Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Казахстану: напады арганізавалі «прыхільнікі радыкальных нетрадыцыйных рэлігійных плыняў»


Міністэрства ўнутраных справаў Казахстану абвінавачвае ў нападах на збройныя крамы і вайсковую частку Нацыянальнай гвардыі «прыхільнікаў радыкальных нетрадыцыйных рэлігійных плыняў» і сьцьвярджае, што 9 нападнікаў забітыя.

Казахскія праваахоўныя органы паведамілі, што 5 чэрвеня, калі ў памежным з Расеяй горадзе Актобэ адбылося некалькі нападаў на збройныя крамы і вайсковую частку, утрымалі сытуацыю пад кантролем. У нападах яны абвінавацілі групу «прыхільнікаў радыкальных нетрадыцыйных рэлігійных плыняў».

Міністар інфармацыі і камунікацый рэспублікі Даўрэн Абаеў заявіў, што паліцыянты затрымалі сем і забілі чатырох нападнікаў, цяпер вядуцца пошукі астатніх злачынцаў. Пазьней прэс-служба МУС Казахстану паведаміла, што «падчас начных апэратыўна-пошукавых мерапрыемстваў пры затрыманьні і аказаньні супраціву супрацоўнікам паліцыі былі ліквідаваныя яшчэ пяць злачынцаў і два затрыманыя». Разам, лік забітых нападнікаў вырас да 9 чалавек.

У злачынцаў канфіскавана вялікая частка выкрадзенай зброі. Асобы ўсіх, хто меў дачыненьне да разбойных нападаў, устаноўленыя, заяўляюць у ведамстве. Паводле зьвестак МУС, у нападах удзельнічалі 27 злачынцаў. У выніку налётаў загінулі шэсьць чалавек, у тым ліку тры вайскоўцы, раненьні атрымалі дзесяць чалавек.

У Казахстане ў нядзелю быў абвешчаны рэжым контртэрарыстычнай апэрацыі, жыхарам гораду не рэкамэндавалі выходзіць на вуліцы. Але ў сацыяльных сетках былі апублікаваныя шматлікія відэа і фатаграфіі здарэньня. На адным з відэа бачна, як з маршрутнага аўтобуса выбягаюць людзі, пасьля чаго аўтобус ад’яжджае з месца здарэньня.


На іншым відэа, выкладзеным на YouTube, захаваны прагляд на маніторы запісу камэры відэаназіраньня, дзе бачныя паўтара дзясятка ўзброеных людзей.


На фотаздымках таксама былі захаваныя узброеныя супрацоўнікі сіл бясьпекі ў розных месцах горада.

Актобэ знаходзіцца ў ста кілямэтрах ад мяжы з Расеяй. У 2011 годзе ў горадзе было зьдзейсьнены першы ў Казахстане напад тэрарыста-самазабойцы, які прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне ў будынку службы бясьпекі. Улады усклалі адказнасьць за гэты напад на ісламскіх радыкалаў.

XS
SM
MD
LG