Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі тэлеканал загадваў паказваць уцекачоў як пагрозу


Чэскі тэлеканал TV Prima апынуўся ў цэнтры скандалу на фоне паведамленьняў аб тым, што яго кіраўніцтва загадала сваім журналістам асьвятляць міграцыйны крызіс як пагрозу нацыянальнага маштабу.

TV Prima апынуўся пад агнём крытыкі пасьля зьяўленьня зьвестак аб тым, што на рэдакцыйным нарадзе ў верасьні летась журналістаў нібыта інструктавалі, што міграцыйны крызіс варта паказваць у нэгатыўным ключы.

На таемна зробленым запісе верасьнёўскага сходу TV Prima, цяпер апублікаваным на сайце Hlidacipes.org, можна чуць, як рэдактар аддзелу навін тэлеканалу кажа журналістам, што ўцекачоў варта паказваць як нацыянальную пагрозу. Нязгодным зь яго пазыцыяй рэдактар парэкамэндаваў пачаць пошукі новай працы.

Намесьнік старшыні Рады дырэктараў кампаніі і адначасова ўладальнік тэлеканалу таксама вельмі недвухсэнсоўна патлумачыў журналістам, як варта асьвятляць гэтую тэму. Лубаш Етмар ахарактарызаваў цяперашнюю сытуацыю з уцекачамі як патэнцыйны «пачатак канца» і заявіў пра нежаданьне бачыць сваю дзевяцігадовую дачку да 20 гадоў у паранджы. Ён выказаў свае асьцярогі аб тым, што міграцыйны крызіс можа стаць «значна больш сур’ёзнай праблемай, чым мы сабе гэта ўяўляем».

Выкрыцьцё TV Prima справакавала бурную дыскусію аб тым, як міграцыйны крызіс асьвятляўся чэскімі СМІ. Паводле дадзеных нядаўняга апытаньня, больш за 70 адсоткаў чэхаў цяпер лічаць, што ўсе замежнікі, што жывуць у краіне, уяўляюць сабой пагрозу для нацыянальнай бясьпекі.

Тэлеканал TV Prima спачатку абвінаваціў Hlidaciрes у спэкуляцыях, але ўрэшце апублікаваў заяву па гэтым пытаньні. У ёй сьцьвярджалася, што асьвятленьне навін было «заснавана на незалежным апісаньні падзей», а верасьнёўская нарада праводзілася з мэтай «фармаваньня зразумелага і пасьлядоўнага падыходу да... бягучых праблемаў уцекачоў». Таксама адмаўлялася, што журналістам было загадана прадстаўляць інфармацыю пра мігрантаў з адмоўнага боку.

Разам з тым Рада па радыё і тэлевяшчаньні Чэхіі паведаміла, што тэлетрансьляцыі TV Prima аб сытуацыі з мігрантамі «залішне ігнаравалі пэрспэктывы саміх уцекачоў і замест гэтага малявалі іх як праблему для эўрапейцаў».

У сьвятле публікацый Hlidaciрes чэскі орган, які рэгулюе вяшчаньне, паабяцаў правесьці яшчэ адзін падрабязны аналіз тэлевізійных навін аб міграцыйным крызісе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG