Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг з ЭЗ па правах чалавека прыйшоў у Менск з трэцяга разу


7 чэрвеня Эўразьвяз і Беларусь правядуць у Менску трэці раўнд двухбаковага Дыялёгу па правах чалавека. Пра гэта Свабодзе паведамілі сёньня ў Прадстаўніцтве Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі.

Адметнасьць гэтай сустрэчы ў тым, што ў Менску такі раўнд адбудзецца ўпершыню, — падкрэсьліваюць у прадстаўніцтве Эўразьвязу. Прычым бакі абмяркуюць сытуацыю з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў Эўразьвязе. Таксама будзе разгледжана супрацоўніцтва ў справе забесьпячэньня правоў чалавека ў рамках міжнародных форумаў, у тым ліку праз такі мэханізм ААН, як Унівэрсальны пэрыядычны агляд.

Дзеля гэтага ў Менск сёньня прыляцела дэлегацыя Эўрапейскага зьвязу на чале з Томасам Майер-Хартынгам, кіраўнічым дырэктарам па пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Эўрапейскай службе зьнешняга дзеяньня. Яна сёньня сустракаецца зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і ягонай намесьніцай Аленай Купчыной, а таксама з памочнікам прэзыдэнта Беларусі па зьнешняй палітыцы.

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Рана ці позна сустрэча ў рамках Дыялёгу павінна была прайсьці на беларускай зямлі, і нарэшце яна тут пройдзе, — гаворыць свабодзе палітоляг Андрэй Елісееў. — Шчыра кажучы, я не чакаю ад трэцяга раўнду Дыялёгу чагосьці прарыўнога ў дачыненьнях афіцыйнага Менску і Брусэля. Думаю, што сёньня з боку Эўразьвязу прагучаць добра вядомыя усім нараканьні, а з боку кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі гэтаксама добра вядомыя адгаворкі.

Але Дыялёг — гэта інструмэнт доўгатэрміновага супрацоўніцтва Эўразьвязу і Беларусі. Гэта тая сфэра, дзе будуць праходзіць рэгулярныя сустрэчы. Таму, я думаю, трэба рыхтавацца да таго, што падобныя кантакты ў рамках Дыялёгу будуць праводзіцца гадамі».

У плянах дэлегацыі сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і міжнароднай супольнасьці. У прыватнасьці сёньня раніцай эўрапейскія чыноўнікі плянавалі правесьці размову зь лідэрамі палітычных партыяў Беларусі. Аднак з-за спазьненьня з прылётам у Менск гэтую сустрэчу перанесьлі на сёньняшні вечар.

XS
SM
MD
LG