Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак Аляхновіч на віцебскай сцэне 


Марыя і Міхась (Натальля Аладка і Раман Салаўёў).
Марыя і Міхась (Натальля Аладка і Раман Салаўёў).

Да 90-годзьдзя тэатру ў Віцебску.

Яна Шыдлоўская

Знакавая прэм’ера 90-га сэзону Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску — гэта спэктакль паводле твораў Францішка Аляхновіча «Цень думкі нашай...». Аднаактовая фантазія маладой рэжысэркі Ніны Обухавай сталася спробай перадаць агульную драму жыцьця чалавека і трагедыю ўласна драматурга, які быў зьвязаны з Віцебскам і яго тэатральным сьветам.

Францішак Аляхновіч і Віцебск

Коласаўцы нездарма згадваюць асобу Францішка Аляхновіча ў юбілейны для тэатру год. Сваёй працай драматург ускосна спрыяў яго ўтварэньню і асабіста прысутнічаў пры яго адкрыцьці.

Доўгі час жыцьцё Францішка Аляхновіча праходзіла паміж Вільняй і Менскам. У сярэдзіне лістапада 1926 году ўжо вядомы драматург і рэжысэр чарговы раз вяртаецца ў беларускую сталіцу. Уражаны станам мясцовага тэатру, ён мае намер застацца і працаваць на яго карысьць, атрымаўшы грамадзянства БССР.

Яго прыезд супадае з адкрыцьцём другога Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ-ІІ) у Віцебску, куды Аляхновіч запрошаны ў якасьці пачэснага госьця. У горад зьехаўся ўвесь літаратурна-мастацкі сьвет краіны. Тэатральны сэзон адкрывала п’еса Шэксьпіра «Сон у летнюю ноч». Сярод актораў трупы Аляхновіч пазнаў сваіх былых гадаванцаў з часоў «Беларускай хаткі», якія значна вырасьлі прафэсійна за час пяцігадовай стажыроўкі ў Маскве. Першае расчараваньне, аднак, адбылося неўзабаве: прамова, з якой мусіў выступаць Аляхновіч на цырымоніі адкрыцьця, так і не прагучала...

Тым ня менш, Францішка Аляхновіча прызначаюць літаратурным кіраўніком новага тэатру. Пасада была пазаштатная, з ганарарамі выключна за п’есы. Другому дзяржаўнаму тэатру Аляхновіч пасьпеў здаць сваю новую п’есу «На крэсах», якая, на вялікі жаль, не захавалася.

Наступны раз Аляхновіч прыедзе ў Віцебск летам 1927-га, але не як пачэсны госьць, а як асуджаны за шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы. Па дарозе ў Салавецкі лягер яго этап затрымаецца тут амаль на месяц. «...трэ было чакаць новых этапаў з розных бакоў, — напіша Аляхновіч у сваім самым вядомым празаічным творы „У капцюрох ГПУ“. — Лік нас, „салаўчан“, павялічыўся ўжо да пары сотняў асоб. Тут мяне спаткала прыемная неспадзеўка. Ад кагосьці, ня ведаю, ад каго, я атрымаў памідораў, гуркоў, кілбасы, сыру, белых булак. Мабыць, ад некага з Віцебскага тэатру». Зь лягеру Францішак Аляхновіч вернецца праз сем гадоў.

Матыльда і Сьцяпан (Ульляна Ацясава і Георгій Лойка).
Матыльда і Сьцяпан (Ульляна Ацясава і Георгій Лойка).

Фантазія ў адной дзеі

У аснове спэктаклю Ніны Обухавай «Цень думкі нашай...» ляжыць п’еса Францішка Аляхновіча «Цені». Напісаная ў 1919-м, яна стала працягам створанай годам раней драмы «Страхі жыцьця». Аб’яднаць гэтыя творы ў 90-я гады, калі забароненае імя Аляхновіча зноў загучала, удалося рэжысэру Мікалаю Трухану і трупе тэатра «Дзе-я?». Прэм’ера «Здань» адбылася ў Менску ў тэатральным сэзоне 1995-1996гг.

Першапачаткова трохактовая драма, па задумцы віцебскага рэжысэра, становіцца фантазіяй у адной дзеі. Спэктакль пачынаецца сцэнай абуджэньня маладой і прыгожай самотнай Матыльды, у якой з блізкіх засталася толькі старая лялька. Міжволі дзяўчыне давядзецца стаць адначасова сымбалем разбурэньня і надзеяй на лепшае жыцьцё. Патаемныя сілы вядуць яе ў горад, дзе калісьці маладой жыла яе маці, да дому, дзе цяпер зь сям’ёй жыве матчын былы каханы. Скрыпач Сьцяпан прыносіць з працы мізэрныя грошы, і жонка Марыя ахвотна здае Матыльдзе вольны пакой. Раней за бацьку з кватаранткай знаёміцца сын Сьцяпана і Марыі — Міхась. Гарбаты і не ўпэўнены ў сабе, ён, аднак, піша сьветлыя і праніклівыя вершы.

Яшчэ ня зьведаўшы каханьня, Міхась усім сэрцам цягнецца да Матыльды, аднак яна аддае перавагу Сьцяпану, якому дзяўчына нагадвае аб страчаным каханьні. Паміж імі ўспыхваюць пачуцьці. Марыя робіць марныя намаганьні разблытаць любоўны клубок і ўратаваць сям’ю. Ня прызнаны дзяўчынай Міхась сыходзіць з дому, а паміж Сьцяпанам і Матыльдай адбываецца фатальная размова. Зь яе вынікае, што Сьцяпан закаханы ў родную дачку, бо маці Матыльды — Ганна — і ёсьць тая жанчына, што калісьці разьбіла яму сэрца. Ці зможа Сьцяпан справіцца з ценямі сваіх думак і працягваць жыцьцё?

Матыльда зноў застаецца адна. Эмацыйна спустошаная, яна садзіць сваю старую ляльку, што суправаджае герояў на працягу ўсяго спэктаклю, за імправізаваныя краты. Увязьненая лялька сымбалізуе зьняволеную душу і адначасова паўстае вобразам Аляхновіча, з якім лёс гуляў, нібы з той лялькай.

Натальля Аладка ў ролі маці Марыі.
Натальля Аладка ў ролі маці Марыі.

Акторы і пэрсанажы

У спэктаклі «Цень думкі нашай...» задзейнічаны чатыры акторы коласаўскага тэатру. Ролю Сьцяпана выконвае галоўны майстар сцэны Георгій Лойка. Музыка, для якога скрыпка была захапленьнем, а стала праклёнам, хоча вярнуць мінулае, аднак набліжаючыся да яго, руйнуе сваё жыцьцё. Ён ня любіць свайго сына-гарбуна і бачыць у ім напамін аб уласных грахах.

Няшчаснага юнака з рамантычнымі памкненьнямі грае малады актор Раман Салаўёў. Вядомы прыгожымі марамі, Міхась сутыкаецца з суровай рэчаіснасьцю. Адлегласьць паміж ім і бацькам штодня расьце, канфлікт узмацняецца з прыходам у дом Матыльды. Яе ўвасобіла таленавітая акторка Ўльяна Ацясава.

Матыльда — загадкавая дзяўчына з усьмешкай Сфінкса, дзяўчына-мара, дзяўчына-фатум. Яна — сымбаль новай эпохі, надзея на лепшае жыцьцё. Яна — адплата за грахі, зробленыя ў маладосьці. Яна — напамін, што цені думак і ўчынкаў перасьледуюць нас усё жыцьцё.

Маці ў выкананьні вядучага майстра сцэны Натальлі Аладкі робіць намаганьні ўратаваць сям’ю. Марыя верыць у талент сына, яна ідзе за ім, калі той пакідае дом, моліцца за яго, калі ён трапляе за краты.

«У п’есе „Цені“ праглядаецца непасрэдная сувязь з уласным жыцьцём Аляхновіча, — перакананая рэжысэрка спэктаклю Ніна Обухава. — Прататыпамі герояў быў ён і яго сям’я. Міхась — гэта сам Аляхновіч, няздольны да дакладных навук, ён жыве марамі аб тэатры. Сьцяпан — бацька драматурга, Караль, прафэсійны скрыпач, ён граў у тэатральных аркестрах Вільні. Маці Аляхновіча насамрэч звалі Марыяй. Кім для яго была Матыльда? Напэўна, марай аб свабодзе, аб творчым палёце, аб прыгажосьці. І гэтая мара зламала яго жыцьцё. П’еса — гэта алегорыя лёсу Аляхновіча».

Вобраз Аляхновіча ў спэктаклі Ніны Обухавай перадаецца праз ляльку, якая напрыканцы апынаецца за кратамі. Гучаць малітва маці і словы Аляхновіча аб чалавечай сутнасьці, яго шкадаваньні, што ніколі ўжо яму ня быць на радзіме.

Восеньню 1933 года выменены на Браніслава Тарашкевіча Францішак Аляхновіч пакідае салавецкі лягер. Ён знаходзіць сілы зноў займацца тэатрам і неўзабаве стане першым у сусьветнай літаратуры, хто напіша пра жахі бальшавіцкага ГУЛАГу. Перакладзеная на многія мовы сьвету аповесьць «У капцюрох ГПУ» стане клясыкай лягернай прозы. А Францішак Аляхновіч ніколі ўжо не вернецца ў Беларусь.

Новы спэктакль віцебскага тэатру мае арыгінальнае сцэнічнае афармленьне. Мастаку Андрэю Жыгуру за кошт аб’ёмных і лёгкіх лесьвічных канструкцый удалося падзяліць сцэну на некалькі ўзроўняў. Гэта своеасаблівая падказка гледачу аб шматгранным прачытаньні п’есы, яе глыбіні, дзе раскрываюцца характары людзей, што жывуць у час, поўны страхаў і ценяў.

Спэктакль-фантазія «Цень думкі нашай...» — гэта дыплёмная праца артысткі і вядучага майстра сцэны Ніны Обухавай, выпускніцы рэжысэрскага аддзяленьня Беларускай акадэміі мастацтваў. Праца над пастаноўкай доўжылася цягам дзевяці месяцаў. Яе першы паказ адбыўся 11 сакавіка — праз два дні пасьля 133-й гадавіны з дня народзінаў драматурга.

Ульляна Ацясава ў ролі Матыльды.
Ульляна Ацясава ў ролі Матыльды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG