Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павал Севярынец так шмат робіць дзеля Айчыны» — Маргарыта Тарайкевіч


Belarus - Marharyta Tarajkievic and Pavel Sieviaryniec

Belarus - Marharyta Tarajkievic and Pavel Sieviaryniec

«І гэта нармальна, што яму няма калі „займацца фэмінізмам“. Ён заслугоўвае ў гэтым нашмат больш прабачэньняў, чым любы іншы чалавек. У яго проста няма часу», — Маргарыта Тарайкевіч, якой Павал Севярынец прапанаваў напісаць заяву на выхад з партыі, заступілася за лідэра БХД.

Выйсьці з партыі палітык прапанаваў Маргарыце ў камэнтарах да яе блога на сайце «Беларускі партызан». У допісе сяброўка аргкамітэту незарэгістраванай партыі разважае над стаўленьнем хрысьціянаў да ЛГБТ.

«Я не пісала аніякіх адказаў на пытаньне, ці нармальна гэта — аднаполыя стасункі, аднаполыя шлюбы. У мяне насамрэч няма адказу, — Маргарыта Тарайкевіч тлумачыць, пра што хацела паразважаць у блогу. — Я проста бачу, што гэта тэма для вялікай рэфлексыі і што ў нас яе разумеюць вычварна. Думаюць, што гэта прапаганда распусты і ўседазволенасьці. А гэта іншае».

Па словах Маргарыты, гэта можа быць «трагічная памылка, але не ад распусты і ўседазволенасьці, а памкненьне — даць кожнаму чалавеку магчымасьць жыць шчасьліва». Таму для яе тэма правоў людзей з гомасэксуальнасьцю судакранаецца з фэмінізмам — ліквідацыяй дыскрымінацыі жанчын, і з супрацьдзеяньнем расізму і дыскрымінацыі іншых груп.

«Гэта барацьба за тое, каб ніякі чалавек ня быў дыскрымінаваны, няшчасны і ўшчэмлены ў сваіх правах, — лічыць Маргарыта. — Фэномэн у тым, што многія хрысьціяне зразумелі мае словы як заклік лічыць гомасэксуальнасьць нормай. Але я лічу, што гэтая тэма як тэма любові да чалавека — ня толькі грамадзкая, але і глыбока хрысьціянская, і яна патрабуе глыбокай рэфлексіі. Вось і ўсё».

31-гадовая Маргарыта Тарайкевіч — праваслаўная хрысьціянка, магістар сацыяльна-пэдагагічных навук. Ужо шэсьць гадоў яна жыве ў Бэльгіі і кажа, што за эмігранцкае жыцьцё паспрабавала рознай працы — ад прыбіральшчыцы да настаўніцы. Цяпер працуе ў школе выхавальніцай, чаму, як кажа, вельмі рада.

«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ў пэўны момант была для мяне агромнай крыніцай маральнай падтрымкі. Я адкрыла для сябе, што можна быць і хрысьціянінам, і знаходзіцца ў дэмакратычнай апазыцыі. Усё гэта цудоўна спалучаецца, за што я вельмі ўдзячная і спадару Севярынцу і іншым сябрам», — распавядае Маргарыта пра сваё стаўленьне да БХД.

Павал Севярынец у камэнтары для Радыё Свабода выказаў меркаваньні, якія выклікалі дыскусію на сайце і ў сацыяльных сетках.

«Вельмі шкада тых людзей, якія хварэюць на гомасэксуалізм, якія займаюцца фэмінізмам. На мой погляд, гэта няшчасныя людзі. Проста няшчасныя. Іх трэба шкадаваць і дапамагаць чым можна, каб яны сталі на шлях здаровага розуму. Ёсьць і страшнейшыя грахі, напрыклад, і нічым ня лепшая за гомасэксуалізм сужэнская здрада. Але рабіць з гэтага норму ня трэба і нельга. Гасподзь па-іншаму гэта зладзіў у сьвеце», — заявіў Павал Севярынец.

Маргарыта Тарайкевіч патлумачыла выказваньні лідэра партыі так:

«Спадар Павал столькі на сабе цягне — і піша тэксты, і шмат займаецца арганізацыйнай работай, столькі працуе на карысьць айчыны! Таму нармальна, што ў яго няма часу „займацца фэмінізмам“ — гэта азначае, унікнуць глыбока ў праблематыку фэмінізма, накірункі фэмінізма і іншыя антыдыскрымінацыйныя ідэі. Я думаю, што ён зразумеў гэтую тэму павярхоўна. І больш прабачэньняў заслугоўвае, чым любы іншы чалавек. У яго проста няма часу».

Сама Маргарыта паўжартам кажа, што ненаўмысна вынайшла «добры спосаб папіярыцца ў інтэрнэце:

«Гэта напісаць што-небудзь у абарону талерантнасьці. Чамусьці менавіта гэтая тэма выклікае ў беларусаў вялікую агрэсію», — кажа яна.

Ці выключылі яе з партыі, Маргарыта Тарайкевіч пакуль ня ведае:

«Мяркую, што калі большасьць сябраў БХД вырашыць, што для сябра прымальна толькі адмаўленьне нават магчымасьцяў дыскусіі на гэтую тэму, то тады, канечне, так — „мне паказалі на дзьверы“. Наколькі я са сваімі думкамі і ідэямі ўпісваюся ў БХД, хай партыя вырашае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG