Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абвінавачаны ў забойстве Балыкінай: «Забіў, але ад яе рэчаў атрымаць карысьці не меркаваў»


Дзьмітры Вішталюк

Дзьмітры Вішталюк

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс па справе аб забойстве вядомай спартсмэнкі, чэмпіёнкі Беларусі па лёгкай атлетыцы Юліі Балыкінай, якая была забітая ў кастрычніку мінулага году.

На лаве падсудных — былы блізкі знаёмы Балыкінай Дзьмітры Вішталюк. Паводле абвінавачаньня, Дзьмітры Вішталюк падчас сваркі, у стане наркатычнага ап’яненьня забіў Юлію Балыкіну, нанёсшы ёй больш за 11 удараў малатком па галаве і целе. Таксама Вішталюк абвінавачаны ў крадзяжы аўтамабіля ахвяры і яе маёмасьці.

Нарадзіўся ў цыганскім пасёлку пад Луганскам

Дзьмітры Вішталюк — 1987 году нараджэньня. Зь ягоных паказаньняў у судзе: «Нарадзіўся ва Ўкраіне ў Варашылаўградзе, цяпер гэта Луганск. Сям’я жыла ў цыганскім пасёлку на ўскраіне гораду».

Маці захварэла на рак, і яны пераехалі ў Беларусь — у Рагачоў. Але неўзабаве маці Дзьмітрыя памерла, і далей яго выхоўвала бабуля. Дзьмітры скончыў будаўнічы тэхнікум, прыехаў у Менск. Тут займаўся рамонтам кватэр. Жыў у Серабранцы, наймаў пакой. У студзені 2015 году на сайце знаёмстваў пазнаёміўся зь Юліяй Балыкінай:

«Спачатку перапісваліся, потым сышліся і пачалі жыць разам».

Юлія Балыкіна, архіўнае фота

Юлія Балыкіна, архіўнае фота

Вішталюк прызнаў віну ў забойстве Юліі Балыкінай у поўным аб’ёме, таксама прызнаў, што скраў яе аўтамабіль. Наконт крадзяжу маёмасьці прызнаў, што ўзяў гэтыя рэчы, але не ў карысьлівых мэтах.

«Ніякай выгады ад гэтай маёмасьці мець не зьбіраўся».

Аўтамабіль таксама, паводле ягоных словаў, браў ня ў мэтах завалоданьня. Як сказана ў абвінавачаньні, на аўтамабілі Балыкінай Вішталюк вывез цела ў лес, аўтамабіль кінуў непадалёк ад Жодзіна.

З абвінавачаньня:

«Пасьля забойства вымыў прыладу забойства. Загарнуў цела Балыкінай у поліэтыленавую плёнку і вывез у лес. Перашкаджаў праваахоўным органам шукаць цела Балыкінай».

Навошта браў залатыя ўпрыгожаньні?

У абвінавачаньні пералічаная маёмасьць, якую, паводле сьледзтва, скраў Вішталюк. Гэта залатыя ўпрыгожаньні (ланцужок, кулён, бранзалет за 500 даляраў, пярсьцёнак за 250 даляраў, пярсьцёнак-пячатка за 100 даляраў, пярсьцёнак з каменем за 150 даляраў), таксама паліто, торба за 25 даляраў, гаманец, 200 тысяч беларускіх рублёў. Да таго ж касмэтычка, дысконтныя карткі, мабільны тэлефон «Самсунг», аўтамабільны рэгістратар, флэш-карта, камплект ніжняй бялізны за 17 даляраў. Агульным коштам, паводле сьледзтва, Вішталюк скраў маёмасьці Балыкінай прыблізна на 34 мільёны беларускіх рублёў. Пра маёмасьць сказаў, што не зьбіраўся завалодаць ёю ў карысьлівых мэтах.

З-за чаго ўзьнік канфлікт, які закончыўся забойствам?

Забойства Юліі Балыкінай здарылася 28 кастрычніка. Паводле Дзьмітрыя Вішталюка, на той момант яны ўжо не жылі разам, бо пасварыліся, але працягвалі сустракацца. Яна прасіла адрамантаваць столь у ванным пакоі. Дзьмітры прыйшоў, але, працуючы, зачапіў і «пашкодзіў» столь. Балыкіна, паводле Вішталюка, пачала сварыцца — «перайшла на асобу».

У руках Дзьмітрыя ў той момант быў драўляны малаток, якім ён пачаў наносіць ёй удары. Спачатку 5–6 удараў, па галаве і руках. Яна ўпала на падлогу, пачала хрыпець. Хуткую дапамогу ён ня выклікаў, але чаму — цяпер не тлумачыць. «Магчыма, спалохаўся».

Ці ўжываў наркотыкі?

Кажа, што ў момант забойства ня быў у наркатычным стане, але час ад часу наркотыкі ўжываў. У кватэры знойдзены прылады для курэньня — «трубка з вадой». Прызнаў, што рэчы ягоныя. Паводле Вішталюка, Юля Балыкіна наркотыкаў не ўжывала.

Навошта схаваў цела?

Пасьля забойства Дзьмітры Вішталюк выбег з кватэры, бо, паводле ягоных словаў, спачатку ня ведаў, што рабіць. Паехаў на чыгуначны вакзал і да другой гадзіны ночы праседзеў там. «Думаў, што рабіць».

Потым вярнуўся ў кватэру Балыкінай. Нябожчыца ляжала на тым жа месцы ў ванным пакоі, дзе павалілася. Ён узяў у кладоўцы плёнку, якой раней абкручвалі канапу. «Узяў плёнку, загарнуў Юлю», — пры гэтых словах голас Дзьмітрыя Вішталюка задрыжаў. Відаць, што расказваць яму цяжка.

Памятае, што адмываў анучай ад крыві падлогу ў ваннай і калідоры. На камбінэзоне, у якім працаваў, былі сьляды крыві.

Калі закручваў цела, зачапіў залаты ланцужок. Тады падумаў зрабіць выгляд, нібыта Юля зьехала. Таму сабраў яе рэчы: упрыгожаньні, торбу, мабільны тэлефон.

Зьнёс рэчы ў аўтамабіль, падагнаў аўто да пад’езду і загрузіў туды цела Балыкінай.

«Паехаў па трасе да Лагойску. Ня ведаў, што рабіць. Праз навігатар абраў чыгуначную станцыю Смалявічы, каб там кінуць аўто і вярнуцца на электрычцы».

«Цела не закопваў»

Торбу Балыкінай Дзьмітры, паводле ягоных паказаньняў, выкінуў, ня ўзяўшы адтуль рэчаў. Да таго выкінуў у вакно аўто навігатар: «Напэўна, каб ня вылічылі».

Цела Балыкінай завёз у лес за вёску Старына Смалявіцкага раёну, закідаў мохам і гальлём, але — «не закопваў».

Паехаў да Жодзіна і непадалёк ад станцыі кінуў аўто, перад гэтым зьняў зь яго нумары. Калі ехаў на электрычцы, высьветліў, што ў кішэні засталіся ўпрыгожаньні. Вырашыў падкінуць іх у кватэру.

Пракурор: «Але навошта, вы ж хацелі імітаваць ад’езд Балыкінай з кватэры?» — «Ня ведаю».

Паводле Вішталюка, 30 кастрычніка брат сказаў, што сёньня будуць ускрываць кватэру Балыкінай. Тады ён прыехаў і пакінуў пакуначак з упрыгожаньнямі і ключамі ў пад’езьдзе Балыкінай на 2 паверсе.

«Толькі адзін пярсьцёнак зачапіўся і застаўся ў кішэні, выпадкова», — сказаў суду Вішталюк.

Пры аглядзе кватэры ён не прысутнічаў, яго адвезьлі для размовы ў міліцыю. Там яго «пачало трэсьці», ён прызнаўся, што забіў Балыкіну, і напісаў пра гэта яўку з павіннай.

Але месца, дзе схаваў цела, кажа Дзьмітры, дакладна ня памятаў і таму наўмысна ня блытаў міліцыю. Паводле Вішталюка, ён адразу называў вёску Старына. Праз 2 тыдні пасьля арышту да яго ў СІЗА прыходзіў супрацоўнік праваахоўных органаў, зноў распытваў пра месца, дзе схаваў цела. Праз навігатар вывучалі мясцовасьць, ён паказваў падобныя месцы, і на наступны дзень цела знайшлі.

У канцы паказаньняў папрасіў прабачэньня ў бацькоў Балыкінай. «Цалкам прызнаю сваю віну і раскайваюся. Разумею, што гэта нічога ня зьменіць, але хачу папрасіць прабачэньня ў бацькоў Юлі за тое, што зрабіў».

Пасьля пытаньняў судзьдзі Ігара Любавіцкага паведаміў, што ўжыў наркотык пасьля забойства Балыкінай у той жа дзень, 28-га кастрычніка. «Набыў 2 грамы гашышу ў знаёмага за 60 даляраў, і 0,5 грама ўжыў каля чыгуначнага вакзалу, увечары, у аўтамабілі». Наступны раз 0,5 грама ўжыў у Смалявіцкім раёне 30 кастрычніка, перад тым як пазбавіцца ад цела забітай, паведаміў Вішталюк.

XS
SM
MD
LG