Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі часовы павераны ў Беларусі заявіў, што канчатковае рашэньне наконт зьняцьця санкцыяў ЗША будзе прынятае па выніках парлямэнцкіх выбараў. Ці сапраўды паляпшэньне беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў залежыць ад вынікаў гэтых выбараў?

Цыганкоў: Канчатковае рашэньне наконт зьняцьця санкцыяў ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе прынятае паводле вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Такую заяву зрабіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд у праграме «Буйным плянам», якая была паказаная ўчора ўвечары на тэлеканале «Беларусь 1». Што да магчымасьці поўнага зьняцьця санкцыяў, то гэта можа адбыцца толькі тады, калі Беларусь прадэманструе прагрэс у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

Варта нагадаць перадгісторыю. 29 красавіка ЗША працягнулі прынятае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычніка 2016 году. Ну, а санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказу прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў 2006 годзе ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу пэрыядычна падаўжаліся. А з 2008 году, яшчэ да таго, як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім», беларускі амбасадар быў адкліканы з Вашынгтону. І далей дыпмісія ЗША ў Беларусі была вымушаная таксама адклікаць свайго амбасадара і скараціць штат з 35 да 5 чалавек.

Цяпер мы маем тэндэнцыю на паляпшэньне ці нармалізацыю. Яна агульная для дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам і ЗША. Няўжо так шмат залежыць ад парлямэнцкіх выбараў?

Думаю, на цяперашні момант Вашынгтон і Менск уперліся ў нейкую сьцяну.

Думаю, на цяперашні момант Вашынгтон і Менск уперліся ў нейкую сьцяну, бо першыя прыкметы паляпшэньня ўжо адбыліся, першыя сымбалічныя крокі зробленыя, нейкае напружаньне зьнятае, нават 1–2 новыя чалавекі прыехалі працаваць у амбасаду ў Менску. Трошкі яна павялічыла сваю дзейнасьць. Але гэта далёка да тых 35 чалавек, якія былі на піку нармальных адносінаў.

Нармалізацыю трэба неяк працягваць — трэба рабіць нейкія крокі. Але хацелася б рабіць гэтыя крокі і пры гэтым не паступацца прынцыпамі. Не адыходзіць ад тых рэчаў, за якія ў свой час былі ўведзеныя санкцыі. То бок чыста фармальна павінен быць прадэманстраваны нейкі прагрэс, як кажуць дыпляматы.

Што гэта можа быць? Безумоўна, найбліжэйшая палітычная кампанія, даволі важная для любой краіны, — выбары ў парлямэнт, у Палату прадстаўнікоў. Крытэр можа быць нейкі найбольш зьнешне прыкметны.

Напрыклад, як назіральнікі сачылі за выбарамі — гэта наўрад ці можа быць крытэрам, гэта адбываецца кожны раз. А вось тое, што заходнім і палітыкам, якіх трэба пераконваць прымаць нейкія рашэньні, і праваабаронцам будзе найбольш зразумела — гэта праход апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў.

Таму вакол гэтага шмат чаго і круціцца. Беларускія палітыкі разумеюць, наколькі гэта нязначна, але гэта становіцца значнай зьявай, маркерам, прыкметай у адносінах Беларусі з Захадам. Бо Захад хоча памацаць нешта канкрэтнае, ня нейкія абстрактныя паляпшэньні. Канкрэтны вынік, апазыцыя ў Палаце прадстаўнікоў, азначаў бы сапраўдны палітычны працэс, хто б туды ні трапіў, і ажыўленьне палітычнага жыцьця. Гэта не зусім успрымаецца беларускімі палітыкамі, а заходнім гэта важна. Ну, і стаўкі цяпер стаяць такім чынам: ці пройдзе апазыцыя ў Палату прадстаўнікоў?

Карбалевіч: У пэўным сэнсе амэрыканцы пасьлядоўныя. Геапалітыка на ЗША ўплывае ў меншай ступені, чым на краіны ЭЗ. Санкцыі былі ўведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Таму зрух у гэтым пляне і будзе ўплываць на адмену санкцыяў. Вызваленьне палітвязьняў, адносна спакойнае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў мінулым годам прывяло да зьмякчэньня санкцыяў. І цяпер ЗША чакаюць наступнага кроку. І такім крокам яны хочуць бачыць прагрэс у правядзеньні выбараў. Зьвярніце ўвагу, што адмену санкцыяў Вашынгтон зьвязвае не зь вяртаньнем свайго амбасадара ў Менск, не з аднаўленьнем нармальнай працы амэрыканскай амбасады ў беларускай сталіцы, а менавіта з выбарамі.

Апошнім часам беларускія палітыкі і экспэрты шмат казалі пра прагрэс у беларуска-амэрыканскіх адносінах. Сапраўды, узровень кантактаў, іх інтэнсіўнасьць павялічыліся. Сам факт, што інтэрвію з кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі паказваюць па галоўным тэлеканале ў прайм-тайм, даволі паказальны.

Але тут варта бачыць маштаб краін. Тое, што вельмі заўважна зь Менску, мала заўважна з Вашынгтону. Вялікая краіна амаль не заўважае маленькія крокі невялікай краіны.

Дракахруст: Такая псыхалягічная загадка: калі два чалавекі згубіліся ў вялікім супэрмаркеце, ім прасьцей за ўсё сустрэцца калі інфармацыйнага бюро, калі яно адно. Не таму, што яно добрае ці кепскае, а проста таму, што гэта агульнае месца.

Ня ў тым справа, што заходнія, прынамсі амэрыканскія, палітыкі вераць, што Беларусь раптам стане дэмакратычнай краінай. Але выбары — гэта такі зручны дэдлайн. Зручна паказваць Менску з аднаго боку — моркаўку, з другога боку — дамоклаў меч. Правядзіце хоць неяк прыстойна гэтыя выбары, і вы атрымаеце нешта. Або нешта кепскае будзе скасавана.

Выбары — гэта такі тэставы праект.

Тым больш што выбары — гэта такі тэставы праект, у адным фляконе шмат што. Гэта і свабода выбараў, і свабода СМІ, бо ідзе інфармацыйная кампанія, і свабода сходаў.

Як можна казаць — ня здымем санкцыі, пакуль вы не акрэдытуеце «Белсат» ці не зарэгіструеце БХД? Гэта занадта дробныя рэчы. А выбары — зручны дэдлайн.

Пазыцыя Эўропы вельмі падобная. Мы бачылі халодны душ з прыёмам у Рыме Лукашэнкі, калі яго прыняў прэзыдэнт Італіі, які фактычна ня мае ніякіх паўнамоцтваў. Яны таксама выстаўляюць выбары як дэдлайн: давайце мы паглядзім, наколькі вы выправіліся. Тое, што палітвязьняў вызвалілі — малайцы, але хацелася б чагосьці большага. У гэтым сэнсе выбары будуць паказальнай падзеяй.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG