Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. «Гэта чарговы рэпрэсіўны орган», — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Адзіны антыманапольны орган — міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю — ствараецца на базе міністэрства гандлю Беларусі.

Адпаведны ўказ «Аб органах антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю» падпісаў 3 чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

У склад міністэрства перадаюцца дэпартамэнт цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі, а таксама ўпраўленьні антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкамаў і менскага гарвыканкаму.

Асноўнай мэтай новага міністэрства будзе «вырашэньне праблемы абароны ўнутранага рынку рэспублікі шляхам стварэньня роўных канкурэнтных умоў для ўсіх яго ўдзельнікаў».

Ці можа гэта сьведчыць пра пачатак нейкіх рэформаў? На гэта эканаміст Сяргей Балыкін сказаў карэспандэнту Свабоды:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Сама ідэя досыць добрая, трэба было б стварыць нейкі антыманапольны орган. Але стварэньне яго на базе самага савецкага, самага, магчыма, карумпаванага і контрарэфармісцкага міністэрства нічога ня дасьць. Заяўка добрая, а вынік будзе як заўсёды. Няма разуменьня таго, што ёсьць рынак наогул і якім павінен быць рынак у Беларусі. Да таго ж антыманапольнае заканадаўства ў нас вельмі недасканалае. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе нейкі новы рэпрэсіўны орган, які будзе цкаваць гандляроў, разбураць гандлёвыя сеткі, неяк зь імі ваяваць. Але ж манаполія ў нас найперш ня ў гандлі, а ў жыльлёва-камунальнай сфэры, у транспарце і шмат дзе яшчэ. Так што атрымаецца яшчэ адна рэпрэсіўная ўстанова, якая з дапамогай рынкавай рыторыкі будзе змагацца з сапраўдным рынкам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG