Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Рэпрэсіі ў Беларусі павялічыліся пасьля зьняцьця санкцый ЭЗ


Пасьля зьняцьця санкцый Эўразьвязу зь беларускіх уладаў рэпрэсіі ў краіне сталі менш менш прыкметнымі, але ў некаторых адносінах яны павялічыліся, калі параўноўваць з папярэднім пэрыядам.

Да такой высновы прыйшла нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights, якая прааналізавала матэрыялы маніторынгу беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна».

Libereco падрыхтавала даклад па рэпрэсіях у Беларусі, прымеркаваны да 3 чэрвеня — 100 дзён пасьля зьняцьця візавых і фінансавых санкцый Брусэлю.

Нямецкія і швайцарскія праваабаронцы зьвяртаюць увагу на жорсткае абмежаваньне свабоды слова і сходаў ды зьвязаны з гэтым імклівы рост штрафаў за публічныя выступы беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Паводле іх падлікаў, сума штрафаў, накладзеных на працягу 100 дасьледаваных дзён роўная зарплаце 55 міліцыянтаў за той пэрыяд.

«Нягледзячы на гэта — гаворыцца ў прэс-рэлізе Libereco — беларускім ўладам ўдалося стварыць менш рэпрэсіўны і больш прымальны для міжнароднай супольнасьці імідж. Блізкае галасаваньне ў ААН па скасаваньні пасады Спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі можа стаць ілюстрацыяй посьпеху Лукашэнкі — калі краіны ААН палічаць сталы нагляд за гэтай сытуацыяй непатрэбным».

Libereco таксама адзначае, што за згаданы пэрыяд 100 дзён колькасьць сьмяротных прысудаў і пакараньняў сьмерцю ў Беларусі перавысіла гэты паказьнік за ўвесь 2015 год.

XS
SM
MD
LG