Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сэрыі перамог Клінтан абвясьціла пра дасягненьне «гістарычнай вехі»


Гілары Клінтан
Гілары Клінтан

Па выніках праймэрыз у аўторак экс-дзяржсакратар забясьпечыла сваё вылучэньне ад Дэмакратычнай партыі.

Гілары Клінтан у аўторак увечары абвясьціла пра сваю перамогу ў жорсткай барацьбе за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі. Яна стала першай жанчынай, якая ўзначаліць барацьбу адной зь вядучых палітычных партыяў ЗША за Белы дом.

«Дзякуючы вам мы дасягнулі гістарычнай вехі. Гэтая кампанія паказала, што няма ніякіх столяў і межаў, якія абмяжоўвалі б любога з нас, — сказала Клінтан, выступаючы ў Брукліне праз восем гадоў пасьля таго, як яна прызнала паразу ў першай спробе дамагчыся вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты.

Пасьля таго, як пачалі паступаць дадзеныя, якія паказваюць на пераканаўчую перамогу Клінтан, прэзыдэнт Барак Абама патэлефанаваў як Клінтан, так і яе дэмакратычнаму суперніку сэнатару Бэрні Сандэрсу, і павіншаваў іх з «правядзеньнем натхняльных кампаній, якія зарадзілі дэмакратаў энэргіяй», гаворыцца ў паведамленьні Белага дома.

Прэзыдэнт павіншаваў Клінтан з тым, што яна атрымала неабходную для намінацыі колькасьць дэлегатаў. У паведамленьні адзначаецца, што «яе гістарычная кампанія натхніла мільёны людзей».

Раней экс-дзяржсакратар ужо атрымала неабходную для намінацыі колькасьць дэлегатаў. Перамогі ў Нью-Джэрсі і Нью-Мэксіка ў аўторак павялічылі колькасьць дэлегатаў у яе актыве. Яна таксама лідзіруе ў Каліфорніі і Паўднёвай Дакоце.

Сандэрсу ўдалося перамагчы толькі ў Паўночнай Дакоце, і ён лідзіруе ў Мантане.

Бэрні Сандэрс
Бэрні Сандэрс

Белы дом паведаміў, што Абама сустрэнецца з Сандэрсам у чацьвер, каб «працягнуць іх размову пра значныя праблемы, якія стаяць на коне на выбарах у гэтым годзе».

У бліжэйшыя дні Клінтан давядзецца працаваць у двух кірунках. Яна павінна знайсьці падыход да захопленых прыхільнікаў Сандэрса, які настойвае, што ў яго ўсё яшчэ ёсьць шанец атрымаць намінацыю, і больш выразна пазначыць адрозьненьні сваёй пазыцыі ад плятформы верагоднага рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа.

«Стаўкі на гэтых выбарах высокія, і выбар ясны. Дональд Трамп паводле свайго тэмпэрамэнту не падыходзіць для таго, каб стаць прэзыдэнтам і галоўнакамандуючым», — сказала яна.

Цяжкі дзень для Трампа завяршыўся яго перамогамі ў Каліфорніі, Нью-Джэрсі, Нью-Мэксіка, Паўднёвай Дакоце і Мантане. На сваім пераможным мітынгу ён заявіў, што яго мэта — аб’яднаць людзей. Кандыдат паабяцаў, што ня будзе здавацца і не расчаруе сваіх прыхільнікаў.

Дональд Трамп
Дональд Трамп

«Разам мы зрабілі тое, што ніхто не лічыў магчымым. Вы ведаеце гэта, — сказаў Трамп. — Але мы толькі пачынаем, і ўсё будзе выдатна. Памятайце пра гэта».

За дзень да гэтага, паводле падлікаў Associated Press, Клінтан набрала 2383 дэлегаты, неабходныя для намінацыі. Наяўныя ў яе дэлегаты ўключалі як дэлегатаў, зьвязаных абавязацельствам галасаваць за яе па выніках праймэрыз і кокусаў у асобных штатах, так і «супэрдэлегатаў» — партыйных чыноўнікаў і асобаў, якія займаюць выбарныя пасады, якія могуць галасаваць за кандыдата на свой выбар.

Клінтан і Сандэрс змагаліся за перамогу ў Каліфорніі, імкнучыся завяршыць праймэрыз на высокай ноце. Аднак канчатковыя вынікі ў Каліфорніі будуць вядомыя ўжо пасьля аўторка: больш за палову каліфарнійцаў галасавалі па пошце, і такія бюлетэні будуць залічвацца, калі яны паступяць да пятніцы, калі былі адпраўленыя не пазьней за дзень галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG