Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня раз бачыў і чуў, як нэафіты зьдзіўляюцца загадкавым словам Хрыста пра тое, што першыя тут — там будуць апошнімі, а апошнія — першымі.

Нехта лічыць гэта каварным хрысьціянскім суцяшэньнем тым, хто тут цярпіць (я нават чуў вэрсію, што Хрысьціянства — гэта габрэйская прылада для занявольваньня гояў). А нехта іншы — шчыра верыць.

Мне часам думаецца, што безадносна да тагасьветнага, словы гэтыя часта пацьвярджаюцца жыцьцём ужо тут, у нашым рэальным быцьці на зямлі. Пацьвярджаюцца — па часе. Мова, значыцца, не пра той і гэты сьветы, але пра гэты і той (будучы) часы.

Калі экстрапалюем гэтую думку на культуру, то адразу і атрымаем ёй пацьверджаньне. (Гэта не стопрацэнтны закон, але, як правіла, так і здараецца). Геніяў не пазнаюць адразу, вялікае бачыцца на адлегласьці, няма прарока ў сваёй айчыне — гэта ўсё пра тое. Калі яны (мастакі, прарокі) жывыя — ім часта нестае на ежу, а пасьля сьмерці іхнія карціны прадаюць за мільёны. Прыкладаў за апошняе тысячагодзьдзе — процьма.

Гэта таксама азначае, што на слыху, на паверхні — амаль заўсёды шум, шумавіньне. Сапраўднае сьціпла хаваецца недзе на другім-трэцім (бывае і на першым, але амаль заўсёды ў цені шуму) паверсе культуры, магчыма нават, што яго ведаюць, але ім пагарджаюць або яго ігнаруюць...

Я ня ўпэўнены, што так і ёсьць, але часам хочацца, каб так было. Каб недзе у наш час, за нашымі сьпінамі і пад нашымі невідушчымі позіркамі ўжо жылі, хадзілі і тварылі сапраўдныя беларускія Паэт, Празаік, Крытык, Мастак, Гісторык і Музыка. Мне нават часам здаецца, што я ўжо ведаю (а, у прынцыпе, і ўсе мы) некалькі такіх ня надта кідкіх пакуль імёнаў...

Зрэшты, іншым разам думаецца, што час той яшчэ не прыйшоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG