Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамашэўска-Гузы: «Белсат» страціў чвэрць фінансаваньня, але адмаўляцца ад вяшчаньня ня будзе


Агнешка Рамашэўска-Гузы

Агнешка Рамашэўска-Гузы

Дырэкцыя польскага тэлеканала для Беларусі «Белсат» да гэтага часу не атрымала адказ Міністэрства замежных спраў Беларусі на просьбу акрэдытаваць дзесяць журналістаў.

Пра гэта паведаміла ў інтэрвію «БелаПАН» кіраўніца тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы.

«На рэгістрацыю карэспандэнцкага пункту мы ўжо не спадзяёмся, — сказала яна. — Мы ж імкнемся акрэдытаваць нашых асобных журналістаў, падалі дзесяць заяваў на акрэдытацыю, цяпер чакаем. Нам павінны былі адказаць да 21 траўня, але да гэтага часу ні адмоўнага, ні станоўчага адказу няма».

Дырэктарка «Белсату» прыехала ў Беларусь тры дні таму і прабудзе тут агулам каля дзесяці дзён.

«Мы страцілі фінансаваньне з Заходняй Эўропы, — сказала Рамашэўска-Гузы. — У нас было швэдзкае, нарвэскае, канадзкае фінансаваньне, цяпер гэтага няма. Пакуль невядома, як будзе выглядаць сытуацыя з агульным фінансаваньнем ад Эўразьвязу, таму што пакуль няма рашэньня. Цяпер фінансаваньне „Белсату“ выключна польскае», — сказала яна.

Паводле яе слоў, у цэлым тэлеканал страціў крыху больш за чвэрць агульнага аб’ёму фінансаваньня.

Адказваючы на пытаньне, ці магчымая трансфармацыя «Белсату» ў грамадзкі тэлеканал, які б фінансаваўся за кошт ахвяраваньняў гледачоў, Рамашэўска-Гузы сказала:

«Мне здаецца, што яшчэ трохі рана думаць пра гэта, хоць такую думку можна трымаць у галаве, гэта магчыма».

Тым ня менш забясьпечваць поўны цыкль працы канала за сродкі беларускіх грамадзян ёй не ўяўляецца магчымым, паколькі, як ёй здаецца, «зьбіраць з году ў год такое велізарнае фінансаваньне вельмі складана».

Дырэктар канала зьвярнула ўвагу на тое, што ўкраінскае інтэрнэт-тэлебачаньне «Громадське-ТБ», якое некалькі гадоў таму паўстала за кошт ахвяраваньняў інтэрнэт-карыстальнікаў, цяпер так не функцыянуе — «там вялікая доля амэрыканскага фінансаваньня».

Разам з тым «Белсат» не адмовіцца ад спадарожнікавага вяшчаньня на карысьць трансьляцыі праз інтэрнэт, заявіла Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Паводле яе слоў, у Менску і за яго межамі «існуюць дзьве розныя Беларусі», і для грамадзян «іншай Беларусі», якія жывуць не ў сталіцы, спадарожнікавае вяшчаньне застаецца адзіным спосабам далучыцца да незалежнага тэлебачаньня. Цяпер «Белсат» можна прымаць на ўсёй тэрыторыі краіны, аднак тэлеканал хацеў бы распаўсюджваць сваю трансьляцыю яшчэ праз адзін спадарожнік, каб ахапіць больш напрамкаў, у якіх антэна можа прымаць тэлесыгнал. Рамашэўска-Гузы адзначыла, што, згодна зь леташнім дасьледаваньнем аўдыторыі, «Белсат» у Беларусі глядзяць каля 400 тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG