Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў судзяць за партрэты зьніклых на плошчы Перамогі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Партызанскім судзе Менску 6 чэрвеня пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы, пачатай супраць актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і незалежнай рэжысэркі Вольгі Мікалайчык. Чарговае паседжаньне адбудзецца 13 чэрвеня.

Актывістаў вінавацяць у вывешваньні 16 сакавіка ля стэлы на плошчы Перамогі партрэтаў зьніклых апанэнтаў улады — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Пад партэрамі памерам мэтар на два з паловай былі надпісы: «Дзе Захаранка?», «Дзе Завадзкі?», «Дзе Ганчар?», «Дзе Красоўскі?».

Вольга Мікалайчык сказала карэспандэнту Свабоды, што сёньня ў судзе паказалі відэа.

Вольга Мікалайчык
Вольга Мікалайчык

«Але цікава ня гэта. Высьветлілася, што цэлы месяц, з 16 сакавіка па 18 красавіка, супраць нас з Максімам была заведзеная крымінальная справа. Мы пра гэта ня ведалі і даведаліся толькі сёньня, што гэтая справа спыненая. Аказваецца, да мяне прыходзілі сьледчыя з Партызанскага РУУС, і мяне адзін раз не было дома, а другі раз я ім не адчыніла. Але ж нам усё ж павінны былі неяк паведаміць, што супраць нас была пачатая крымінальная справа. Але цяпер яна перакваліфікаваная ў адміністрацыйную — за хуліганку. Цяпер нас ужо вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага пікету.

Але я сёньня сказала ў судзе, што нават тыя людзі, якія ёсьць на відэа, ні ў чым не вінаватыя і яны нічога не парушылі. І я нічога не парушыла і ні ў чым не вінаватая і ня ведаю, чаму знаходжуся ў залі суду. А міліцыянты і судзьдзі будуць адказваць за парушэньне Канстытуцыі і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якая і мне, і тым людзям, якія былі на відэа, дазваляе і пікеты, і мірныя сходы, і акцыі, і свабоду майго сумленьня».

Разгляд справы сёньня адклалі, бо ў суд не зьявіліся сьведкі.

«Сьведкі — тыя, хто распачынаў справу. Амапаўцы прыехалі праз 50 хвілін пасьля таго, як зьявіліся партрэты на стэле. То бок людзей, якія павесілі партрэты, даўно ўжо там не было. І вось гэтыя амапаўцы будуць выступаць сьведкамі».

Справы Максіма Вінярскага і Вольгі Мікалайчык аб’яднаныя ў адну.

«Тое ж самае ў Максіма, мы выклікаемся па адной справе».

«Некалькі тыдняў таму вялікія партрэты зьніклых — Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага — былі разьмешчаныя актывістамі на мурах стэлы на плошчы Перамогі. Улады забралі жыцьцё людзей, а цяпер яшчэ і зьбіраюцца судзіць тых, хто супраць. Памятайма, каб не паўтарылася!», — напісаў у фэйсбуку Павал Пракаповіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG