Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра якія тэндэнцыі у амэрыканскім палітычным жыцьці кажа фэномэн адноснага посьпеху сэнатара Берні Сандэрса?

Цыганкоў: Былая Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан набрала галасы большасьці дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі і вельмі верагодна стане кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратаў. Гілары Клінтан валодае галасамі 1812 дэлегатаў і 572 супердэлегатаў, у той час як у сэнатара ад Вэрмонта Берні Сандэрса — 1520 дэлегатаў і 46 супердэлегатаў. «Супердэлегаты» — гэта былыя і цяперашнія дзеячы партыі, якія займаюць выбарныя пасады, а таксама партыйныя актывісты. Супердэлегаты не абавязаныя галасаваць за кандыдата, падтрыманага выбаршчыкамі ў ходзе праймэрыз.


Яшчэ летам на пачатку кампаніі, усё выглядала відавочным і перадвырашаным: безальтэрнатыўны фаварыт на намінацыю ад партыі — былая Дзяржсакратар і жонка былога прэзыдэнта Гілары Клінтан. І вялікай сэнсацыяй стаў адносны посьпех Сандэрса, які доўгі час ішоў у ровень зь Гілары. Кандыдат, які прэзэнтуе самы левы, дагэтуль фактычна маргінальны флянг дэмакратаў, які называе сябе «сацыялістам» — кінуў выклік кандыдатцы, якая мае палітычны вопыт, падтрымку Галівуда, шоў-бізнэсу і кіраўніцтва партыі.

Тэндэнцыі «палявеньня», якія назіраліся ў Эўропе, здавалася, не кранаюць Амэрыку

Такі посьпех Сандэрса, які называе сябе прагрэсіўным сацыялістам — было немагчыма ўявіць у Амэрыцы яшчэ 10–20 гадоў таму. Калі ўлічваць перамогу ў рэспубліканцаў Дональда Трампа, то можна канстатаваць, што з абодвух бакоў папулярнасьць набываюць крайнія пункты гледжаньня, якія яшчэ нядаўна лічыліся маргінальнымі. Амэрыканскія аналітыкі тлумачаць гэты трэнд зьмяншэньнем сярэдняй клясы ў выніку эканамічнага крызісу, які пачаўся ў 2008 годзе, і вынікі якога да канца не скончаныя.

Тэндэнцыі «палявеньня», якія назіраліся ў Эўропе, здавалася, не кранаюць Амэрыку. Але яны адбываюцца і ў амэрыканскім жыцьці. Усё большую папулярнасьць набываюць людзі, якія раней проста не былі прадстаўленыя ў рэальным палітычным жыцьці. Тэндэнцыі на абодвух палюсах сьведчаць, што адбываецца правальваньне цэнтрысцкіх кандыдатаў.

Многія тлумачаць гэта вынікамі эканамічнага крызысу, які пачаўся ў 2008-м годзе, сьляды якога дасюль назіраюцца, а таксама незадавальненьнем простых амэрыканцаў адрывам эліты, істэблішмэнту ад звычайных людзей. Барацьба з умоўным Вашынгтонам проста стала прыказкай, што ў Трампа, што ў Сандэрса. Гэта была ці не галоўная мішэнь іх рыторыкі.

Карбалевіч: Яшчэ зусім нядаўна, калі выявілася лідэрства ў рэспубліканцаў Дональда Трампа, шмат аглядальнікаў прадказвала перадвызначаную перамогу Гілары Клінтан ў спаборніцтве зь ім. Бо на фоне рэспэктабэльнай лэдзі скандальны рэспубліканец, здавалася, прайграваў.

Адносны посьпех Сандэрса сьведчыць пра узмацненьне сацыяльнай і палітычнай дыфэрэнцыяцыі ў ЗША

Але хутка выявілася, што Трамп сабраў неабходную колькасьць галасоў для вылучэньня на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі значна раней, чым Клінтан. І агульнанацыянальныя рэйтынгі Клінтан і Трампа зраўняліся. Адносны посьпех Сандэрса сьведчыць пра узмацненьне сацыяльнай і палітычнай дыфэрэнцыяцыі ў ЗША. На адным полюсе — мільярдэр Трамп, на другім — «сацыяліст» Сандэрс. Па-другое, у ЗША існуе шмат бедных. Краіна яшчэ не цалкам выйшла з крызысу 2007-2009 гадоў, ня стала на шлях устойлівага росту, як у часы прэзыдэнцтва Біла Клінтана.

Яшчэ адна больш глыбокая і далёкасяжная выснова. Мяняецца сацыяльна-дэмаграфічны склад США. Белыя пратэстанты, якія заклалі каштоўнасную аснову дзяржавы, на якой грунтуецца ўся сацыяльная, палітычная і маральная сыстэма Амэрыкі, робяцца меншасьцю. Гэта ня можа не ўплываць на грамадзка-палітычныя працэсы. І посьпех Сандэрса ў пэўным сэнсе адлюстроўвае гэтыя тэндэнцыі.

Дракахруст: Прыгадаю артыкул вядомага амэрыканскага палітоляга Фрэнсіса Фукуямы, які ён апублікаваў 3 гады таму. Ён называўся «Рэвалюцыя сярэдняй клясы». Тады ён апісаў шэраг пратэстаў, якія адбываліся ў розных краінах сьвету. Гэта і «арабская вясна», плошча Тахрыр у Эгіпце, плошча Таксім у Турэччыне, расейская Балотная плошча. Ён тлумачыў усё гэта адной зьявай сусьветнай: зьменай сацыяльнай структуры грамадзтва, крызысам даверу да ўлады, адчужэньнем. У тым артыкуле спадар Фукуяма пісаў, што не думайце, што гэта абміне ЗША і краіны Эўропы. Як бачым, як у ваду глядзеў.
Падобныя пратэсты не абавязкова адбываюцца ў форме рэвалюцый, плошчаў. Яны часам, як мы ведаем па нашым беларускім досьведу, адбываюцца ў выглядзе электаральнай рэвалюцыі. І мы яе насамрэч і назіраем у Злучаных Штатах. Як сказана ў Пісаньні, «апошнія сталі першымі». Маргіналы і на палітычным полі, і ў складзе сваіх партый аказваюцца цэнтральнымі асобамі.

Я не выключаю, што многія выбаршчыкі Сандэрса на выбарах прагаласуюць за Трампа

Яны ў чымсьці падобныя, нягледзячы на вонкавыя адрозьненьні. Яны падобныя ў сваіх філіпіках на адрас істэблішмэнту, Вашынгтону. Дарэчы, зьвяртаючыся да беларускіх выбараў 1994 году, я прыгадваю ацэнкі сацыёлягаў, паводле які х шмат хто з тых, хто на першым туры галасаваў за Пазьняка, на другім туры галасавалі за Лукашэнку.

Тое, што Пазьняк і Лукашэнка наконт многага казалі рэчы супрацьлеглыя, было насамрэч для гэтых людзей няважна. Важны быў «тэмбар голасу», абяцаньне, што «мы гэтым усім пакажам», вобраз «народных мсьціўцаў» эліце.

Я не выключаю, што многія выбаршчыкі Сандэрса на выбарах прагаласуюць за Трампа, таму што яны бачаць і ў адным, і ў другім таго, хто пакажа «гэтым усім» у Вашынгтоне. Так што прагноз Фукуямы наконт «канца гісторыі», мякка кажучы, не спраўдзіўся, а вось гэты прагноз аказаўся дакладным.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG