, беларускі паэт, выканаўца ўласных песьняў.

Цытата

«Страх ёсьць, але не за сябе. Страшней, калі ты можаш нанесьці шкоду блізкім. Я не баяўся суду па першай справе, нават разумеючы, што нармальнага правасудзьдзя ў Беларусі няма. Але калі я зразумеў, што мне будуць „шыць“ парнаграфію, замест страху прыйшла злосьць. Пасьля допытаў у маёй нявесты зьявіліся сівыя валасы».

Эдуард Пальчыс, з інтэрвію Свабодзе ў лістападзе 2015 году

XS
SM
MD
LG