Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапол арыштаваў 20 чалавек за фальшаваньне пашпартоў і віз


За камплект падробных дакумэнтаў уцекачам даводзіцца плаціць некалькі тысяч даляраў.

У Грэцыі і Чэхіі арыштаваныя больш за 20 чалавек, якія падазраюцца ў вырабе фальшывых дакумэнтаў і віз для мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Эўропу.

Паводле дадзеных Эўраполу, візы і пашпарты прадаваліся па цане, якая дасягае трох з паловай тысяч даляраў і распаўсюджваліся па краінах Эўразьвязу, Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Азіі. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Паводле інфармацыі грэцкай паліцыі, злачынныя групоўкі былі таксама ўцягнутыя ў незаконную транспарціроўку людзей празь межы.

Як паведамляе Эўрапол, цэнтрам крымінальнай сеткі былі Афіны. Адна з груповак кантралявалася выхадцамі з Судану, а іншая — выхадцамі з Бангладэш.

Абедзьве групоўкі займаліся вырабам пашпартоў, шэнгенскіх візаў, правоў кіроўцы, рэгістрацыйных пасьведчаньняў для ўцекачоў і відаў на жыхарства, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Грэцкая паліцыя паведамляе, што група, кіраваная суданцамі, штомесяц дапамагала як мінімум 15 уцекачам перабрацца ў Эўропу, патрабуючы за гэта прыкладна па 6 тысяч даляраў з кожнага.

XS
SM
MD
LG