Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік закону марыянаў Станіслаў Папчынскі стаў сьвятым


Папа Францішак.
Папа Францішак.

Кіраўнік рымска-каталіцкай царквы папа Францішак сёньня падчас урачыстай цырымоніі на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане прылічыў да ліку сьвятых заснавальніка ордэну марыянаў паляка Станіслава (пры нараджэньні — Яна) Папчынскага (1631–1701) і швэдзкую экумэністку Элізабэт Хэсэльблад (1870–1957). З гэтай нагоды на цырымонію на плошчы Святога Пятра сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Асабліва шмат паломнікаў прыбыло з Польшчы.

З імем польскага сьвятара Папчынскага зьвязана стварэньне першага ордэна на польскай зямлі — Ордэна айцоў Марыянаў. Элізабэт Хэсэльблад вырасла ў лютэранскай сям’і і стварыла ў Рыме каталіцкую кляштарную суполку, якая змагалася за адзінства хрысьціянаў.

Ордэн марыянаў заняпаў і быў наноў адроджаны у пачатку ХХ стагодзьдзя біскупам літоўскага паходжаньня Юрыем Матулевічам. У ордэн у часы Другой Рэчы Паспалітай уступілі і беларусы — айцы Язэп Германовіч, Андрэй Цікота, Фабіян Абрантовіч, Казімер Смулька, Віталіс Хамёнак, Язэп Дашута, Тамаш Падзява і многія іншыя. Існаваў кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі, адкуль яны ў 1930-я гады былі гвалтоўна выселеныя польскімі ўладамі.

Два марыяніны ўсходняга абраду — архімандрыт Андрэй Цікота і біскуп Часлаў Сіповіч — былі генэраламі гэтага ордэну.

Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек таксама зьяўляецца манахам-марыянінам.

Сёньня ў Беларусі таксама ёсьць маладыя сьвятары-беларусы лацінскага абраду, якія належаць да гэтага закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG