Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр дасягнуў 20 тысяч рублёў. Ці можна меркаваць, што курс нацыянальнай валюты пахіснуўся і зноў можа стаць нестабільным?

Цыганкоў: Ад пачатку тыдня курс даляра да беларускага рубля вырас да 20 тысяч рублёў, прыблізна на 2 працэнты. З чым зьвязанае гэтае аслабленьне? Як лічаць экспэрты, прычынай гэтаму — найперш падзеньне расейскага рубля за апошнія два дні. Аналітыкі лічаць, што пры сёньняшняй цане нафты 50 даляраў за барэль расейскі рубель будзе арыентавацца на верасень на цану 70 рублёў за даляр (цяпер — 66 рублёў). І гэта, паўтаруся, пры цане нафты 50 даляраў. А яна ж можа і ўпасьці —росту фактычна ніхто цяпер не чакае.

Выглядае, што істотнага падзеньня беларускай нацыянальнай валюты чакаць ня варта, але і для кардынальнага ўмацаваньня падставаў больш няма. Варта нагадаць, што нядаўна намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко заявіў, што «даляр знайшоў калідор і наўрад ці вырасьце вышэй за 21 тысячу». Сярод пазытыўнага можна адзначыць тое, што беларускія ўлады відавочна зьменшылі «шырокую» грашовую масу. Ад пачатку году яна скарацілася на 15 трыльёнаў рублёў. Гэта ці не адзіны станоўчы чыньнік, які паўплываў на ўмацаваньне беларускага рубля, якое мы назіралі апошнія месяцы.

Але цяпер гэтае ўмацаваньне скончылася, відавочна вычарпаўшы свой рэсурс. Калі казаць пра сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую пэрспэктыву курсу беларускага рубля, то нейкага злому ў стратэгічнай тэндэнцыі на падзеньне, аслабленьне рубля не відаць.

Выглядае, што істотнага падзеньня беларускай нацыянальнай валюты чакаць ня варта

Выразны глыбінны чыньнік — тое, што беларуская эканоміка ў рэцэсіі. Натуральна, што гэта не спрыяе доўга- і нават сярэднетэрміновай пэрспэктыве ўмацаваньня рубля. Але калі нічога ня зьменіцца ў даволі строгай манэтарнай палітыцы, выглядае, што рубель ня будзе і моцна падаць.

Глод: Больш дакладна рабіць прагнозы на гэтую тэму, мне падаецца, можна было б, калі б у Беларусі быў рынкавы курс валют. Фармальна ён існуе. Пасьля дэвальвацыі беларускага рубля напрыканцы 2014 — на пачатку 2015 году ўлады прынялі рашэньне перайсьці да плаваючага рынкавага курсу беларускага рубля. Фармуецца ён пад уплывам попыту і прапановы замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы.

Але, як і можна было чакаць, дзяржава не сышла цалкам з валютнага рынку. Нацыянальны банк час ад часу паведамляў, што ў асобныя месяцы ён скупляе замежную валюту на ўнутраным рынку. І ў гэты час было даволі прыкметна, што курс рубля на біржы рэгулюецца.

Усё гэта азначае, што Нацбанк можа дзейнічаць (і ён гэта робіць) на свой розум. Гэта значыць, курс беларускага рубля ў Беларусі фактычна ня рынкавы, а рэгуляваны. Толькі парамэтры рэгуляваньня не зададзеныя, а магчымасьці для інтэрвенцыяў вельмі абмежаваныя.

Курс беларускага рубля ў Беларусі фактычна ня рынкавы, а рэгуляваны

Таму, каб адказаць на пытаньне Віталя Цыганкова, трэба ведаць пляны ўраду і Нацбанку. І хоць прагназаваць курсы валютаў — справа рызыкоўная, я думаю, што яшчэ як мінімум месяц абвалу беларускага рубля ня будзе. Чаму? Таму што 22 чэрвеня адкрываецца Ўсебеларускі народны сход. І перад яго пачаткам улады ня пойдуць на абвал нацыянальнай валюты. Гэтаксама як і адразу пасьля сходу, бо гэта быў бы выклік насельніцтву.

А што будзе далей, залежыць ад тых чыньнікаў, якія тут ужо пералічвалі. Плюс яшчэ адзін, пра які не гаварылася. А гэта — замежныя крэдыты. Невядома, як вырашыцца пытаньне з пазыкай Міжнароднага валютнага фонду, як рэгулярна будуць паступаць наступныя траншы Антыкрызіснага фонду. Адзінае, што ясна — сярэдняе значэньне курсу даляра, якое закладзенае ў бюджэт на сёлетні год, будзе карэктавацца. Бо суадносіны 18 700 беларускіх рублёў за 1 даляр, зразумела, ужо забясьпечаныя ня будуць.

Карбалевіч: Тут мы назіраем злом заканамернасьці, якая ўсталявалася з таго моманту, калі Нацбанк адправіў беларускую валюту ў свабоднае плаваньне. Заканамернасьць была такая. Абменны курс беларускага рубля быў жорстка прывязаны да цэнаў на нафту. Дарэчы, як і расейскі рубель, які займаў ільвіную долю ў беларускім валютным кошыку.

Але вось цяпер гэтая тэндэнцыя зламаная. Усясьветныя цэны на нафту растуць. Яны ўжо перасягнулі 50 даляраў за барэль. Аднак гэта выклікала не ўмацаваньне беларускага рубля, як раней, а наадварот, яго аслабленьне.

Даляр знайшоў калідор, у якім цяпер вагаецца. Гэта 19—20—21 тысяча.

Прычыны гэтага працэсу розныя. Адна зь іх, як адзначаюць экспэрты, напрыклад, Вадзім Іосуб, — умацаваньне самога даляра, выкліканае чаканьнямі росту працэнтнай стаўкі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША. У чэрвені ці ў ліпені гэтая стаўка можа быць павышана. Адпаведна, з пачатку траўня даляр расьце да большасьці сусьветных валютаў, і гэты рост, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца.

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Дзьмітры Кійко 25 траўня заявіў: «Мая асабістая думка, што даляр знайшоў калідор, у якім цяпер вагаецца. Гэта 19—20—21 тысяча. І, думаю, па выніках году ён гэтых велічыняў не перавысіць».

У значнай меры курс беларускага рубля залежыць ад курсу расейскага рубля. А тут прагнозы супярэчлівыя. Некаторыя прагназуюць рэзкае падзеньне расейскага рубля. Тут шмат залежыць ад таго, як сябе будуць паводзіць цэны на нафту. Учора краіны АПЭК абмяркоўвалі гэтую сытуацыю і ніякага рашэньня не прынялі. Таму прагназаваць нафтавыя цэны не адважыцца сёньня ніхто.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG