Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 чэрвеня 2016: Справа Лапіцкага ў судзе, прэм’ера беларускамоўнага м’юзыклу ў Менску; «Пясьняр» у Берасьці


Аляксандар Лапіцкі (у цэнтры) у судзе разам з актывісткай Натальляй Басалыгай і праваабаронцам Алегам Воўчакам.

Аляксандар Лапіцкі (у цэнтры) у судзе разам з актывісткай Натальляй Басалыгай і праваабаронцам Алегам Воўчакам.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Белдзяржфілярмоніі (Менск, пр. Незалежнасьці, 50) адбудзецца прэм’ера м’юзыклу на беларускай мове «Флейта-чарадзейка». Пачатак а 19.00.

У рамках Тыдня Швэцыі ў Менску ў кінатэатры «Перамога» пакажуць драму Ханэса Хольма «Па-за блакітнымі нябёсамі». Пачатак а 19.00.

Менскі гарадзкі суд (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3) разгледзіць прыватную скаргу на прысуд Фрунзэнскага раённага суду Менску, які прызнаў 80-гадовага пэнсіянэра Аляксандра Лапіцкага вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў і накіраваў на прымусовае лячэньне.

У Берасьцейскім акадэмічным тэатры (вул. Леніна, 21) пакажуць спэктакль «Пясьняр», прысьвечаны Ўладзімеру Мулявіну. Пачатак а 19.00.

У гісторыі:

1911 — нарадзілася Ганна Сапрыка, беларуская пісьменьніца, перакладчыца.

1912 — Янка Купала скончыў працу над камэдыяй «Паўлінка».

1915 — нарадзіўся Адольф Гугель, беларускі мастак.

1935 — нарадзіўся Васіль Зуёнак, беларускі паэт.

1988 — у газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

2006 — Чарнагорыя абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі.

У памяці:

1899 — памёр Ёган Штраўс (сын), аўстрыйскі кампазытар, дырыжор і скрыпач, кароль вальса (аўтар апэрэтаў «Казкі Венскага лесу», «Лятучая мыш», «Цыганскі барон»).

1924 — памёр Франц Кафка, нямецкамоўны пісьменьнік.

Цытата:

«Прыходзіць жа аднойчы
Такая вышыня:
Глядзяць прыроды вочы
Штоночы і штодня.
Глядзяць табе насустрач,
Глядзяць табе наўсьлед.
I ты ўжо — невідушчы —
Бачыш цэлы сьвет.
Адкрыецца такое
З надхмарнай вышыні —
Ня зьведаеш спакою,
Ня ўзнаеш цішыні.
«Няма іх. I ня будзе.
Ніколі. I нідзе...» —
Адкрыецца ў прысудзе,
Што позірк той вядзе.
Чытай па кнізе зорнай:
Няма і не было...
Жыццё — як непаўторнасьць,
Як непазбежнасьць — тло.
I ты іх вечны дольнік —
Нікога не віні...
Правідчае прадоньне
У гэтай вышыні.
I непазбежнасьць ночы,
I непаўторнасьць дня, —
Усё яна — аднойчы —
I тая ж — вышыня.
I рвецца над сусьветам
Нязьведаная ніць.
I непаўторнасьць гэту
Рукою не злавіць.

Васіль Зуёнак, «Непаўторнасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG