Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напады ў Актэбэ: «Расейскі ўплыў тут ёсьць»


Удзельнікі нападаў у Актэбэ. Кадр з камэры відэаназіраньня.

Удзельнікі нападаў у Актэбэ. Кадр з камэры відэаназіраньня.

Напады ў казахскім горадзе Актэбэ — рэлігійныя экстрэмісты, інсцэніроўка Назарбаева ці «рука Масквы»? Вэрсіі і меркаваньне экспэрта.

Праваахоўныя органы Казахстану працягваюць вышук людзей, якія ўчынілі ў нядзелю напад на дзьве збройныя крамы і вайсковую частку ў горадзе Актэбэ (Акцюбінск) на паўночным захадзе краіны.

У выніку нападу, паводле апошніх дадзеных, загінулі 17 чалавек (у тым ліку 11 нападнікаў), дзясяткі параненыя. Улады краіны называюць гэта «тэрактам, які быў зроблены рэлігійнымі экстрэмістамі».

У інтэрнэце апублікавана паведамленьне групоўкі «Армія вызваленьня Казахстану», якая раней не абвяшчала пра сваё існаваньне. У паведамленьні яна бярэ на сябе адказнасьць за тое, што здарылася.

У інтэрнэце актыўна абмяркоўваюць самыя розныя вэрсіі таго, што здарылася. Многія карыстальнікі сацыяльных сетак выказалі здагадку, што да падзеяў у Актэбэ датычная Расея, і згадалі пра дзіўнае паведамленьне, якое было апублікавана 20 траўня на сайце ўраду суседняй з Казахстанам Арэнбурскай вобласьці Расеі. У ім паведамлялася «аб неадкладных мерах у сувязі з трагічнымі падзеямі ў паўночных раёнах Рэспублікі Казахстан», «накіраваных супраць расейскамоўнага насельніцтва». Улады Арэнбурскай вобласьці патлумачылі публікацыю «хакерскай атакай».

У паўночных і паўночна-заходніх раёнах Казахстану, у тым ліку ў Актэбэ, сапраўды шмат расейскамоўнага насельніцтва — сам Актэбэ перайшоў са складу РСФСР у новаствораную Казахскую ССР толькі ў 1936 годзе, а сваю цяперашнюю назву замест Акцюбінска атрымаў і зусім толькі ў 1999-м. Паводле неафіцыйных дадзеных, цяпер расейцы складаюць каля 17% насельніцтва гораду.

Інсцэніроўка ўладаў?

Яшчэ адна вэрсія падзей у Актэбэ цыркулявала пераважна ў казахскім сэгмэнце інтэрнэту — паводле яе, напад «рэлігійных экстрэмістаў» быў інсцэніраваны самімі ўладамі Казахстану, каб «закруціць гайкі» пасьля нядаўніх пратэстаў супраць зямельнай рэформы, якія сталі самымі маштабнымі народнымі выступамі супраць улады ў гэтай краіне за апошнія гады. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць паведамленьне Камітэту нацыянальнай бясьпекі Казахстану (КНБ), распаўсюджанае ў панядзелак. У ім гаворыцца, што гэтыя пратэсты былі «спробай дзяржаўнага перавароту ў краіне», які рыхтаваў бізнэсмэн Тахтар Тулешаў, затрыманы ў канцы студзеня паводле абвінавачваньня ў гандлі наркотыкамі і фінансаваньні дзейнасьці злачыннай групы. Зрэшты, ні слова пра сувязь гэтай гісторыі з падзеямі ў Актэбэ, у заяве няма.

Казахскі палітоляг Дасым Сатпаеў ня схільны перабольшваць верагоднасьць абедзвюх згаданых вышэй вэрсій — у процівагу афіцыйнай. У краіне і раней неаднаразова адбываліся напады прыхільнікаў ісламістаў на паліцэйскіх. Іншая рэч, што вэрсія аб дачыненьні Расеі да падзеяў у Актэбэ можа і не супярэчыць вэрсіі пра напад «рэлігійных экстрэмістаў» — можна ўспомніць, напрыклад, расьсьледаваньне агенцтва Reuters, у якім паведамлялася аб супрацоўніцтве ФСБ Расеі і ісламістаў напярэдадні Алімпіяды ў Сочы, у выніку якога расейскія спэцслужбы нібыта дапамаглі дзясяткам баевікоў зьехаць з Паўночнага Каўказа ў Сырыю.

Радыё Свабода: Вельмі шмат хто ў інтэрнэце ўспомніў публікацыю некалькі тыдняў таму на сайце ўраду Арэнбурскай вобласьці дзіўнага паведамленьня аб беспарадках у Паўночным Казахстане і зьвязалі ўчорашнія падзеі ў Актэбэ з Расеяй. Ёсьць здагадка, што гэта сапраўды інсцэніроўка, якая зьяўляецца часткай пляну Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі ў Паўночным Казахстане, у раёнах, населеных расейскамоўнымі грамадзянамі краіны. Вы гэта маеце на ўвазе, калі кажаце пра кансьпіралягічныя тэорыі?

Гэта ў першую чаргу зьвязана з ростам рэальных тэрарыстаў на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан.

Сатпаеў: Ня толькі гэта. Ёсьць нямала людзей, якія мяркуюць, што ўладам, магчыма, гэта было неабходна для таго, каб увесьці надзвычайнае становішча і ў нейкай ступені апраўдаць тое закручваньне гаек, якое яны распачалі ў адносінах да арганізатараў і ўдзельнікаў мітынгаў у канцы красавіка і 21 траўня супраць зямельнага кодэксу. Прыхільнікі гэтай тэорыі змовы зыходзяць з таго, што ўладам неабходна стварыць нейкую ілюзію пагрозы, каб адцягнуць увагу грамадзкасьці і прывязаць гэтыя тэракты да пратэстаў, якія нядаўна былі ў краіне. Я лічу, што тут адбылося зусім іншае. І гэта ў першую чаргу зьвязана з ростам рэальных тэрарыстаў на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан. Гэтай тэмай мы займаемся даўно — з канца 90-х гадоў. Яшчэ ў канцы 90-х гадоў мы актыўна заклікалі дзяржаўныя структуры зьвяртаць увагу на гэтую праблему. Зараз жа сытуацыя выйшла з-пад кантролю. І тое, што было ў Актэбэ, я лічу праявай тэрарыстычных дзеяньняў з боку грамадзян Казахстану. Самае сумнае, што, хутчэй за ўсё, гэты трэнд будзе і далей разьвівацца. Тым больш што арышты і затрыманьні прадстаўнікоў розных радыкальных структур ідуць ужо даўно практычна па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Гэта зьяўляецца доказам таго, што сытуацыя ўладамі не кантралюецца, а распаўсюджваньне радыкальнай сеткі ідзе даволі актыўна, у першую чаргу сярод моладзі...

Паводле афіцыйнай вэрсіі, тут быў сьлед менавіта Саіда Бурацкага, чые ідэі атрымалі падтрымку.

Зноў жа, калі казаць аб расейскім сьледзе, то, напрыклад, вызначаным фактам зьяўляецца тое, што ў свой час на Захадзе Казахстану актыўнасьць праяўляў так званы Саід Бурацкі, даволі вядомы прадстаўнік радыкальных кірункаў, які дзейнічаў на тэрыторыі Паўночнага Каўказу. Менавіта ідэі Саіда Бурацкага прывялі да таго, што на тэрыторыі Казахстану сталі зьяўляцца адны зь першых вельмі радыкальных структур такой жа накіраванасьці. Ня толькі на захадзе Казахстану, але і на поўдні. І, дарэчы, паводле афіцыйнай вэрсіі, гаварылася пра тое, што тут быў сьлед менавіта Саіда Бурацкага, чые ідэі атрымалі падтрымку. Выходзіць, што так, ускосна расейскі ўплыў тут ёсьць, але зноў жа я, як экспэрт, больш апэрую фактамі. А фактам зьяўляецца тое, што Саід Бурацкі сапраўды праводзіць тут актыўную місіянэрскую дзейнасьць, пасылаючы сваіх людзей, каб яны тут актыўна стваралі ячэйкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG