Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 чэрвеня з аўтавакзалу «Ўсходнi» ў Менску перастануць хадзіць усе аўтобусы


Фрыда Кало. Аўтобус (1929)

Фрыда Кало. Аўтобус (1929)

З аўтавакзалу «Ўсходні» на вуліцы Ванеева перастануць хадзіць прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя аўтобусы. Пляцоўка цяпер будзе выкарыстоўвацца для міжрэйсавага адстою.

Пра гэта распавёў TUT.BY намесьнік дырэктара «Мінсктранса» Віктар Тозік.

Паводле Тозіка, з 1 чэрвеня 2016 году ўсе міжнародныя і міжгароднія аўтобусы, якія ходзяць з «Усходняга», будуць адпраўляцца і прыбываць на аўтавакзал «Цэнтральны».

«Гэта робіцца для загрузкі аўтавакзалу „Цэнтральны“. „Усходні“ ж будзе выкарыстоўвацца для міжрэйсавага адстою аўтобусаў, а таксама там будзе функцыянаваць гатэль. Акрамя таго, на вакзале працуюць арандатары», — сказаў Віктар Тозік.

Нешматлікія ж прыгарадныя маршруты перанясуць з «Усходняга» на аўтастанцыі «Аўтазаводская» і «Паўднёва-Заходняя», паведамілі ў даведачнай.

Аўтавакзал «Усходні» пабудавалі ў 1983 годзе для разгрузкі «Цэнтральнага» аўтавакзалу. Доўгі час ён заставаўся буйным транспартным вузлом, абслугоўваючы прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя напрамкі. Сваю актуальнасьць ён пачаў губляць з уводам у эксплёатацыю новага «Цэнтральнага». Апошнім часам «Усходні» абслугоўваў пераважна магілёўскі, палескі і ўкраінскі напрамкі.

На аўтавакзале «Ўсходні» сустракалі пасьля вызваленьня палітвязьня Мікалая Статкевіча.

XS
SM
MD
LG