Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі народны сход як сход КПБ? Ці будуць паміж імі адрозьненьні? Ці дасьць Лукашэнка старт эканамічным рэформам?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Глод: Роўна праз 20 дзён у Менску адкрыецца чарговы Ўсебеларускі народны сход. Гаворачы пра ягоныя мэты, Аляскандар Лукашэнка заявіў, што мерапрыемства ня будзе піяр-акцыяй. Тады навошта гэты сход праводзіцца?

Сам Лукашэнка патлумачыў гэта так: «У такі час людзям патрэбныя арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі».

Ужо паведамілі, што на сходзе будуць абмеркаваныя вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2011–2015 гады і праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016–2020 гады. Карацей, вынікі адной пяцігодкі і пляны на наступную. Дарэчы, гэткія самыя пытаньні былі і ў праграме папярэдняга сходу, які праводзіўся на пачатку сьнежня 2010 году. Нават колькасьць так званых дэлегатаў супадае з той — па дзьве з паловай тысячы, што тады, што цяпер.

Я мяркую, што пра выкананьне мінулай пяцігодкі асабліва распавядаць ня будуць. Для Лукашэнкі і ягонага атачэньня гэта вельмі невыгодна

Я мяркую, што пра выкананьне мінулай пяцігодкі асабліва распавядаць ня будуць. Для Лукашэнкі і ягонага атачэньня гэта вельмі невыгодна. Бо напрыканцы 2010 году, калі справы ў эканоміцы былі нашмат лепшыя, чым цяпер, а кошты нафты і калійных угнаеньняў значна вышэйшыя, чым цяпер, улады паабяцалі давесьці сярэдні месячны заробак па краіне да тысячы даляраў. Чым тлумачыць правал гэтай абяцанкі? Ну, Лукашэнка будзе, мабыць, сьпісваць усё на ўсясьветны крызіс. Але ці задаволіць такі адказ насельніцтва?

Яшчэ Лукашэнка казаў, што трэба нагадаць людзям, як дрэнна і цяжка было ім у той час, калі ён толькі прыйшоў да ўлады. Але, зноў жа, ці будзе ўспрыняты гэты аргумэнт народам? Многія ўжо даўно забыліся, як было тады. А шмат хто з-за сваёй маладосьці і ня памятае пра той час.

Кажучы пра пляны на новую пяцігодку, кіраўнік дзяржавы заявіў, што новая праграма «будзе абсалютна рэалістычнай, не манілаўшчынай».

Мне цікава, ці будзе Лукашэнка нешта казаць пра рэформы. Хоць ён і забараніў ураду ўжываць гэтае слова, забараніў прыходзіць да яго з прапановамі пра рэформы, жыцьцё ідзе так, што пераседзець гэтую сытуацыю і спадзявацца, што яна «рассмокчацца» сама па сабе, немагчыма.

Мне цікава, ці будзе Лукашэнка нешта казаць пра рэформы. Хоць ён і забараніў ураду ўжываць гэтае слова, забараніў прыходзіць да яго з прапановамі пра рэформы, жыцьцё ідзе так, што пераседзець гэтую сытуацыю і спадзявацца, што яна «рассмокчацца» сама па сабе, немагчыма. Таму я чакаю ад гэтага сходу высьвятленьня сытуацыі — ці зноў кіраўнік дзяржавы скажа, што будзем рабіць усё, як рабілі раней, выпраўляючы пэўныя хібы і памылкі, ці ўсё ж ён дасьць зялёнае сьвятло на рэформы.

Зыходзячы з гэтага, я хацеў бы пачуць вашы меркаваньні, калегі, найперш па двух пытаньнях: Ці сапраўды новая праграма жыцьця Беларусі стане рэальнай, а не манілаўскай? І ці адважыцца Лукашэнка публічна даць адмашку на рэформы?

Каліноўскі: Гэты сход, як і гэтыя пяцігодкі, па якіх жыве ўлада, — атавізм савецкага ладу. Гэта як зьезд КПБ, на якім хваляцца дасягненьнямі за мінулыя 5 гадоў і зацьвярджаюць пляны на новую пяцігодку. І вельмі часта нерэалістычныя, папулісцкія.

Скажу адразу, што нічога істотнага я б не чакаў ад Усебеларускага народнага сходу. Дарэчы, як і самі ўлады асабліва не чакаюць. Дакумэнты, якія распрацаваныя да гэтага сходу, утрымліваюць мала канкрэтыкі, а толькі добрыя пажаданьні

Скажу адразу, што нічога істотнага я б не чакаў ад Усебеларускага народнага сходу. Дарэчы, як і самі ўлады асабліва не чакаюць. Дакумэнты, якія распрацаваныя да гэтага сходу, утрымліваюць мала канкрэтыкі, а толькі добрыя пажаданьні, якія качуюць з аднаго ўрадавага дакумэнту ў другі на працягу апошніх гадоў. Скажу толькі, што тлустыя гады для Беларусі, заснаваныя на энэрганосьбітах, высокіх цэнах на калійныя ўгнаеньні, відавочна засталіся ў мінулым — рост ВУП урад абяцае ўсяго 10% за пяцігодку.

У мінулай пяцігодцы эканоміка краіны сапраўды дазваляла захоўваць пэўны ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва і павялічваць паказчыкі, зьвязаныя з чалавечым разьвіцьцём. Так, у Беларусі павялічылася нараджальнасьць і працягласьць жыцьця, на лепшы ўзровень выйшла мэдыцына. За 5 гадоў рэальная зарплата павялічылася на 39%, а памер сярэдняй пэнсіі — на 13%. Але потым пачаўся крызіс, эканамічны спад, рэцэсія.

Шэраг паказчыкаў, якіх урад плянаваў дасягнуць на працягу 2011–2015 гадоў, ня выкананыя. У першую чаргу гэта тычыцца ВУП, прырост якога павінен быў скласьці 62–68%, а склаў усяго 5,9%, прычым у прамысловасьці — 1,7%. Як меркавалася, рэнтабэльнасьць продажаў павінна была скласьці 14–15%, але ў 2015 годзе яна была ўсяго 8,7%. Прырост прадукцыі сельскай гаспадаркі павінен быў скласьці 39–45%, а склаў па выніках пяцігодкі 8,9%. Нічога новага пра прычыны неадпаведнасьці прагнозу і рэальных вынікаў урад не паведамляе. Гэта па-ранейшаму падзеньне зьнешняга і ўнутранага попыту.

На наступную пяцігодку ўрад асабліва і не замахваецца — плянуе рост у памеры 10%, але для такога росту трэба добра папрацаваць, асабліва з прыцягненьнем інвэстыцыяў і стварэньнем новых працоўных месцаў. І мы зноў выходзім на тэму, што Беларусі патрэбныя структурныя рэформы, лібэралізацыя эканомікі і грамадзкага жыцьця.

Але ці пойдуць на гэта — не на Ўсебеларускім сходзе будзе вырашацца.

Карбалевіч: Зразумела, што Ўсебеларускі народны сход нічога вырашыць ня можа. 2,5 тысячы чалавек у адной залі за два дні ў прынцыпе ня здольныя нічога вырашаць. Да таго ж функцыя ў яго іншая.

Рэалістычнасьць праграмы ўвогуле ня мае вялікага значэньня. Не для гэтага яна прымаецца. Ня думаю, што будзе размова пра рэформы.

Гэты форум зьбіраецца дзеля аднадушнага ўхваленьня. Магчыма, для ўхваленьня тых захадаў, якія ўжо зрабілі ўлады. Напрыклад, падвышэньня пэнсійнага ўзросту.

Гэты форум зьбіраецца дзеля аднадушнага ўхваленьня. Магчыма, для ўхваленьня тых захадаў, якія ўжо зрабілі ўлады. Напрыклад, падвышэньня пэнсійнага ўзросту. І пасьля Лукашэнка будзе на яго спасылацца — маўляў, гэта ж ухвалілі народныя прадстаўнікі.

Адпаведна, пад гэтую задачу адмыслова падбіраюцца і так званыя «дэлегаты». Гэта палітычнае шоў.

Усебеларускі народны сход добра ўпісваўся ў лукашэнкаўскую канцэпцыю народаўладзьдзя, адносіны «бацькі» з народам. Бо для арганізацыі гэтага форуму, які нібыта прадстаўляе ўсё насельніцтва, не патрэбныя ніякія законы, рэглямэнты, працэдуры. Заканадаўча правядзеньне УНС ніяк не рэгулюецца. Поўная свабода, ніякіх абмежаваньняў, каго хочаш, таго і прызначай у якасьці народных прадстаўнікоў. УНС абвяшчаецца вышэйшым дзяржаўным органам, ягоныя рашэньні атрымліваюць вышэйшую сілу.

Ва ўмовах крызісу УНС павінен выконваць ролю сэансу псыхатэрапіі. Ня толькі для насельніцтва, якому Лукашэнка імкнецца давесьці, што нічога не зьмянілася, ён па-ранейшаму моцны, нават у цяжкі час трымае ўдар, сытуацыя пад кантролем, усё будзе добра.

Магчыма, найперш УНС патрэбны Лукашэнку як сродак самагіпнозу, саматэрапіі, псыхалягічнага аўтатрэнінгу. Такім чынам ён хоча ўпэўніць самога сябе, што ягоная повязь з народам па-ранейшаму моцная. Да таго ж, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі (а на УНС будуць толькі такія), кіраўнік дзяржавы як бы падзараджаецца. Для яго вельмі важна пэрыядычна купацца ў прамянях славы. Такім прыёмам Лукашэнка як бы вяртае тую эпоху, калі народ сам зьбіраўся на сустрэчу зь ім цэлымі стадыёнамі. Няхай сабе цяпер гэта імітацыя, але сэрца грэе.

Ня выключана, што ва ўмовах крызісу гэтае шоў можа мець для ўладаў адваротны эфэкт, стаць дадатковым раздражняльнікам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG