Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзявяты выпуск фатаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...», другі тур


Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ!

Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com ​

Камэнтуе пошту апошніх двух тыдняў вядучы Валер Дранчук.

Удзельнікі:

Сяргей Гудзілін
Марыя Мяжэньнікава
Тры здымкі ад вядучага
Мікалай Ільлючык
Міхал Капычка
Фота-sos ад вядучага


Шаноўныя сябры, чарговы этап фатаконкурсу я пачну з пажаданьняў новага сьвятла ў вашых камэрах. Няхай спрыяе лета, якое прыйшло! Дзякуй усім, хто да нас далучыўся і хто застаецца на нашай «хвалі». Графік аглядаў дасланай пошты крыху зьмяняецца, гэта значыць, з фататыдняў мы ад сёньня пераходзім да штодвухтыднёвых выпускаў, сустракаемся кожную другую суботу. Яшчэ папрацуем! Да 25 жніўня, калі журы назаве пераможцаў, вунь колькі сьвятла!

Незалежнасьць... на сваёй скуры? Тры здымкі ад Сяргея Гудзіліна

Другі тур конкурсу распачынае фатограф, да якога варта ўважліва прыгледзецца ўжо таму, што ён пакуль першы наш аўтар, які дзевяць гадоў таму браў удзел у фатаконкурсе Свабоды «Мая Беларусь» і меў там немалы посьпех (да гэтага конкурсу я пляную вярнуцца ў адным з наступных выпускаў). Яшчэ таму — што справу фатаграфіі Сяргей Гудзілін, дзякуй Богу, не пакінуў, пасьпеў адвучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, не адзін год працуе ў газэце «Наша Ніва», і тэма цяперашняга фатаконкурсу — у пэўным сэнсе тэма незалежнай беларускай фотапубліцыстыкі, значыць, яго таксама. Нарэшце, яшчэ і таму, што гэта ён, «амбіцыйны» Сяргей Гудзілін аднойчы сказаў: Беларусь — «адна з самых ня зьнятых краін сьвету». З аднаго боку, поўная рацыя, стымул браць на сябе. З другога... Можа, мы тая краіна, якая не стварыла сваю індустрыю паказу таго, што ўжо адзьнята руплівымі папярэднікамі?.. Наш конкурс і ёсьць пашырэньнем адзьнятай фотапрасторы, нашых з вамі стараньняў, сябры.

Сяргей піша:

«Гэтыя здымкі з сэрыі фатаграфій пра беларусаў, якія робяць сабе татуіроўкі нацыянальных сымбаляў — Пагоні і бел-чырвона-белых сьцягоў. Сэрыя называецца „Айчына на скуры“. Я здымаў іх 5 гадоў таму. На той час, калі інтэрнэт і сацсеткі не былі так шчыльна зьвязаныя з прыватным жыцьцём, гэта была бадай што інтымная тэма. Мае героі для мяне былі (і застаюцца) чымсьці ўнікальным у працэсах захаваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і нематэрыяльных сэнсаў».

«Незалежнасьць — гэта... заўсёды памятаць сваю гісторыю і дарагія сымбалі. Нават калі яны забароненыя. Нават, калі няма іншага выйсьця, чым захоўваць іх на ўласнай скуры».


Што да апошняга здымка, спадар Сяргей, я, прызнаюся, доўга ня мог знайсьці, як Вы кажаце, нематэрыяльнага сэнсу, цярпліва шукаў, а калі знайшоў, у незвычайнасьці й пікантнасьці «працэсаў» Вы мяне цалкам пераканалі. Спадзяюся, і нашы чытачы гэта ацэняць. Наогул, тут я адзначу найперш Ваш прафэсіяналізм. І безь ніякай усьмешкі. Магу толькі ўявіць, зь якімі цяжкасьцямі Вы сутыкаліся, ствараючы сэрыю.

Вёска Будзішча: жыць на мяжы з Расеяй — і заўсёды заставацца беларусамі


«Незалежнасьць — гэта... калі ты можаш рабіць, што захочаш. Захацела, бульбу пасадзіла, захацела агуркі».


Пошта ад Марыі Мяжэньнікавай з Гомлю. Ёй 24 гады. Пра сваю прафэсію ня піша. Да камэнтара надзіва ўдала падабрала словы Максіма Багдановіча зь ягонага чароўнага санэта, якія сугучныя і тэме папярэдняй фотападборкі: «Прыклаў я гэты сымбаль да сябе...» У Марыі іншая тэма, цалкам клясычная: прырода, людзі... і Чарнобыль. Яна наведалася ў вёску Будзішча ў Чачэрскім раёне, дзе сымбалем незалежнасьці вёскі, нягледзячы на ліха і «адсяленьне», застаецца найрэдкасная крыніца («...I разгадаў прыроды роднай словы»). Цытуем ліст Марыі:


«Мая спроба — дайсьці да сэнсу вялікіх паняцьцяў праз думкі простых людзей, жыхароў чарнобыльскай вёскі, праз іхныя адлюстраваньні на ўлоньні забранай радзімы зь яе ўнікальнай крыніцай. Схаванае ў лясах ды згубленае ў часе, Будзішча адшукаеш на самай мяжы паміж Беларусьсю й Расеяй. Ахвяра Чарнобылю, вёска амаль 30 гадоў як не павінна існаваць. А вось жа — трымаецца. Незалежная, з гонарам, а галоўнае, верыць, што заўтра будзе лепш, чым учора. У чым сакрэт гэткай стойкасьці? Мясцовыя жыхары называюць дзве прычыны.
Першая — гэта крыніца.

«Блакітная крыніца» ў вёсцы Будзішча. Чачэрскі раён, 2016

«Блакітная крыніца» ў вёсцы Будзішча. Чачэрскі раён, 2016



«У ёй вада ніколі не канчаецца, — пасьведчыла жыхарка Ганна Хомчанка. — Яшчэ ў Першую сусьветную тут коней паілі, як ішлі праз нашую вёску. Ідзе калёна, у студнях вады было не набрацца... А ў нашай крыніцы — колькі ня пі, вады ня меншала».

«Яна нам сілу дае, — пацьвярджае другая суразмоўніца Марыя Хомчанка. — У нас на вёсцы казалі, што да крыніцы заўсёды з павагай трэба адносіцца, бо яна рэагуе на дрэнных людзей. Калі хто злы паглядзіць на крыніцу, вада ў ёй цямнее».

Ганна і Марыя Хомчанкі. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён, 2016

Ганна і Марыя Хомчанкі. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён, 2016



«Незалежнасьць — гэта... калі жыць на мяжы з Расеяй і заўсёды лічыць сябе беларусамі, нават крыўдаваць, калі вас прыраўноўваюць да расейцаў»

Другая ж прычына жыцьцёвай сілы — свая зямля, месца, дзе нарадзіўся.

«Мне за 80 гадоў, — распавёў Іван Дзьмітравіч Кавалёў. — Дзе я толькі ня быў! І ў Сыбіры, і ў Азіі, раней жа Савецкі Саюз... — жыві дзе хочаш, адно працуй. А ўсё роўна час падышоў, і вярнуўся. Тут спакайней. І калі ў 90-я прыйшлі высяляць, нікуды не паехаў. Я тут нарадзіўся, тут і памру. А што мне гэтая радыяцыя, я яе не баюся — хай яна мяне баіцца» — жартуе стары.

«Час падышоў, і я вярнуўся. Тут спакайней...» Вёска Будзішча. Чачэрскі раён, 2016

«Час падышоў, і я вярнуўся. Тут спакайней...» Вёска Будзішча. Чачэрскі раён, 2016



Не магла я не спытаць у старых, што для іх незалежнасьць.

«Складанае пытаньне... — адказала Ганна Іванаўна. — Наш бацька ў 42-м загінуў... У вёсцы лютавалі фашысты, карны атрад, хлябнулі гора-пакутаў, усяго. Таму для мяне незалежнасьць — гэта жыцьцё бяз страху, што вайна пачнецца».


«Мы простыя людзі, пра гэта ня думаем, — уступіла ў размову Марыя Іванаўна. — Зь дзяцінства працуем. Я так думаю, незалежнасьць — гэта калі ты можаш рабіць, што захочаш. Захацела, бульбу пасадзіла, захацела агуркі. І табе ніхто нічога дрэннага за гэта ня скажа».


«А я так думаю, — кажа Іван Дзмітрыевіч. — Незалежнасьць — гэта права казаць тое, што думаеш. Толькі тут патрэбна акуратнасьць, — папраўляецца стары. — Вось я ўчора сваёй бабцы сказаў, што яна суп перасаліла, дык яна засердавала, маўляў, гатуй сабе сьнедаць сам. З гэтай свабодай слова трэба быць асьцярожным».


Зайшло і пра тое, што хоць і жывуць яны на мяжы з Расеяй, а расейцамі сабе ня лічаць, нават крыўдзяцца, калі іх прыраўноўваюць да расейцаў.

«Мы пражылі цяжкае, але добрае жыцьцё і ні пра што не шкадуем. Хіба пра адно — што памрэ наша вёска, а разам зь ёй і наша Крыніца!» — пачула на разьвітаньне.

Агароды. «Захацела, бульбу пасадзіла, захацела агуркі. І табе ніхто нічога дрэннага за гэта ня скажа...». Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2016

Агароды. «Захацела, бульбу пасадзіла, захацела агуркі. І табе ніхто нічога дрэннага за гэта ня скажа...». Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2016

Тры фатаздымкі ад вядучага

Да сюжэта дадам са сваіх назіраньняў і досьведу. У 2008 годзе я наведваўся ў Будзішча дзеля здымкаў крыніцы. І я параўноўваю: на той час яшчэ збольшага зруб (дарэчы, 8Х8 мэтраў па пэрымэтры) трымаўся, хоць і тады падумалася: абсунуцца сьцены — і зьдзічэе, «абрынецца» крыніца. Сёньня, бачу, становішча шмат пагоршала. Зрэшты, глядзіце, мяркуйце самі...

Валер Дранчук. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2008

Валер Дранчук. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2008

Валер Дранчук. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2008

Валер Дранчук. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2008

Валер Дранчук. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2008

Валер Дранчук. Вёска Будзішча. Чачэрскі раён Гомельскай вобласьці, 2008


Свой сярод чужых


Наш новы ўдзельнік — Мікола Ільлючык — даслаў падборку фатаздымкаў, як ён піша, «з розных афіцыйных мерапрыемстваў». Спыняемся на двух найбольш характэрных момантах, якія і ўрачыстымі нельга назваць, а тое, што бачым, — хутчэй, манэкены і маскі псэўдадзяржаўнасьці, пад якую гоняць народ. Сваю формулу незалежнасьці аўтар высноўвае на тым аптычна-мэханічным успрыманьні, калі «вока ловіць спалучэньні колераў, якія павінны быць звыклымі і ўжывацца ў нацыянальнай сымболіцы».

«На жаль, піша ён, сёньня гэта проста выпадковасьць, а хочацца, каб гэтыя колеры панавалі».

Бел-чырвона-белая «радасьць».

Бел-чырвона-белая «радасьць».

Некалі так і будзе! Заўсёды.

Некалі так і будзе! Заўсёды.



Міхал Капычка — адзін з актыўных удзельнікаў фатаконкурсу. Тэма прыроды, сьвет чысьціні і дабрыні відавочна пераважаюць у ягоных падборках. Па выніках першага тура Міхал стаў адным з чатырох пераможцаў. Сёньня ён працягвае знаёміць нас з даробкам творчай шуфляды, сюжэтамі розных гадоў: паэтычнымі фотасканаваньнямі станаў і зьяў прыроды — залева, досьвітак, захад сонца, месячнае гало...

«Незалежнасьць — гэта... павага, шанаваньне і падзяка Богу за такі цудоўны свет прыроды вакол мяне».

