Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнешнасьць у яе была даволі звычайная. Яна не была прыгажуняй, гэта дакладна. Але яна захапіла нас у палон на адлегласьці, праз цэнзурныя вушы нашай жалезнай заслоны. Сюзі Кватра. Гучала коратка і па-хвацку. Адкуль жа мы даведаліся аб ёй? Дзе ўзялі музыку? Ну, як гэта бывала тады: нейкі марак гандлёвага флёту вярнуўся ў Клайпеду, схаваўшы дзесь на судне ідэалягічна чуждую кружэлку. Пасьля праверкі цішком выняў яе са схованкі, так усе рабілі. Сеў неўзабаве ў аўтобус і апынуўся ў адпачынку ў родным Шаўляі. Дзе жылі мы, школьнікі, сярод іншых аматараў музыкі «з-за калючага дроту».

Прыкладу Сюзі нібы чакалі. На сцэне з нашым школьным гуртом, што грымеў па суботніх вечарах на танцах, сам сабой стварыўся другі — дзявочы. Паміж імі было сяброўства, каханьні, узаемадапамога. Дый інструмэнты былі адны на два гурты. Гралі, вядома, па чарзе. Кожнай хацелася быць у душы Сюзі. Але такой не было. Насатая дзябёлая Танька, «ударніца»? Рашуча не. Драбнатварая гітарыстка Наталька? Не-не, не яна. Твар, імя наступнай шчыра: забыліся. Але была яшчэ Марына, яна грала якраз на бас-гітары, як Сюзі. Марына была прыгажэйшай за яе, самай прыгожай у гурце. Але яна не была такой імпэтнай, як Сюзі Кватра.

Мы слухалі і не маглі наслухацца Сюзі, дзяўчаты старанна, хоць і ня вельмі пераканаўча стараліся яе капіяваць. Яна азначала для нас парушэньне застыглых рамак, зухавы рок, у рэшце рэшт свабоду. У тэлевізары перад безэмацыйнай публікай «зашпіленай на гузікі» выступалі манумэнтальныя кабеты з заежджанай кружэлкай: аб бясконцых прасторах Расеі, залатых хлябах налева і направа і рацэ Волзе. Праўда, на сцэне сьціпла паявіліся ў складзе ВІА паасобныя сьпявачкі, каб паведаміць пра «любоў, камсамол і вясну» ці пра сваю «грусть». Але нашай любоўю была бадзёрая Сюзі.

Жыцьцё не стаяла на месцы. Прыйшоў аднойчы час: я свабодна змог купляць CD з запісамі Сюзі Кватра. Але пазьнейшая музыка мне ўжо не падабалася, сьпявачка занадта «пасталела». Аднойчы яна наведае нават нашу сталіцу. Канцэрт у Палацы Рэспублікі! Але 550 кілямэтраў туды й назад, каб расчаравацца? Не, дзякуй, гэта не для мяне.

Я бяру сёньня першы альбом з назвай «Сюзі Кватра». Нясьціпла? Але тады так рабілі. Галоўнае: кожная песьня нечаканая. Абсалютна сьпелая, ні на што не падобная музыка. Высокі, рэзкі, востры як лязо жаночы голас, што зрываецца на крык. Так яшчэ ніхто не сьпяваў. Па кантрасту зь Сюзі ёй падпяваў зусім безэмацыйна яе гурт. Я называў гэта жартам «хорам хлопчыкаў». І не памыліўся. У тэкстах пазначана: chorus.

Аб чым яна сьпявала? Хапала, мабыць, даволі пустых слоў, «пра любоў і вясну», толькі без камсамолу. Але бывалі тэксты аб жыцьці моладзі, напісаныя, зразумела, на рокнрольны лад. «У Маторным горадзе, адкуль я родам, любяць гучную музыку. Узьнік Маторны горад на поўдні Іст-Сайду, Дэтройт яго імя». Сюзі стала для нас ідэалам дзяўчыны. Якая грае на бас-гітары і сьпявае. Адначасова. І як сьпявае!

Сюзі чакала мяне сёньня пад вокладкай апошняга нумару часопісу Polityka, яна запрашала на канцэрт у Варшаве: 7 ліпеня, прыяжджай!

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG