Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году абяцаў скараціць замежны дзяржаўны доўг. А паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, зьнешні дзярждоўг вырас за чатыры месяцы гэтага году на 652 мільёны даляраў, склаўшы 13,1 мільярда даляраў.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Нагадаю, што адзін з пунктаў перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году гучаў так: «Скарачэньне замежнага дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладваць нашы даўгі на будучыя пакаленьні».

А паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, зьнешні дзярждоўг вырас за чатыры месяцы гэтага году на 652 мільёны даляраў, склаўшы 13,1 мільярда даляраў.

Таксама расьце і агульны дзяржаўны доўг, бо ўрад пазычае валюту ня толькі за мяжой, але і ўнутры краіны, прадаючы дзяржаўныя аблігацыі юрыдычным і фізычным асобам. За мінулы год дзярждоўг Беларусі вырас на 66%.

У студзені-красавіку Мінфін прыцягнуў зьнешніх пазыкаў на суму 781,4 млн даляраў (500 млн — крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, 153 млн — крэдыты ўраду і банкаў Расеі, 111,1 млн — кітайскія крэдыты, 17,3 млн — МБРР).

Вяртаць гэтыя пазыкі беларускі ўрад ня ў стане. Золатавалютныя рэзэрвы складаюць толькі 4,1 млрд даляраў. Іх хапае толькі на тое, каб забясьпечыць каля паўтара месяца імпарту ў краіну. А нармальны паказчык — тры месяцы імпарту. Прычым рэальных, жывых грошай у валюце — дзесьці палову гэтай сумы. Астатняе — гэта золата і іншае.

Дзе можна ўзяць грошы для аплаты доўгу? Даходы ад экспарту? Дык экспарт падае.

няшмат актываў, за якія можна атрымаць значныя грошы. Гэта «Беларуськалій» ды два НПЗ. А большасьць дзяржпрадпрыемстваў у такім стане, што шмат ня вытаргуеш.

Можна было б правесьці масавую прыватызацыю. Але Лукашэнка супраць гэтага. Да таго ж няшмат актываў, за якія можна атрымаць значныя грошы. Гэта «Беларуськалій» ды два НПЗ. А большасьць дзяржпрадпрыемстваў у такім стане, што шмат ня вытаргуеш.

І ўжо каторы год улады бяруць новыя крэдыты, каб за гэты кошт вярнуць старыя. Будуецца фінансавая піраміда. Расплачвацца за такую палітыку маюць якраз будучыя пакаленьні. Гісторыя Грэцыі ў гэтым сэнсе вельмі паказальная.

Некаторыя эканамісты кажуць, што сёньня ў сьвеце абсалютная большасьць краін маюць замежныя даўгі. Прычым у шмат якіх краін яны значна большыя, чым у Беларусі. Калі краіна разьвіваецца і ў стане выплачваць усе пазыкі, то доўг ня надта страшны. Але ў Беларусі сытуацыя іншая. Краіна ў крызісе, адбываецца падзеньне ўсіх паказчыкаў. Таму сытуацыя даволі небясьпечная.

Глод: Асабіста я пэўны час ня мог зразумець сытуацыю з доўгам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Бадай, галоўны аргумэнт крытыкаў амэрыканскай эканомікі — якраз той, што краіна мае велізарны доўг. Сустракаў цікавыя лічбы: амэрыканская запазычанасьць — большая за 18 трыльёнаў даляраў, кожную сэкунду яна павялічваецца на некалькі тысяч даляраў. Паводле дадзеных Усясьветнага банку, доўг ЗША складае 96,1% ВУП.

Зьнешне ў Амэрыцы сытуацыя значна горшая за беларускую. Але ніякай панікі там няма. І дэфолту там не баяцца. Не баяцца таму, што сам па сабе высокі зьнешні доўг ня можа быць прычынай дэфолту. Дэфолт можа адбыцца, толькі калі дзяржава ня зможа ўзяць новых крэдытаў на пакрыцьцё старых. З гэтым у ЗША праблемаў няма.

Не было іх, па вялікім рахунку, і ў Беларусі. Трывожныя сытуацыі былі. Але кожны раз выручала Расея, якая або сама давала Менску крэдыты, або праз эўразійскі Антыкрызісны фонд. А аднойчы моцна выручыў Міжнародны валютны фонд. Таму, я думаю, для нашых уладаў цяпер больш складаная задача — нават не спыненьне росту зьнешняга доўгу, а пошукі новых крэдытораў.

Прэм’ер Кабякоў, выступ якога ў Авальнай залі я чуў два месяцы таму, раіў зьвяртацца па кітайскія крэдыты. Ён нават тады пажартаваў: маўляў, у Кітаі, як у Грэцыі, ёсьць усё. Але ж добра вядома, што кітайцы амаль ніколі не даюць жывых грошай, а прапануюць так званыя зьвязаныя крэдыты, калі пад кітайскія грошы выдаецца кітайскае абсталяваньне. А такім парадкам, зразумела, зьнешні доўг ня зьменшыш.

вялікія плацяжы па зьнешнім доўгу скарачаюць іншыя выдаткі дзяржавы, напрыклад, на адукацыю, ахову здароўя ды іншыя

А зьмяншаць яго трэба. Бо вялікія плацяжы па зьнешнім доўгу скарачаюць іншыя выдаткі дзяржавы, напрыклад, на адукацыю, ахову здароўя ды іншыя. І яшчэ яны падрываюць давер патэнцыйных інвэстараў да такіх краін.

Я праглядаў рэкамэндацыі нямецкіх аналітыкаў для Беларусі па гэтай праблеме. Нічога прынцыпова новага экспэрты там ня кажуць. Яны называюць два ўжо добра вядомыя шляхі. Першы — рэфінансаваньне доўгу за кошт новых пазык. Другі — прыватызацыйныя пагадненьні.

Але цяпер магчымасьці рэфінансаваньня доўгу абмежаваныя. А лепшы час для прыватызацыі прапушчаны. Тыя гіганты беларускай прамысловасьці, якія раней можна было б прапанаваць замежным інвэстарам, як лічаць экспэрты, ужо не такія прывабныя, як раней.

І гэта выклікае вялікую занепакоенасьць.

Каліноўскі: Калі эканоміка працуе, то яна можа аплочваць даўгі. І калі дзяржава мае давер да крэдытораў і можа браць новыя даўгі ці рэфінансаваць старыя — то таксама тыя памеры даўгоў, якія ў Беларусі, абсалютна не крытычныя. Але рост зьнешняга дзярждоўгу на такую суму зьвязаны з будаўніцтвам АЭС, якое хутка ідзе. Апошнім часам на будпляцоўку быў пастаўлены першы энэргаблёк. У гэта закладзена 9 мільярдаў расейскага крэдыту. А таксама гэты рост зьвязаны з атрыманьнем Беларусьсю чарговага крэдыту на 2 млрд даляраў ад Эўразійскага банку разьвіцьця, а фактычна ад Расеі.

Тое, што дзярждоўг павялічваецца, павінна непакоіць кожнага беларуса, таму што вяртаць яго з працэнтамі прыйдзецца і нам, і нашым дзецям

Тое, што дзярждоўг павялічваецца, павінна непакоіць кожнага беларуса, таму што вяртаць яго з працэнтамі прыйдзецца і нам, і нашым дзецям. Тое ж самае тычыцца крэдыту на будаўніцтва АЭС, эканамічная і энэргетычная неабходнасьць якой сёньня пад вялікім сумневам. Краіне ўсё цяжэй сплочваць крэдыты і працэнты. Дзеля гэтага бяруцца новыя. Гэта значыць, што доўг павялічваецца, але грошы ў эканоміку не ідуць. Гэта вельмі сумная для нас сытуацыя, таму што Беларусь становіцца хранічным пазычальнікам, без надзеі жыць лепей, таму што частку дзяржбюджэту яшчэ доўгія гады прыйдзецца аддаваць на даўгі.

У цэлым жа — мяркую, што дэфолту ў Беларусі ня будзе: Расея не дапусьціць, нешта падкіне, дый Лукашэнка не такі чалавек, ён ганарлівы, таму абвясьціць дэфолт і не заплаціць МВФ ён ня зможа. А па расейскіх даўгах Беларусь фактычна ўжо абвясьціла дэфолт — яна ня здолела заплаціць і ўзяла для гэтага новы крэдыт. Гэта ж і ёсьць фактычна дэфолт, толькі такі мяккі.

Карбалевіч: З тых 2 мільярдаў даляраў, якія Эўразійскі Фонд стабілізацыі і разьвіцьця выдзеліў Беларусі, фактычна Беларусь атрымала толькі першы транш у памеры 500 мільёнаў. Астатнія грошы будуць ісьці пазьней.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG