Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сядзім з малым на парапэце каля Сьвіслачы і пра нешта гаворым. Побач спыняецца немаладая шляхетнага выгляду жанчына. Дачакаўшы, як мы змоўклі й вытрымаўшы паўзу, яна пра сябе неяк прачула й ціха, з паўзамі кажа:

– Як добра. Добра, што вы на нашай мове гаворыце... Калі я была такая, як ваш сынок, у трыццатых гадох, наша сям'я таксама на нашай мове размаўляла. Але хутка ня стала ні бацькоў, ні мовы, на якой мы размаўлялі... Як добра, што вы гаворыце на нашай мове.

Я ня ведаў гэтай спадарыні, але неяк мне так сьціснула, што на вочы напаўзла сьляза.

Выпіваем пасьля лазьні са школьным сябрам. Сябра токар на заводзе халадзільнікаў. Пра Талаку й Майстроўню ня ведае блізка. Выпілі яшчэ, зьявілася гітара: загучалі «Машына времені», «ДДТ», і калі раптам – упершыню для сябра – Ларыса Геніюш: «Запяі мне песьню, нашу не чужую», – я ўбачыў тую самую сьлязу ў сяброўскім воку.

– Ведаеш, бабулю згадаў. Вёску, дзе малым улетку адпачываў, Белая Дуброва называлася…

– Ведаю, – адказаў я. Ня вёску, ясна, але ад чаго сьляза наплыла на ягонае вока.

У Стакгольме, пасьля таго, як Сьвятлана Алексіевіч у другой сваёй прамове расказала гісторыю старой вясковай жанчыны з нобэлеўскага подыюму на нашай мове, шмат хто зь сяброў і незнаёмых людзей публічна й прыватна гаварыў мне пра тую самую сьлязу.

Лукашэнка неўзабаве пасьля рэфэрэндуму 1995 году на пытаньне кагосьці з журналістаў, маўляў, за што яго могуць праклясьці, шчыра адказаў: за мову й сьцяг.

Напэўна ж ведаў, што гаварыў. Можа быць, калі-нікалі і на ягонае вока напаўзае тая сьляза.

Грэх адмаўленьня ад мовы – цяжкі грэх. Калі я распавядаю пра гэтую моўную сьлязу якому расейцу, немцу ці паляку, мала хто зь іх мяне разумее. Навошта воку сьлязіцца ад пачутай песьні альбо некалькіх звычайных словаў з вуснаў выпадковых суайчыньнікаў?

Сапраўды, ім цяжка мяне зразумець, яны ня маюць за сабой такога граху. Граху адмаўленьня ад свайго. Ты можаш прыводзіць розныя жахлівыя абставіны, ты можаш даводзіць бясконцыя рацыі гэткага кроку, але здрада ад гэтага не перастае заставацца здрадай і сядзіць мулкай іголкай у самым краі твайго вока, час ад часу выплываючы на ягоны край такой маленькай незразумелай сьлязой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG