Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычыны збройнага канфлікту ў Актэбэ, масавых хваляваньняў наконт зямельнага заканадаўства і справы высокапастаўленых змоўшчыкаў? Ці зьвязаныя гэтыя зьявы?

Дракахруст: У нядзелю у казахстанскім горадзе Актэбэ некалькі дзясяткаў чалавек абрабавалі дзьве збройныя крамы, затым, захапіўшы пасажырскі аўтобус, паспрабавалі атакаваць вайсковую частку. Атака была адбітая, аднак частка тых, хто нападаў, зьнікла ў невядомым кірунку. У перастрэлках у Актэбэ загінулі 17 чалавек, раненьні атрымалі 22 чалавекі.


Прадстаўнік МУС Казахстану Алмас Садубаеў заявіў, што тыя, хто нападаў, як мяркуецца, зьяўляюцца «радыкальнымі прыхільнікамі нетрадыцыйных рэлігійных плыняў».

Нейкая «Арміі вызваленьня Казахстану» ўзяла на сябе адказнасьць за падзеі ў Актэбэ. У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца, што гэта быў «першы бой прыхільнікаў дэмакратычнага шляху разьвіцьця Казахстану» супраць «дыктатуры зграі Назарбаева».

У панядзелак у Камітэце нацыянальнай бясьпекі Казахстану абвясьцілі аб прадухіленьні спробы дзяржаўнага перавароту, які, паводле спэцслужбы, узначальваў вядомы ў краіне прадпрымальнік, піўны кароль Тахтар Туляшоў. Арыштаваныя шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў, меркаваных саўдзельнікаў Туляшова.

Сярод арыштаваных — былы першы намесьнік генпракурора, былы чалец Канстытуцыйнай рады, былы начальнік дэпартамэнту ўнутраных справаў Паўднёва-Казахстанскай вобласьці, два камандзіра вайсковых частак рэгіянальнага камандаваньня «Поўдзень» Мінабароны Казахстану.

Тут хутчэй тыповыя дзеяньні аўтарытарнай улады — дыскрэдытаваць пратэсты

Сам Туляшоў знаходзіцца пад арыштам ад канца студзеня па абвінавачваньнях у захоўваньні наркотыкаў і фінансаваньні злачыннай групоўкі. У Казахстане толькі скончыліся масавыя хваляваньні, якія адбываліся апошнія месцы ў сувязі са зьменамі ў заканадаўства аб зямлі. Улада адступіла, ўвядзеньне ў дзеяньне паправак адкладзенае, ствараюцца пагаджальныя камісіі. Дарэчы, менавіта Туляшова і абвінавачваюць у фінансаваньні гэтых масавых выступаў.

Як ён, седзячы ў турме ўжо паўгода, мог кіраваць і фінансаваць выступы па ўсёй краіне — не зусім зразумела. Тут хутчэй тыповыя дзеяньні аўтарытарнай улады — дыскрэдытаваць пратэсты, знайшоўшы за імі нейкую «руку», ці то замежную, ці то сваю алігархічную.

Але арышт паўтузіна даволі высокіх урадоўцаў, у тым ліку і сілавікаў — гэта неяк непадобна на чысты піяр. Неабавязкова там сапраўды была змова, спроба дзяржаўнага перавароту, але безумоўна было нешта надзвычай сур’ёзнае. Усё ж у Казахстане зараз не 37-ы год. Ну і нарэшце Актэбэ. Толкам невядома, што гэтыя людзі, чаму яны пайшлі на такі дзёрзкі напад на дзяржаву. Ці сапраўды гэта ісламісты, ці зьвязаныя яны, і калі так, то як, з нядаўнімі масавымі пратэстамі і групай меркаваных змоўшчыкаў?

Ня ведаюць гэтага і адмыслоўцы, тым больш цяжка разабрацца нам. Але здаецца, што Казахстан уваходзіць у паласу палітычнай і сацыяльнай нестабільнасьці. Назапашанае незадавальненьне, супярэчнасьці перайшлі крытычную масу і выплюхваюцца ў самых розных формах.

І ў форме масавых пратэстаў з нагоды, якая пару гадоў таму іх не выклікала б, і ў форме ўзброеных нападаў ці то ісламістаў, ці крымінальнікаў, і ў форме расколаў уладнай эліты. І эліта, і народ разумеюць, што тэрмін Назарбаева ў агляднай пэрспэктыве скончыцца з натуральных прычынаў. І паказьнік гэтага адчуваньне — падобныя зьявы, зусім неабавязкова скаардынаваныя паміж сабой. Я асабіста мала веру ў нейкія змовы, ў «рукі» — як Вашынгтону, гэтак і Масквы. Канфліктам у такой краіне, як Казахстан, будзе складана кіраваць.

Цыганкоў: Мы ня можам меркаваць, як і міжнародныя, і казахскія экспэрты, што там адбываецца, таму лепш больш абачліва рабіць агульныя высновы. Яны красамоўныя.

Перш за ўсё Казахстан доўгі час лічыўся астраўком стабільнасьці ў Цэнтральнай Азіі, як і Беларусь (ну, думку Аляксандра Лукашэнкі) — ў Эўропе. Казахстан быў узорам аўтарытарнай рэканструкцыі. Калі ёсьць аўтарытарны лідэр, але ён прагрэсіўны, які дазваляе рабіць эканамічныя рэформы, падтрымлівае міжнацыянальныя еднасьць і мір, і вядзе сваю краіну да сьветлай рынкавай капіталістычнай будучыні.

Гэта кажа пра тое, што аўтарытарныя рэжымы не маюць стабільнасьці, на якую яны прэтэндуюць

Але сытуацыя пачала мяняцца ўжо напачатку нулявых гадоў. Там адбылася сэрыя тэрактаў, у апэрацыі супраць баевікоў у Акцюбінскай вобласьці ў 2011-м годзе ўлады вымушаныя былі задзейнічаць нават бронетэхніку, потым быў адзін экстрэміст, які ў горадзе Тэразе на поўдні краіны ўчыніў тэракт. Ну а потым — вядомыя падзеі масавых беспарадкаў у 2011-м годзе, якія скончыліся стралянінай і сьмерцю ўдзельнікаў.

Цяпер адбываюцца яшчэ больш радыкальныя падзеі. Гэта кажа пра тое, што аўтарытарныя рэжымы не маюць стабільнасьці, на якую яны прэтэндуюць. Разам з натуральным пастарэньнем лідэра многія кланы вакол пачынаюць думаць, што будзе далей, як бы адхапіць свой кавалак пірагу. І хоць аўтарытарны лідэр яшчэ здаровы і ёсьць дзейным кіраўніком дзяржавы, стабільнасьць ён, як высьвятляецца, не можа падтрымліваць, нягледзячы на ўсе зьнешнія прыкметы.

Азіяцкія краіны аўтарытарныя паводле гістарычных стэрэатыпаў, але і тут стабільнасьць расхістваецца, асабліва на сконе жыцьця лідэра. Я схільны лічыць гэтыя падзеі чыста ўнутрыказахскімі, той барацьбой розных сілаў, якія думаюць, што кіраваньне Назарбаева падыходзіць да канца, і чакаюць свае выгоды ад будучага палітычнага ўладкаваньня.

Варта зьвярнуць таксама ўвагу на тое, што Актэбэ — гэта захад краіны, дзе, як сьцьвярджаюць мясцовыя аналітыкі, даволі шмат нованавернутых у іслам людзей. Яны, як звычайна нэафіты, больш радыкальныя і больш прадстаўляюць пагрозу цяперашняй дастаткова сьвецкай сыстэме.

Карбалевіч: Апошнія падзеі ў Казахстане сьведчаць пра тое, што краіна перастае быць выспай стабільнасьці, якой яна прэзэнтавалася доўгі час. Акрамя масавых хваляваньняў з-за зямельнага пытаньня, зьявіліся яшчэ новыя дэстабілізуючы чыньнікі.

краіна перастае быць выспай стабільнасьці, якой яна прэзэнтавалася доўгі час

Па-першае, тэракт у Актэбэ. Можна меркаваць. што цяпер у ціхім і спакойным Казахстане таксама зьявіліся экстрэмісты. У суседнім Ўзбэкістане тамтэйшы рэжым выкарыстаў пагрозу радыкальнага ісламу, каб стварыць жорсткі аўтарытарны рэжым, у рамках якога забароненае ўсялякае іншадумства, палітзьняволеныя налічваюцца сотнямі, калі не тысячамі. Ёсьць пагроза, што выкарыстоўваючы гэтую нагоду з тэрактам ў Актэбэ, па такому шляху пойдзе і рэжым Назарбаева.

І вось новая інфармацыя. Камітэт нацыянальнай бясьпекі заявіў пра прадухіленьне дзяржаўнага перавароту. Факты, якія прыведзеныя ў якасьці доказу, даволі сумнеўныя. Галоўны арганізатар бізнэсовец Туляшаў арыштаваны ў студзені, а пра спробу дзяжперавароту аб’явілі толькі цяпер, праз паўгода, калі пачаліся хваляваньні і адбыўся тэракт у Актэбэ. Думаю, пра гэта аб’яўлена дзеля таго, каб разьвязаць ўладам рукі ў правядзеньні палітычных рэпрэсій.

ўвесь эканамічны посьпех Казахстана грунтаваўся на сыравіне

Але, зь іншага боку, заява пра спробу дзяжперавароту моцна б’е па іміджу ўлады. Чвэрць стагодзьдзя Назарбаеў ствараў стабільную дзяржаву. І вось на табе. Уся справа жыцьця — кату пад хвост. Бо ў стабільнай краіне дзяржпераварот не ладзіцца. Гэта ўдар і па інвэстыцыям. і па міжнароднаму аўтарытэту дзяржавы. Відаць, сытуацыя сапраўды дрэнная, калі ўлады наважыліся заявіць такія рэчы.

Доўгія гады існавала ўяўленьне, што Казахстан, — адна з нешматлікіх краінаў постсавецкай прасторы, якая змагла пасьля распаду СССР ажыцьцявіць мадэрнізацыйны рывок. Але, як толькі ўпалі ўсясьветныя цэны на нафту, ўсё пасыпалася. Высьветлілася, што ўвесь эканамічны посьпех Казахстана грунтаваўся на сыравіне.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG