Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лепей хай ён прызначыць туды апазыцыянэраў, чым будзе зусім стэрыльная палата»


Чаму парлямэнцкія выбары, якія нічога ў Беларусі не вырашаюць у пытаньні разьмеркаваньня ўлады, раптам становяцца важным чыньнікам у дачыненьні Менску і Захаду? Ці можа прывесьці гэтая выбарчая кампанія да поўнай легітымізацыі Палаты прадстаўнікоў? Ці дапусьцяць улады апазыцыю ў Палату прадстаўнікоў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітоляг Андрэй Казакевіч і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Чаму выбары, якія нічога ў Беларусі не вырашаюць у пытаньні разьмеркаваньня ўлады, курсу замежнай і ўнутранай палітыкі, раптам становяцца важным чыньнікам у дачыненьні Менску і Захаду? Менавіта ад таго, як пройдуць выбары, Захад далей плянуе свае крокі ў магчымасьці паляпшэньня адносінаў. Нават павераны ЗША ў Беларусі нядаўна сказаў менавіта пра гэта — што рашэньне пра адмену санкцыяў ЗША будуць прымаць пасьля выбараў. Чаму выбары становяцца такой важнай тэмай у дачыненьнях Менску з Захадам?

Аляксандар Класкоўскі, архіўнае фота

Аляксандар Класкоўскі, архіўнае фота

Класкоўскі: Эўрапейскія палітыкі, якія сталі апошнім часам даволі частымі госьцямі ў Менску, у пэўнай ступені паставілі сваю палітычную рэпутацыю на гэты мяккі падыход да Беларусі, на палітыку «ўцягваньня». Так, улады прынялі пэўныя дэкаратыўныя зьмены — нават ня ў Выбарчы Кодэкс, а ў правапрымяняльную практыку, як кажа Лідзія Ярмошына. Але відавочна, што гэта дробныя і нават анэкдатычныя саступкі, кшталту «не з усіх бакоў будзем загароджваць стол зь бюлетэнямі, а толькі з трох». Гэта ўсё сьмеху варта, і відавочна, што ніякага прагрэсу тут ня будзе.

А вось калі ў новым складзе Палаты апынецца жменя апазыцыйных дэпутатаў — гэта ўжо будзе рэальная лічба, рэальны «прагрэс». І тут ужо гэтыя эўрапейскія функцыянэры могуць паставіць «птушачку», а беларускія ўлады — сабе залік. Так што сапраўды інтрыга існуе, і для ўладаў гэтыя выбары нешта значаць — хай сабе і ў рытуальным сэнсе. Невыпадкова Лукашэнка кожны раз цьвердзіць пра «экзамэн».

І для апазыцыі выбары маюць значэньне, фактычна ўсе адмовіліся ад ігнору, бо трэнінг структураў вельмі важны. Таму гэтыя выбары — фактычна адзіная падзея сыстэмнай палітыкі.

Андрэй Казакевіч, архіўнае фота

Андрэй Казакевіч, архіўнае фота

Казакевіч: Ёсьць такі прынцып: самыя важныя выбары — гэта найбліжэйшыя. Таму і такая ўвага да гэтай кампаніі. Калі па выніках гэтых выбараў будуць зацьверджаныя нейкія «станоўчыя» з пункту гледжаньня зьнешніх актараў тэндэнцыі, асабліва калі нейкая колькасьць кандыдатаў, якіх можна апазнаваць як апазыцыю, стануць дэпутатамі, — усё гэта будзе прызнавацца як «прагрэс» і посьпех палітыкі «ўцягваньня», якая зараз вядзецца.

Цыганкоў: Ці можа прывесьці гэтая выбарчая кампанія да поўнай легітымізацыі Палаты прадстаўнікоў, прызнаньня яе на міжнародным узроўні ў якасьці паўнавартаснага беларускага парлямэнту?

Класкоўскі: Легітымнасьць — паняцьце вельмі ўмоўнае. Лукашэнку таксама называюць нелегітымным, але гэта не замінае яму езьдзіць у Рым, — імаверна, і новыя паездкі будуць. Ці той самы дэпутат Рыгоні прыяжджае ў Менск і ладзіць тут сэмінар зь «нелегітымнымі» дэпутатамі. То бок частковае прызнаньне ёсьць дэ-факта і на сёньня.

У Эўропе таксама ж, магчыма, трошкі цынічна разважаюць — «лепей хай ён прызначыць апазыцыянэраў, чым будзе зусім стэрыльная палата». Трэба яшчэ ўлічваць шырэйшы геапалітычны кантэкст. Па вялікім рахунку, Эўропа зацікаўленая працягваць станоўчы трэнд зь Беларусьсю. Таму і падштурхоўваюць Лукашэнку — «ну зрабі ты гэты мінімум, і тады атрымаеш пэўныя бонусы».

Дарэчы, шмат будзе залежаць акурат ад таго, якія «бонусы». Калі будуць сьвяціць канкрэтныя грошы ці, зь іншага боку, калі Пуцін будзе надта націскаць і патрэбны будзе большая прастора для манэўраваньня — магчыма, гэта зробіць Лукашэнку больш гнуткім, і пару-тройку апазыцыянэраў ён можа ў палату і прызначыць. Найхутчэй, ён гэтае пытаньне сам яшчэ да канца ня вырашыў.

Таму для Лукашэнкі тут вялікая праблема — і хочацца падгуляць Эўропе, бо тады будзе лягчэй розныя матэрыяльныя пытаньні вырашаць. Але, зь іншага боку, нават тая ўмоўная «канструктыўная апазыцыя», якую ўсе бэсьцяць, кшталту «Гавары праўду», — усё адно будзе раздражняльнікам. Я б не сказаў, што на сёньня ў Андрэя Дзьмітрыева ці Тацяны Караткевіч нулявыя шанцы на трапляньне ў парлямэнт. Хаця яны і не высокія.

Цыганкоў: Дагэтуль беларуская Палата прадстаўнікоў не ўваходзіць у многія парлямэнцкія структуры. Ці магчыма, што гэта зьменіцца пасьля выбараў, на якіх будзе прызнаны «пэўны прагрэс»?

Казакевіч: Я думаю, цалкам магчыма. Тым больш што сапраўды, у некаторыя структуры ўключаецца парлямэнт Азэрбайджана, а не ўключаецца парлямэнт Беларусі, — хаця якая тут розьніца. Легітымнасьць палаты дэ-факта не аспрэчваецца, аспрэчваецца толькі легітымнасьць выбараў, іхняя адпаведнасьць дэмакратычным стандартам. Я думаю, калі ўсё-такі будзе прынятае рашэньне ўключыць некалькі апазыцыянэраў у склад Палаты — усе гэтыя пытаньні будуць зьнятыя. Я думаю, гэтае рашэньне будзе прымацца ў апошні момант, бо гэта будзе істотная зьмена на палітычным полі.

Цыганкоў: «Морквачак», прынад шмат для ўлады, каб гэта зрабіць. Але зь іншага боку, Лукашэнка памятае, колькі праблемаў яму прынесла нават кволая апазыцыйная група «Рэспубліка» ў Палаце прадстаўнікоў у пачатку нулявых — і яму чыста псыхалягічна цяжка гэта зрабіць. Што ж пераважыць — пернік ці адчуваньне небясьпекі?

Казакевіч: Хутчэй бы я паставіў на тое, што рашэньне дапусьціць у парлямэнт апазыцыю ня будзе прынята. Мы зараз знаходзімся ў сытуацыі крызісу, і парлямэнт можа стаць добрым трамплінам для нейкіх альтэрнатыўных сілаў. Па-другое, я думаю, што ўлада можа зрабіць, як у 2008 годзе — «так, мы ня супраць, каб была апазыцыя», але потым апазыцыйныя кандыдаты «прайграюць» у сваіх акругах. Маўляў, «так вырашыў народ», магчыма, нават будуць пададзеныя нейкія сацыялягічныя зьвесткі ў падтрымку. Такі сцэнар на сёньня мне падаецца больш верагодным.

Класкоўскі: Лукашэнка схільны перастрахоўвацца, хаця ставіць крыж на варыянтах пэўнай гульні я б ня стаў. Хто б мог прагназаваць, што ён выпусьціць Статкевіча, што ўжо год не разганяюць вулічныя акцыі. Так што пэўныя здольнасьці да гульні, калі прыцісьне, у яго ёсьць. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі будзе валіцца эканоміка і наколькі патрэбнае будзе выратавальнае кола ад Захаду.

Але шанец не вялікі. Найхутчэй, сапраўды, разьвядуць рукамі і скажуць «выбачайце, народ не прагаласаваў за гэтую „пятую калёну“». Калі ж раптам два-тры апазыцыянэры ў Палаце зьявяцца, то Захад ухопіцца за гэта рукамі і нагамі, бо сёньня ў падыходах Брусэлю да Беларусі пануе геапалітыка.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG