Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коўш у сьпіну-2: У Маскве зьнясуць яшчэ 66 гандлёвых цэнтраў


У Маскве зьбіраюцца зьнесьці яшчэ 66 гандлёвых павільёнаў, кавярань, аўтамыек і кветкавых крам, пабудаваных з парушэньнем заканадаўства.

Пра гэта паведамляе газэта «Коммерсант» са спасылкай на крыніцу ў прадпрымальніцкі колах.

Паводле дадзеных выданьня, у сьпіс патрапіў, у прыватнасьці, гандлёвы цэнтр плошчай каля 1 тысячы квадратных мэтраў каля станцыі мэтро «Вуліца 1905 года». Гэтую інфармацыю пацьвердзіў адвакат Артур Айрапетаў, які прадстаўляе інтарэсы ўладальнікаў гандлёвага цэнтра.

Афіцыйна маскоўскія ўлады абвяргаюць існаваньне сьпісу з 66 аб’ектаў, якія падлягаюць зносу. Кіраўнік Дзяржінспэкцыі па нерухомасьці Масквы Сяргей Шагураў, заявіў «Коммерсанту», што не разумее, «адкуль бяруцца чуткі пра другую хвалю зносу».

У лютым 2016 года ў Маскве зьнесьлі каля 100 гандлёвых аб’ектаў, якія, паводле сьцьвярджаньня гарадзкіх уладаў, былi пабудаваны з парушэньнем заканадаўства. Пры гэтым у шматлікіх выпадках уладальнікі павільёнаў сьцьвярджалі, што ў іх ёсьць неабходная дазвольная дакумэнтацыя. Мэр Масквы Сяргей Сабянін назваў гэтыя дакумэнты «паперкамі, атрыманымі відавочна махлярскім чынам».

XS
SM
MD
LG