Залева ў Пячэрскім лесапарку пад Магілёвам. 27.05.2015

Залева ў Пячэрскім лесапарку пад Магілёвам. 27.05.2015

Досьвітак. Царства расы ў Пінскім Палесьсі. 26.08.2009

Досьвітак. Царства расы ў Пінскім Палесьсі. 26.08.2009

Дняпроўскі захад сонца непадалёк Магілёва. 11.07.2015

Дняпроўскі захад сонца непадалёк Магілёва. 11.07.2015

Абуджэньне. У лесе каля Крыніцы. Магілёў,11.05.2013

Абуджэньне. У лесе каля Крыніцы. Магілёў,11.05.2013

Месячнае гало над зімовым лясным возерам. 26.02.2015

Месячнае гало над зімовым лясным возерам. 26.02.2015


Спроба кантрапункту

Яшчэ адзін здымак ад вядучага

Гледзячы на прыгожыя Боскія творы прыроды, якія даслаў Міхал Капычка, можна і ўсумніцца, ці не занадта аддалена і абстрагавана мы лучым вечна чароўныя вобразы з нашай недалужнай беларускай незалежнасьцю, якую здабываем ва ўмовах стратаў і барацьбы. Мяркую, што не...Проста трымаю ўвагу, актуалізую момант. Дый, па-другое, дэкляраваная канструкцыя аўтара, несумненна, шчырая і ўдзячна чалавечная, падумалася, не выключае кантрапунктаў у зносінах з прыродай, калі чалавек моцна зрушвае яе стан і гармонію, ганьбіць і забівае адвечныя скарбы. Вось што мне даў досьлед у сеціве. Гэта таксама Пячэрскі лес. Той самы, пад Магілёвам.

Здымак зь сеціва. Сьметнік у Пячэрскім лесе. 2015

Здымак зь сеціва. Сьметнік у Пячэрскім лесе. 2015

Да сустрэчы! Убачымся!

Ліставаньне

Юр’ю А. з Маладэчна. Вашы працы «Багна», «Старыя могілкі», нават «Вольнае неба» па-свойму цікавыя і вобразныя, няблага скампанаваныя, аднак іх цяжка суаднесьці з умовамі конкурсу, такое ўражаньне, што Вы даслалі іх вельмі адвольна, уважаючы хіба на агульнабеларускі кантэкст, а не трымаючыся больш вузкіх праекцый. Добрае ўражаньне пакідае хіба фатаздымак «Першыя крокі», аднак без адпаведнага камэнтара ён застаецца не больш, чым удалым фотаэцюдам. Калі жадаеце прадоўжыць спробы на ўдзел у конкурсе, уважліва прачытайце нашы першыя выпускі, а таксама адмысловы выпуск з вынікамі першага туру, дзе лепшыя працы пераможцаў дастаткова актуалізаваныя аўтарскімі камэнтарамі.

Уладзімеру Б. з Горадні. Здымкі выбарчай хронікі, несумненна, запатрабаваныя конкурснай праграмай. На жаль, тое, што Вы даслалі, выглядае вельмі статычна і часам сумна, безь цікавых ракурсаў, кампазыцыйных рашэньняў. У Вашым актыве сюжэт з «тэмпэрамэнтным пэрсанажам», які мы пакуль не выстаўляем, — няхай лепшае зьбярэцца ў падборку. Паспрабуйце яе напоўніць. А вось камэнтар Ваш спадабаўся. Посьпехаў!

Увагі


· Наступны выпуск-агляд плянуем 18 чэрвеня; каб патрапіць у наступную галерэю, дасылайце працы да серады 15 чэрвеня ўлучна — гэта поўныя дзесяць дзён часу.

· Агулам у нас шэсьць штодвухтыднёвых суботніх выпускаў: 18 чэрвеня, 2, 16 і 30 ліпеня, 13 і 27 жніўня. У панядзелак 22 жніўня мы вымем з фатаскрыні нашага конкурсу апошнюю пошту, каб 25 жніўня падвесьці вынікі другога тура. Сябры, наперадзе больш як два з паловай месяцы, каб злавіць момант, прыдумаць цікавую мэтафару, прыадчыніць заслону часу ў пошуку рэтралетапісу-25 — і перамагчы. Не прапусьціце магчымасьць. Жадаю плёну!

· Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі першага і другога тураў (статус удзельніка замацоўваецца за аўтарамі здымкаў, якія паказаны ў нашых выпусках) атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі з бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас; хто дасылае, таксама пра гэта паклапаціцеся наперад. Загадзя ўдзячны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG