Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацьвіенка прапанавала беларуска-расейскі «міні-шэнген»


Валянціна Мацьвіенка

Валянціна Мацьвіенка

Старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціна Мацьвіенка заклікала паскорыць увядзеньне агульнай візы так званай саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. На яе думку, гэта павысіць турыстычны паток у абедзьве краіны:

«Лічу, што нельга лішне зацягваць з рашэньнем гэтай задачы. Гэтае пытаньне знаходзіцца ў стадыі абмеркаваньня. Расея ўнесла такую прапанову».

Паводле словаў Мацьвіенкі, гэта асабліва важна ў мэтах прасоўваньня на міжнародных рынках сумесных маршрутаў, зьвязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, цікавых гістарычных і культурных маршрутаў.

Кіраўніца верхняй палаты расейскага парлямэнту адзначыла, што, на погляд Расеі, «увядзеньне агульнай візы стане вялізным стымулам для паглыбленьня ўсебаковай інтэграцыі Расеі і Беларусі, павелічэньня зьнешняга турпатоку ў абедзьве краіны».

Першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, старшыня камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Пётра Садоўскі да такой ідэі ставіцца, як ён выказаўся, «рашуча адмоўна». Таму што, калі ён быў на пачатку 1990-х старшынём парлямэнцкай камісіі па міжнародных справах, з гэтым сутыкнуўся:

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

«Тады мы гэта мелі. І былі зьвязаныя па руках і нагах. Тое самае нас чакае. Натуральна, гэтая праблема мае шмат аспэктаў. Па-першае, сам працэс атрыманьня візаў будзе зацягвацца. Па-другое, мы будзем пастаўлены пад кантроль: выезд некаторых асобаў, нейкія бізнэсовыя сувязі, якія Расеі могуць быць выгадныя ці нявыгадныя. Карацей кажучы, гэта вярнуцца зноў да „бегу ў мяшках“, які мы некалі ўжо мелі. Калі гэта падрэзюмаваць, гэта страта сувэрэнітэту ў зьнешніх сувязях.

Усё будзе пастаўлена пад кантроль дзеля расейскіх інтарэсаў. Мацьвіенка яшчэ раз агучыла тое, пра што гавораць у Расеі: што Беларусь можна далучыць да Масквы без вайны. І гэта адзін з такіх крокаў. То эканоміка, то візы, то агульная фінансавая сыстэма. Карацей кажучы, гэта элемэнтарная частка страты сувэрэнітэту. Якое можа быць раўнапраўнае культурнае супрацоўніцтва з Расеяй? Ухіл ідзе ў адзін бок — усё ў інтарэсах Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG