Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік «Стоп-бэнзіну»: З таго часу краіна зноў пакацілася ў бездань


Акцыя «Стоп-бэнзін» у Менску, 7 чэрвеня 2011 году

Акцыя «Стоп-бэнзін» у Менску, 7 чэрвеня 2011 году

5 год таму ў Менску прайшла масавая акцыя пратэсту, якая адзіная скончылася часовай перамогай.

Увечары 7 чэрвеня 2011 году на праспэкце Незалежнасьці прайшла акцыя «Стоп-бэнзін». На заклік ініцыятывы «За аўто», распаўсюджаным праз інтэрнэт, дзясяткі аўтамабілістаў трыма калёнамі даехалі да плошчы Перамогі і цырку, дзе зьнізілі хуткасьць да 20 кілямэтраў на гадзіну і гэтак замарудзілі рух па ўсім праспэкце амаль на 2 гадзіны.

Аўтамабілістаў падтрымлівалі сотні людзей на ходніках: пляскалі ім у ладкі, крычалі «Стоп-бэнзін», «Жыве Беларусь», размахвалі белымі стужкамі.

Супрацоўнікі ДАІ пачалі спыніць аўтамабілі. Гарадзкія міліцыянты, якімі камандаваў вядомы палкоўнік Яўсееў, затрымалі некалькі самых актыўных мінакоў. Усяго было затрымана 5 чалавек. Сярод іх быў і мінчанін Ігар, якога потым міліцыянты запісалі ў «арганізатары» акцыі, хоць ніякім арганізатарам «Стоп-бэнзіну» Ігар ня быў: проста як уладальнік «Гольфа» адгукнуўся на заклік «прыйсьці і выказаць пазыцыю».

У Ігара дагэтуль пра акцыю вельмі добрыя ўражаньні. Успамінамі пра яе ён ахвотна падзяліўся з карэспандэнтам Свабоды.

«Пачну з таго, што за папярэднія 20 гадоў гэта была адзіная масавая акцыя, якая прывяла да станоўчага выніку. Хоць бы і часовага. Мы пратэставалі супроць раптоўнага, амаль на 90%, падвышэньня кошту на бэнзін: з 5 тысяч паднялі адразу амаль на 9 тысяч. Мы выйшлі, выказалі пратэст — і неўзабаве кошт сапраўды зьнізілі, «адматалі» амаль да зыходнага.

Па-другое: як узьніклі наступныя «маўклівыя» акцыі? Чаму ў такой форме? Мяркую, менавіта падчас «Стоп-бэнзіну» людзі ўбачылі, што можна проста ісьці па ходніках, пляскаць у ладкі — і гэтак выказваць сваю пазыцыю. А міліцыя тады ня ведала, што рабіць, улады разгубіліся. Яны знайшліся толькі пасьля некалькіх «маўклівых» акцыяў. А пачыналася, лічу, усё з нашага «Стоп-бэнзіну».

Акцыя "Стоп бэнзін" у Магілёве

Акцыя "Стоп бэнзін" у Магілёве

Акцыя ў той дзень скончылася каля 9 гадзіны. Але Ігар тады ўжо ляжаў на падлозе міліцэйскага «буса». Яго затрымалі насупраць цырку.

Чаму менавіта яго? Мянчук згадвае, як адзін з амапаўцаў, якіх выклікалі на дапамогу, бо людзі з вуліц не разыходзіліся, пабег за актывісткай Алесяй Макась, а ён апынуўся на шляху і крыху затрымаў службоўца за плячо. У выніку апынуўся ў пастарунку разам зь іншымі затрыманымі — Алесем, Пашай, Дзімам, Алесяй.

Усіх потым судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а перад судом іх апытваў нехта малады з КДБ, які ўсімі камандаваў. Прапаноўвалі адно і тое ж: прызнаеце віну — 15 базавых штрафу, не прызнаеце — 20.

Яшчэ Ігар згадаў, як у Цэнтральным судзе Менску, куды іх прывезьлі раніцай наступнага дня, іх трымалі ў пакоі на падлозе, бо іншага месца ў гэтай установе для іх не знайшлося.

Затрыманьні падчас акцыі «Стоп-бэнзін» у Менску

Затрыманьні падчас акцыі «Стоп-бэнзін» у Менску

Супроць Ігара сьведчылі амапаўцы, якіх ён упершыню пабачыў у міліцэйскім аўтобусе, то бок сьведкамі ягонага ўдзелу ў акцыі яны ніяк не маглі быць. Потым у інтэрнэце Ігар знайшоў іх прозьвішчы: Зайцаў і Тукайла. «Вядомыя ілжэсьведкі», — падказаў інтэрнэт.

За «Стоп-бэнзін» Ігар атрымаў 20 базавых велічынь штрафу, тады гэта было 700 тысяч рублёў — даволі істотная для яго сума. Сплаціў штраф сам, хоць ведае, што іншым аштрафаваным звычайныя людзі праз інтэрнэт зьбіралі грошы на пакрыцьцё штрафаў. Але ён не крыўдуе, што не скарыстаўся дапамогай.

«Гэткі вынік — што людзі могуць быць салідарнымі, змагацца і перамагаць разам — для мяне галоўны ўспамін пра той «Стоп-бэнзін», — кажа Ігар.

Падчас акцыі «Стоп-бэнзін» у Менску, 7 чэрвеня 2011 году

Падчас акцыі «Стоп-бэнзін» у Менску, 7 чэрвеня 2011 году

Дарэчы, і пасьля сплаты штрафу міліцыянты ад Ігара не адчапіліся, а «паставілі» на нейкі свой улік і рэгулярна наведваюць у зьвязку з акцыямі апазыцыі. Прыкладам, заходзілі пасьля Дзядоў 2015 году. «Казалі, што прыйшлі проста пагаварыць. Але ў дом не пусьціў, сказаў, каб дасылалі позву», — кажа ўдзельнік «Стоп-бэнзіну».

Ну, а што цяпер? Ці можа здарыцца новы «Стоп-бэнзін»? Вызначаць гатоўнасьць цяперашніх менчукоў гэтак жа масава сабрацца на вулічную акцыю пратэсту, як 5 год таму, Ігар не бярэцца. На яго думку, шмат моладзі, якая тады брала ўдзел у «Стоп-бэнзіне», а потым у «маўклівых» акцыях, папросту зьехала з краіны, канчаткова ў ёй расчараваўшыся.

Прычыны для масавага незадавальненьня справамі ў краіне вялікія, мяркуе Ігар. «Краіна ж коціцца ў бездань», — кажа ён і, падумаўшы, дадае: «Калі прыдумаюць нейкую прывабную форму акцыі, то, магчыма, зьбяруцца і цяпер, бо пачуцьцё салідарнасьці ня зьнікла. Вось людзі ж чамусьці надзяюць вышымайкі — гэта ж ня проста моднае адзеньне».

Падчас адной з акцыяў. Кожны ўдзельнік запраўляў толькі 2 літры бэнзіну

Падчас адной з акцыяў. Кожны ўдзельнік запраўляў толькі 2 літры бэнзіну

Яшчэ адным затрыманым падчас акцыі «Стоп-бэнзін» быў прадпрымальнік Павал. Цяпер ён амаль зусім адышоў ад пратэстнага руху і падзеі пяцігадовай даўніны згадвае больш з гумарам.

«Памятаю, на допыце міліцыянт гэтак сур’ёзна мяне запытвае: „На што вы разьлічвалі? Няўжо вы сапраўды меркавалі, што пасьля вашай акцыі кошты на бэнзін „адкруцяць“ назад? Такога ж ніколі не бывае!“ Але мінула ўсяго некалькі дзён — і кошты адкруцілі. Ой, як мне тады хацелася пабачыць таго міліцыянта, каб запытаць, што цяпер скажа».

Кошты на паліва былі зьніжаныя 9 чэрвеня. Але і пазьней у ДАІ на размову выклікалі некаторых аўтамабілістаў, чые нумары міліцыянты зьнялі на відэа ў раёне плошчы Перамогі ўвечары 7 чэрвеня.

Акцыі «Стоп-бэнзін» праводзіліся ў Менску яшчэ двойчы. Падчас акцыі 21 ліпеня было затрымана 4 чалавекі, некалькі аўтамабіляў неабгрунтавана спынілі супрацоўнікі ДАІ на праспэкце Незалежнасьці. У канцы жніўня, пасьля чарговага, хоць і невялікага, усяго на 3%, падвышэньня кошту паліва, у Менску мелася прайсьці акцыя «Стоп-бэнзін 3». Але масавым на гэтай акцыі быў хіба што ўдзел супрацоўнікаў ДАІ, якія рэгулявалі рух па праспэкце, і міліцыянтаў у цывільным, якія назіралі за мінакамі.

У ліпені 2011 году «Стоп-бэнзін» саступіў месца іншай форме грамадзянскага пратэсту ў Беларусі — гэтак званым «маўклівым» акцыям. Людзі на іх зьбіраліся бязь лёзунгаў, прамоваў не рабілі, а на патрабаваньні міліцыянтаў разысьціся адказвалі дружным плясканьнем у ладкі. Між тым, паводле інтэрнэту, асноўным лёзунгам, які выводзіў людзей на «маўклівыя» акцыі, было патрабаваньне адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам ліпеня і пачатку жніўня такія акцыі прайшлі ня толькі ў Менску, але і ў большасьці абласных цэнтраў і ў некаторых раёнах, удзел у іх бралі тысячы. Лік затрыманых на «маўклівых» акцыях ішоў на сотні, прычым да суду затрыманых звычайна не адпускалі, а на судах каралі адміністрацыйнымі арыштамі, у лепшым выпадку — вялікімі штрафамі.

Таксама «маўклівыя» акцыі адзначыліся шматлікімі затрыманьнямі і нават зьбіцьцём журналістаў, якія іх асьвятлялі ў недзяржаўных мэдыях. Дзяржаўныя мэдыі гэтых падзей не заўважалі. Хваля «маўклівых» пратэстаў спынілася ў канцы жніўня, калі міліцыя пачала затрымліваць удзельнікаў толькі за тое, што тыя зьявіліся на вуліцы.

XS
SM
MD
LG