Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына адклікала амбасадара з Бэрліну пасьля прызнаньня Нямеччынай генацыду армянаў


Турэччына адклікала амбасадара з Бэрліна пасьля таго, як ніжняя палата парлямэнту Нямеччыны ўхваліла рэзалюцыю, у якой масавыя забойствы армянаў у Асманскай імпэрыі ў пэрыяд Першай Сусьветнай вайны названы «генацыдам». Пра гэта паведамляе Reuters.

Прынятая сёньня ў Бундэстагу рэзалюцыя носіць сымбалічны характар. У дакумэнце гаворыцца аб неабходнасьці «памятаць пра генацыд армянаў і іншых прадстаўнікоў хрысьціянскіх меншасьцяў у 1915 і 1916 гадах». Усяго, па некаторых ацэнках, загінулі амаль паўтара мільёна чалавек.

Анкара раней папярэдзіла Бэрлін, што прыняцьце рэзалюцыі прывядзе да пагаршэньня сувязяў паміж дзьвюма краінамі. У прыватнасьці, з адпаведнымі заявамі выступаў турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган. Акрамя абвастрэньня адносін паміж Турэччынай і Нямеччынай вынікі галасаваньня ў Бундэстагу могуць адбіцца на заключаным Эўразьвязам з Анкарой пагадненьні па ўцекачах і мігрантах, якія імкнуцца трапіць у Эўропу.

Турэччына катэгарычна адмаўляецца прызнаць факт генацыду, сьцьвярджаючы, што сотні тысяч армянаў загінулі ад голаду і з прычыны баявых дзеяньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG