Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праваслаўныя актывісты» хочуць забараніць гурту «Ленінград» выконваць у Новасібірску песьню «У Піцеры — піць»


Сярей Шнураў

Сярей Шнураў

Так званыя «праваслаўныя актывісты» хочуць забараніць гурту «Ленінград» сьпяваць песьню «У Піцеры — піць». Гэтыя самыя «праваслаўныя» раней адзначыліся нападкамі на пастаноўку опэры Вагнэра «Тангойзэр» у Новасібірскім опэрным тэатры. Генпракуратура Беларусі ў 2012 годзе прадпісала Сяргею Шнураву не мацюкацца на канцэртах.

Сваё патрабаваньне аб канцэрце «Ленінграду» два рэгіянальныя лідэры руху «Народный собор» — піцерскага і новасібірскага — адправілі 30 траўня мэру Новасібірску і адміністрацыі палацу спорту.

Тэкст звароту на афіцыйным блянку санктпецярбургскага аддзяленьня руху ўжо разьмешчаны і ў інтэрнэце. Зь яго можна даведацца, чаму «абразьлівую і правакацыйную песеньку» пад назвай «У Піцеры — піць» трэба забараніць. Кіраўнік новасібірскага аддзяленьня руху Юры Задоя патлумачыў асаблівую ўвагу да песьні «У Піцеры — піць» так:

«Апошнімі днямі да мяне зьвярнулася адразу некалькі чалавек з просьбай неяк адрэагаваць на тое, што да нас прыяжджае гурт „Ленінград“. Як вядома, гэты гурт перайшоў усе межы прыстойнасьці, выпусьціўшы кліп, дзе ёсьць прапаганда алькагалізму і гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады, а таксама нецэнзурная лаянка. І ў нас ёсьць асьцярога, што на канцэрце такая лаянка таксама будзе. Акрамя таго, у кліпе высьмейваецца паліцыя і фармуецца нэгатыўнае стаўленьне да праваахоўных органаў».

Пры гэтым адмяніць канцэрт супольнікі не патрабуюць, хоць самі ісьці на яго зусім не зьбіраюцца. Нават для таго, каб праверыць, ці выканае іх патрабаваньні гурт «Ленінград»:

«Мы патрабуем не забароны канцэрту, а толькі выкананьня закону. Мы спадзяемся, што ў Новасібірску зьнявагі закону ня будзе, — заявіў Юры Задоя. — Нам ня ўсё роўна, што ў нас адбываецца ў грамадзтве, мы выступаем за вялікую і моцную Расею. А калі ў нас будуць мацюкацца ў грамадзкіх месцах, то Расея ня будзе ні моцнай, ніякай. Мы гэта добра разумеем усе. Таму такога роду сьпевакі ў двукосьсі і дзеячы культуры ў двукосьсі павінны адчуць на сабе сілу закона і грамадзкай думкі».

Забараняць што-небудзь — для Новасібірску справа ўжо амаль звыклая. Той самы Юрый Задоя стаў вядомы пасьля леташняга скандалу з пастаноўкай опэры Рыхарда Вагнэра «Тангойзер» у Новасібірскам опэрным тэатры. Менавіта найбольш актыўна выступаў супраць гэтага спэктаклю, спасылаючыся на яго «мярзоту і блюзьнерства». Праваслаўныя актывісты тады зладзілі сэрыю гучных пікетаў перад уваходам у тэатар і дамагліся, урэшце, свайго: спэктакль з рэпэртуару зьнялі, а дырэктара тэатру Барыса Мездрыча звольнілі.

Пакуль гэта — галоўная перамога новасібірскіх змагароў за маральнасьць. Хоць у іх скарбонцы ёсьць яшчэ і дробныя «дасягненьні» накшталт адмены канцэрту Мэрыліна Мэнсана у тым самым Палацы спорту або польскага гурту Behemoth ў адным зь мясцовых рок-клюбаў.

Пасьля «папярэджаньня» ад мэрыі PR-агент «Ленінграду» Дзьмітры Гугучкін сказаў у інтэрвію Свабодзе: «зь песьні слоў ня выкінеш, таму наўрад ці мы будзем нешта мяняць»:

«Праграма ў нас загадзя не плянуецца. Кожны раз праграму вызначае Сяргей падчас канцэрту. Таму і тут мы нічога загадзя не плянуем, усё адбываецца ў працэсе канцэрту. І ў прынцыпе, мне здаецца, што мэр Новасібірску карыстаецца скажонымі крыніцамі інфармацыі. Мы б хацелі проста запрасіць яго на канцэрт, каб ён асабіста ацаніў выступ гурту: ці ёсьць праявы экстрэмізму ці яшчэ чагосьці нядобрага на нашым канцэрце. Мне здаецца, гэта было б правільна зь яго боку — асабіста прыйсьці на канцэрт».

Забараніць «Ленінград» цалкам або асобныя песьні спрабавалі розныя структуры і палітыкі. Генпракуратура Беларусі ў 2012 годзе прадпісала Сяргею Шнураву не мацюкацца на канцэртах (гэта значыць, па сутнасьці, забараніла выконваць большасьць песень). Канцэрт у Менску адбыўся са звычайнымі тэкстамі песень «Ленінграду». Юрый Лужкоў у пасадзе мэра Масквы неаднаразова забараняў правядзеньне канцэртаў гурту ў расейскай сталіцы, але нават тады Шнураў у Маскве сьпяваў у клюбах і, што называецца, для вузкага кола. Калі ж дзе-небудзь праваахоўнікі настойвалі на датрыманьні «антымацернага» закону, вакалісты «Ленінграду», бывала, плацілі штрафы за нецэнзурную лаянку.

XS
SM
MD
LG