Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК ва Ўкраіне атрымала 3 мільёны даляраў хабару


«Залаты батон», знойдзены пасьля зьвяржэньня Януковіча ў яго рэзыдэнцыі, стаў сымбалем карупцыйнага праўленьня «рэгіяналаў»
«Залаты батон», знойдзены пасьля зьвяржэньня Януковіча ў яго рэзыдэнцыі, стаў сымбалем карупцыйнага праўленьня «рэгіяналаў»

А Партыю рэгіёнаў — былую кіруючую партыю Ўкраіны — абвінавачваюць у хабарніцтве на суму 2 мільярды даляраў.

Ва Ўкраіне апублікаваныя таемныя дакумэнты былой кіруючай Партыі рэгіёнаў. Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны (НАБУ) пачало расьсьледаваньне фактаў карупцыі ў пэрыяд прэзыдэнцтва Віктара Януковіча.

Падставай для расьсьледаваньня стала заява экс-намесьніка кіраўніка Службы бясьпекі Украіны Віктара Трапака. Ён перадаў сьледчым НАБУ дакумэнты з так званай «чорнай касы» Партыі рэгіёнаў з агульнымі выплатамі на суму каля $2 млрд шэрагу былых і цяперашніх украінскіх высокапастаўленых чыноўнікаў, палітыкаў, судзьдзяў, грамадзкіх дзеячаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый.

30 траўня адпаведныя зьвесткі былі ўнесены ў Адзіны рэестр дасудовых расьсьледаваньняў дэтэктывамі Бюро паводле папярэдняй прававой кваліфікацыі па ч.4 арт.369 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («прапанова, абяцаньне або прадстаўленьне неправамернай выгады службовым асобам»). Пры гэтым у Бюро падкрэсьліваюць, што «залішняя публічнасьць у гэтай справе можа нашкодзіць выкрыцьцю карупцыйных правапарушэньняў і прыцягненьню вінаватых да адказнасьці».

У аўторак, 31 траўня, дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Лешчанка і журналісты «Украінскай праўды» апублікавалі дадзеныя аб «чорнай бухгальтэрыі» Партыі рэгіёнаў. Гэта толькі частка дакумэнтаў, якія Трапак перадаў НАБУ. Адначасова яны апынулiся ў Лешчанкі, які атрымаў іх ад ананімнай крыніцы. Выдаткі ПР на вялікую ўкраінскую палітыку выкладзены на 22 старонках. Агульная сума выдаткаў менш чым за шэсьць месяцаў 2012 году складае больш за $66 млн. Той восеньню ва Ўкраіне адбыліся выбары ў Вярхоўную Раду, пераможцам якіх і стала Партыя рэгіёнаў.

«У цэлым сума ценявых выдаткаў ПР за год, відавочна, больш за $100 млн. Але я не магу гэта дакладна сьцьвярджаць, паколькі няма дакумэнтаў, якія адлюстроўваюць практычную рэалізацыю асноўнага этапу парлямэнцкай кампаніі 2012 году», — расказаў журналістам у Вярхоўнай Радзе Лешчанка.

Паводле яго слоў, грошы зь дзяржбюджэту і нелегальных зьдзелак накіроўваліся на фінансаваньне, у тым ліку, партый «Наша Украіна» Віктара Юшчанкі, Кампартыі Ўкраіны, а таксама на подкуп выбаршчыкаў і членаў Цэнтрвыбаркаму Ўкраіны. Выбары Вярхоўнай Рады адбыліся 28 кастрычніка 2012 году, і тады іх выйграла партыя ўлады.

Найбольш абуральнымі, кажа Сяргей Лешчанка, у гэтых дакумэнтах зьяўляюцца хабары членам ЦВК, агульная сума якіх складае каля $3 млн. У сьпісе фігуруюць: члены ЦВК Міхаіл Ахендоўскі, які ў ліпені 2013 году стаў старшынёй Цэнтрвыбаркаму, і сястра тагачаснага міністра юстыцыі Алены Лукаш — Тацяна Лукаш (да гэтага часу зьяўляецца сакратаром Цэнтральнай выбарчай камісіі. — РС). Згаданыя асобы ад камэнтараў адмаўляюцца, а ў прэс-службе ЦВК заяўляюць, што публікацыя матэрыялаў «чорнай бухгальтэрыі» ПР закліканая сарваць намечаныя на ліпень давыбары ва ўкраінскі парлямэнт у сямі акругах.

Аналіз дакумэнтаў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што дэпутаты-рэгіяналы Яўген Гелер і Віталь Калюжны былі галоўнымі куратарамі функцыянаваньня ПР. У матэрыялах ўтрымліваюцца справаздачы аб выдатках партыі на рэкляму, паслугі палітолягаў, а таксама дадзеныя аб неафіцыйных заробках дэпутатаў і чыноўнікаў, якія выплачвалі ім з партыйнай касы. Дакумэнты ўтрымліваюць расьпіскі аб атрыманьні грошай з прозьвішчамі, сумамі і ўказаньнем мэты плацяжоў.

Шмат хто ў Вярхоўнай Радзе пакуль скептычна ацэньваюць пэрспэктывы расьсьледаваньня карупцыйнай справы.

«Гэта справа яшчэ ня стала сапраўдным скандалам. У агучаных сьпісах тых, хто атрымліваў грошы ад Януковіча, пакуль не заўважаны ніводзін з палітыкаў ці чыноўнікаў, пра якія б мы не ведалі гэтага раней. Магчыма, што ў бліжэйшы час зьявяцца дакумэнты з новымі, яшчэ невядомымі імёнамі. Спадзяюся, што ўсе фігуранты апублікаваных сьпісаў будуць пакараныя. Аднак яшчэ трэба даказаць, што грошы ня проста былі выдаткаваныя гэтым асобам, але і тое, што яны іх сапраўды атрымалі. І тады яны могуць быць пакараныя як мінімум за нявыплату падаткаў», — лічыць дэпутат ад «Блёку Пятра Парашэнкі» Аляксандр Брыгінец.

Пра карупцыю ва Ўкраіне і патэнцыйна магчымыя будучыя выкрыцьці ў Беларусі сказала на прэзэнтацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» леташняя Нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч:

«Вялікія людзі, якія яны? Гэта як лецішча Януковіча: здаецца, тоіцца там штосьці неверагоднае за гэтай аўрай улады, а потым вам адкрыюць дзьверы і пакажуць, як ён жыў. Вы ўбачыце гэты залаты батон, неверагодныя прасьціны з партрэтамі ўласнымі... Я думаю, мы такое ўбачым таксама... (аплядысмэнты). І вы проста ахнеце, наколькі гэта таксама маленькі чалавек...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG