Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы сталі часьцей размаўляць па-ўкраінску


Грамадзяне Ўкраіны сталі часьцей размаўляць на ўкраінскай мове як дома, гэтак і на працы.

Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на апытаньне, праведзенае Цэнтрам Разумкова 11-23 снежня 2015 году ва ўсіх рэгіёнах Украіны (за выключэньнем Крыму і акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай вобласьцяў).

Большасьць — 60% — грамадзянаў, лічаць роднай мовай украінскую, 15% — расейскую, 22% — і ўкраінскую, і расейскую ў роўнай ступені, 2% рэспандэнтаў лічаць роднымі іншыя мовы.

Для параўнаньня, у 2006 годзе ўкраінскую мову як родную адзначылі 52% рэспандэнтаў, расейскую — 31%, украінскую і расейскую ў роўнай ступені — 16%, іншыя мовы — 1%.

На захадзе і ў цэнтральных рэгіёнах Украіны для большасьці роднай мовай з’яўляецца ўкраінская (адпаведна, 93% і 78%). На поўдні і на ўсходзе блізкія долі рэспандэнтаў называюць роднымі украінскую і дзьве мовы ў роўнай ступені (адпаведна, 35% і 38%, і 37% і 34%). На Данбасе адносная большасьць (40%) рэспандэнтаў лічаць роднай расейскую мову, дзьве мовы — 34%, украінскую — 20%.

Такім чынам, доля грамадзянаў, якія лічаць роднай мовай украінскую, а таксама дзьве мовы адначасна — павялічылася, а расейскую мову — зьменшылася.

Дома 44% рэспандэнтаў размаўляюць на ўкраінскай мове, 5% — пераважна па-ўкраінску. 13% апытаных кажуць дома на расейскай мове, 11% — пераважна на расейскай. 25% грамадзян маюць зносіны дома часам ўкраінскай, часам — на расейскай, 1,4% — на іншых мовах. У 2006 годзе 39% апытаных дома размаўлялі на ўкраінскай мове, 7% — пераважна на ўкраінскай, 15% — часам на ўкраінскай, часам — на расейскай, 28% — на расейскай, 10% — пераважна на расейскай.

40% апытаных маюць зносіны па-за домам на ўкраінскай мове, 6% — пераважна па-ўкраінску. 12% рэспандэнтаў маюць зносіны на расейскай мове, 11% — пераважна на расейскай. 29% рэспандэнтаў маюць зносіны на дзьвюх мовах — украінскай і расейскай.

Усяго было апытана 10 071 рэспандэнт ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасьць выбаркі — 1%.

XS
SM
MD
LG