Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў пра жаданьне нармалізаваць адносіны з Расеяй, але прызнаўся, што не разумее, пра які менавіта «першы крок», які нібыта павінна зрабіць Турэччына, кажуць у Маскве. Эрдаган выступіў перад журналістамі 31 траўня, заявіўшы, што Расея адмовілася ад сувязяў з Турэччынай пасьля, як ён выказаўся, «памылкі пілёта».
У лістападзе 2015 году расейскі ваенны самалёт, пралятаючы ў раёне сырыйска-турэцкай мяжы, перасек, як сьцьвярджаюць у Анкары, мяжу Турэччыны і быў зьбіты. Пілёт загінуў.
Выступу Эрдагана папярэднічала выказваньне Дзьмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пра тое, што для паляпшэньня двухбаковых адносінаў, Турэччына павінна зрабіць «першы крок».
Анкара адмаўляецца прасіць прабачэньня ў Расеі за інцыдэнт з самалётам, бо лічыць, што расейскі самалёт перасек мяжу і апынуўся ў паветранай прасторы Турэччыны. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае.
Расейскі бок увёў санкцыі супраць Турэччыны, пасьля чаго гандлёвыя адносіны паміж дзьвюма краінамі рэзка скараціліся.