Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь паказвае Расеі, што можа купляць электраэнэргію ва Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Украіна і Беларусь гатовыя аднавіць супрацоўніцтва ў энэргетыцы. Пра гэта сёньня паведамляецца на афіцыйным сайце Міністэрства энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны:

«Украінскі бок падтрымаў прапанову беларускіх калегаў па аднаўленьні працы ўкраінска-беларускай рабочай групы па супрацоўніцтве ў сфэры энэргетыкі».

Такое рашэньне прынялі ў Менску, які 6 чэрвеня наведала дэлегацыя ўкраінскіх энэргетыкаў на чале зь міністрам энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Іграм Насалікам. На перамовах бакі абмеркавалі тэхнічныя магчымасьці транзыту ўкраінскай электраэнэргіі празь Беларусь у Літву, забесьпячэньне паралельнай працы энэргасыстэм дзьвюх дзяржаў, а таксама атрыманьня аварыйнай дапамогі ў выпадку неабходнасьці.

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Экспарт украінскай электраэнэргіі ў Беларусь быў прыпынены ў лістападзе 2014 году — кажа Свабодзе экспэрт Тацяна Манёнак. — На пачатку 2015 году ў Менску вырашылі часова спыніць закуп энэргіі. Сёлета яе таксама ня сталі купляць. Тут некалькі прычынаў сышліся. Па-першае, нейкі час украінцам самім не хапала энэргіі. Па-другое, беларускія ўлады меркавалі транзытаваць украінскую энэргію ў Літву, не дамаўляючыся папярэдне з расейцамі. А беларуская энэргасыстэма ўтварае супольнае кальцо з расейскай. Ну, а ў Маскве, зразумела, не хацелі, каб украінцы атрымлівалі валюту зь Літвы. Тое на тое і набегла.

Цяпер Кіеў і Менск вяртаюцца да супрацы. Беларусі гэта дае добры шанец таргавацца з Расеяй за меншыя кошты на электрычнасьць. Мы можам сказаць Маскве: будзем імпартаваць энэргію адтуль, дзе яна таньнейшая. Фактычна гэта будзе вяртаньне да сытуацыі трох-чатырохгадовай даўніны. Тады мы куплялі болей электрычнасьці ва Ўкраіне. І гэта было выгадна абодвум партнэрам — і Кіеву, і Менску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG