Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі генэрал: Расея паважае толькі сілу


Генэрал-лейтэнант Бэн Ходжэс
Генэрал-лейтэнант Бэн Ходжэс

Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе патрэбныя не сымбалічныя а рэальныя магутнасьці для стрымліваньня Расеі, заявіў камандуючы сухапутнымі сіламі ЗША ў Эўропе, генэрал-лейтэнант Бэн Ходжэс, які цяпер знаходзіцца ў Вільні.

Інфармацыйны рэсурс delfi.lt цытуе амэрыканскага генэрала, які заявіў у часе канфэрэнцыі «Умацаваньне моцы і стрымліваньня НАТO»: «Для стрымліваньня патрэбныя рэальныя магутнасьці, рэальныя баявыя арганізацыі, якія б прымусілі любога патэнцыйнага суперніка сказаць, што «ў нас можа не атрымацца», ці «мы не жадаем гэтага рабіць, бо страты будуць занадта вялікія».

Генэрал сказаў, што Расея патрэбна міжнароднай супольнасьці, аднак цяпер гэта немагчыма, таму што гэтая краіна «паважае толькі сілу». Ён заўважыў, што каля 7 тысячаў расейскіх салдат дысьлякаваныя ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Гэтыя тэрыторыі міжнародная супольнасьць лічыць тэрыторыямі Грузіі, акупаванымі Расеяй. Па словах Ходжэса, каля 20 тысячаў расейскіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў анэксаваным Расеяй Крыме, а на мінулым тыдні ва Ўсходняй Украіне, дзе дзейнічае замірэньне, у сутычках з прамаскоўскімі сэпаратыстамі загінулі каля 20 украінскіх вайскоўцаў.

Delfi.lt нагадвае, што пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе ў Балтыйскіх краінах была ўзмоцнена місія Балтыйскага паветранага патруля, была павялічаная колькасьць вайсковых вучэньняў у рэгіёне, адкрытыя невялікія штабы НАТО ў кожнай з Балтыйскіх краін. У Літву, Латвію, Эстонію і Польшчу ЗША накіроўваюць па роце вайскоўцаў, на аснове ратацыі. Рэагуючы на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, іншыя саюзьнікі таксама пачалі часьцей дасылаць сваіх вайскоўцаў на супольныя вучэньні, аднак робяць гэта нерэгулярна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG