Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дружба народаў на гарадзенскіх вуліцах


Амэрыканцы ЗША — больш не «народ Беларусі», а проста ўдзельнікі сьвята
Амэрыканцы ЗША — больш не «народ Беларусі», а проста ўдзельнікі сьвята

У Горадні закончылася самая масавая і шумная культурная падзея мінулых выходных у Беларусі. ХІ фэстываль нацыянальных культур. Дзіўна, але па Радыё Культура раніцай аб гэтым — ні слова.

Можа таму, што кіраўніцтва рэспублікі не наведвае такое вясёлае і разнастайнае мерапрыемства? Гарадзенцы, зрэшты, могуць толькі парадавацца: як добра, што ў нас не «Славянскі базар!» Лукашэнка там рэгулярна адзначаецца. А значыць — паўсюдна процьма аховы, не прайсьці, не праехаць, як кажуць. Але таксама дзіўна: гарадзенскі фэст узьнік у эпоху Лукашэнкі, а сам ён ні разу не паказаўся, хаця пра дружбу народаў начальства любіць разважаць, яна — з тых сланоў, на якіх стаіць РБ.

Дваццаць год назіраю за сьвятам. Першы фэст адбыўся ў 1996-м. Пасьля гэтага яго праводзілі праз год рэгулярна, ні разу не прапусьцілі. Што сёлета адметнага? Першы раз фэстываль прайшоў пад патранатам ЮНЭСКА. На стаянцы можна было заўважыць некалькі машын са сталічнымі дыпляматычнымі нумарамі, але не адчувалася, што мерапрыемства прыцягнула, скажам, міжнародную грамадзкасьць. Хаця па завядзёнцы яшчэ паўтаралі, што сьвята — унікальнае, у сьвеце іншага такога няма. Язык стаміўся ад рытарычнага пытаньня: а вы ў сьвеце бывалі?

Зрэшты, заўважна паменшала «мэсіянства». Дагэтуль упарта абвяшчалася, што гэта фэст «народаў Беларусі». І гэтых народаў з кожным разам рабілася ўсё больш, паколькі па савецкай традыцыі ішлі «ад дасягнутага». У беларускія народы запісвалі вэнэсуэльцаў альбо нават англічан, зь якімі дружба была непараўнальна менш гарачая. Сёлета мне здалося: нарэшце галовы крыху астудзіліся і ўдзельнікаў сьвята сталі называць дыяспарамі, а не народамі. Ну сапраўды: калі вучацца ў нас студэнты з Шры-Ланкі, гэта выдатная нагода запрасіць іх да ўдзелу, але не прычына запісваць у «народы Беларусі». Альбо вось былі амэрыканцы (ЗША), ну як іх залічваць «у свае народы», можа абярнуцца скандалам!

Мне было прыемна прачытаць, што абласны начальнік сказаў літаральна, што фэст паспрыяе ўмацаваньню адзінства «нашага народу». Не «народаў Беларусі», як паўтаралася заўсёды раней. Напэўна пасьля Крыму і Данбасу сталі больш скрупулёзна падбіраць словы.

«Унікальны ў сьвеце» аднак па-ранейшаму цярпіць і на комплекс правінцыйнасьці. Галоўная вуліца гораду — Савецкая ў час фэсту была амаль непраходнай — па ёй крочылі шэсьці, аркестры, адбываліся прадстаўленьні, гандаль, яна была закаркаваная натоўпам. Было сьвяточна і цікава. Але арганізатары зноў (колькі ні пішы, толку ніякага!) упарта рэклямавалі вуліцу як «Гарадзенскі Арбат». Дагэтуль не пацікавіліся, што Савецкая была абвешчана пешаходнай у 1964-м, а Арбат стаў такім — у 1986-м. Дый дзе той Арбат? За тысячу кілямэтраў на ўсходзе, па дарозе ў Сыбір. А Горадня — у Эўропе, да Варшавы зусім недалёка.

А зараз пра станоўчыя зьмены. Першы раз за апошні час на фэсьце можна было свабодна дыхаць. Два гады назад я ня змог атрымаць ніякай прыемнасьці, засталася толькі прыкрасьць. Свабодна перамяшчацца было немагчыма, паўсюдна стаялі мэталічныя брамкі, купы міліцыянтаў, увесь цэнтар, плошчы, парк, былі перагароджаныя жалезнымі бар’ерамі. Я спэцыяльна ня браў ні рукзака, нічога, дык жа не: пакажы, што ў кішэнях! Што паказаць? Ключы, грошы? Цяпер такой атмасфэры паліцэйскай дзяржавы значна паменшала. Абгароджанай была толькі адна плошча Савецкая. Там стаялі людзі ў чорнай форме. А ў горадзе міліцыя была менш прыкметнай, афіцэры ў параднай форме, па два сям-там, зусім ня кідаліся ў вочы, не перашкаджалі людзям адпачываць.

Прыемна было адчуць сябе разам з іншымі гараджанамі нарэшце разьняволеным. Нарэшце ў вулічных кавярняў хапала месца ўсім ахвотным. Пад сьценамі КДБ смажылі шашлыкі, а на плошчы каля ленінскай статуі стварылі пад адкрытым небам часовую карчму на тысячу (ці каля таго) чалавек! Перад імі на сцэне выступалі танцоры і артысты.

На сьвяце быў толькі адзін «збой», чаго раней не здаралася. Апоўначы не было фэервэрку. Ён спазьніўся амаль на паўгадзіны. Многія кінулі чакаць і сталі разьяжджацца па дамах. Была палова першай ночы, а над Горадняй цягам дзесяці хвілін выбухалі нячастыя букеты салюту.

І нечаканая навіна: прадаваліся цішоткі з «Пагоняй», а калі нехта трапляўся ў такой на вуліцы, то міліцыянты праходзілі міма ці проста адварочваліся. Сам бачыў.

На сьвяце было многа прыгожых дзяўчат і жанчын. Напэўна, у кожнай дыяспары імкнуліся паказаць сваіх прыгажунь. Другая выснова: фальклёрны строй адпавядае сучаснай жанчыне, падкрэсьлівае яе прыгажосьць.
На сьвяце было многа прыгожых дзяўчат і жанчын. Напэўна, у кожнай дыяспары імкнуліся паказаць сваіх прыгажунь. Другая выснова: фальклёрны строй адпавядае сучаснай жанчыне, падкрэсьлівае яе прыгажосьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG