Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы акцыі павінны пазбавіць страху прадпрымальнікаў,» — Алесь Макаеў у Баранавічах


Прадпрымальнікі Алесь Макаеў (справа), Алесь Абрамовіч з Барысава і Мікола Чарнавус з Баранавічаў

Прадпрымальнікі Алесь Макаеў (справа), Алесь Абрамовіч з Барысава і Мікола Чарнавус з Баранавічаў

Адзін зь лідэраў пратэстнага руху прадпрымальнікаў Алесь Макаеў разам з Алесем Абрамовічам з Барысава зладзілі акцыю на рынку ў Баранавічах. Праз мэгафон актывісты заклікалі прадпрымальнікаў да аб’яднаньня.

Намесьнік старшыні руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаеў распавёў, што зараз адбываецца збор подпісаў за адмену ўказаў № 222 і № 48.

«Сёньня барацьба прадпрымальнікаў працягваецца. Дзякуючы страйкам, форумам прадпрымальнікі могуць працаваць, але, на жаль, праблема ня вырашаная. Калі пачнуцца праверкі, то сэртыфікаты большасьць прадпрымальнікаў ня мае. Не выключаю хвалі канфіскацыяў і штрафаў. Наша стратэгія — сабраць 50 тысяч подпісаў за адмену ўказаў № 222 і № 48».

Алесь Абрамовіч з блянкамі для подпісаў за адмену ўказаў №222 і №48

Алесь Абрамовіч з блянкамі для подпісаў за адмену ўказаў №222 і №48

Спадар Макаеў кажа, што подпісы будуць накіроўвацца ў Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, у парлямэнт і прэзыдэнту.

«Вельмі часта прадпрымальнікі баяцца ставіць подпісы, таму такія нашы акцыі ў фармаце „рупара“ мусяць пазбавіць страху прадпрымальнікаў і іх пакупнікоў».

Невялікая колькасьць гандляроў Баранавіцкага каапэратыўнага рынку падыходзіла паслухаць Алеся Макаева, большасьць слухалі яго выступ, знаходзячыся ў сваіх ятках.

У часе акцыі да актывістаў падыходзіў дырэктар рынку, які патрабаваў спыніць выступаць праз мэгафон. Спрабаваў дырэктар забараніць і журналістам здымаць акцыю «безь яго дазволу». Прэтэнзіі дырэктара былі праігнараваныя, і ён адышоў «выклікаць міліцыю».

Да выступоўцаў падыйшоў дырэктар рынку (з чырвонай тэчкай) і выклікаў міліцыю

Да выступоўцаў падыйшоў дырэктар рынку (з чырвонай тэчкай) і выклікаў міліцыю

Акцыю здымалі на камэру міліцыянты ў цывільным, якія знаходзіліся на рынку за некалькі гадзінаў да прыезду сюды Алеся Макаева.

Супрацоўнік у цывільным здымае выступоўцаў на відэакамэру

Супрацоўнік у цывільным здымае выступоўцаў на відэакамэру

Напрыканцы акцыі, пасьля тэлефанаваньня дырэктара рынку прыйшоў міліцыянт у форме, які перапісаў пашпартныя дадзеныя выступоўцаў.

Раней падобныя акцыі Алесь Макаеў з паплечнікамі ладзіў на рынках Барысава, Маладэчна, Жодзіна. Пасьля жодзінскага мітынгу некалькі чалавек адбылі па 2 суткак у ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым атрымалі вялікія штрафы.

XS
SM
MD
LG