Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не выключаюць увядзеньня адмысловага падатку, каб знайсьці грошы на павелічэньне дапамогі беспрацоўным. А зь якіх крыніц вы б павялічылі дапамогу па беспрацоўі?

Удзельнікі: Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў.


Грузьдзіловіч: Сярэдняя дапамога па беспрацоўі ў Беларусі ў пераліку на амэрыканскую валюту — 13 даляраў, гэта ўсяго 15% пражытковага мінімуму. Ня толькі незалежныя экспэрты, але ўжо і высокапастаўленыя чыноўнікі публічна кажуць, што Беларусі, каб рэфармаваць эканоміку, не абысьціся бяз масавых скарачэньняў працоўных на праблемных прадпрыемствах. А такіх у Беларусі ўсё болей. Мінпрацы кажа, што толькі на прадпрыемствах, якія знаходзяцца пад працэдурай банкруцтва, працуе каля 20 тысяч чалавек. То бок гэта патэнцыйныя беспрацоўныя ўжо ў вельмі блізкім часе. А яшчэ 480 тысяч працуе на заводах са складаным фінансавым становішчам. То бок гэта таксама рэзэрвы беспрацоўя вельмі істотныя. І ў пэрспэктыве на ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў 100–200 тысяч мы можам выйсьці. Гэта я не кажу пра схаванае беспрацоўе, пра тых, хто зьехаў працаваць у Эўропу ці Расею, а іх таксама дзясяткі тысяч.

Але як быць з новымі беспрацоўнымі, якія хутка зьявяцца на працоўным рынку, а працы ім яўна не дастанецца? Трымаць іх па грашовай дапамозе ў 300 тысяч на месяц — гэта значыць спараджаць сацыяльны бунт. Ня кажучы пра зьдзек зь людзей, пра тое, што фактычна дзяржава пакіне іх выміраць, гэта яшчэ і небясьпечна для самой дзяржавы. Бо калі такіх людзей 5 тысяч па краіне, гэта яшчэ можна стрымаць, але калі 200 тысяч? Ды нават сто тысяч? І другое пытаньне — як бюджэту вытрываць такі ўдар, адкуль узяць грошы?

Дзяржава не выключае дзьве крыніцы грошай. Адна — зь бюджэту праз скарачэньне падтрымкі дзяржаўным прадпрыемствам. Другая — адмысловы падатак.

Вось цяпер паводле бюджэту на 2016 год выдаткі на сацыяльную дапамогу прадугледжаныя ўсяго ў памеры 43 мільярды рублёў. Гэта толькі каля 20 мільёнаў даляраў, прычым тут ня толькі дапамога беспрацоўным, але і іншыя выдаткі. Такі бюджэт для рэформаў пэўна не прыдатны. Але дзе дзяржаве ўзяць грошы на беспрацоўных, якіх стане больш у 10, 20 разоў?

Прадстаўнікі дзяржаўных органаў ужо не выключаюць дзьве крыніцы грошай на гэтыя мэты. Адна — зь бюджэту праз скарачэньне падтрымкі дзяржаўным прадпрыемствам. І другая крыніца — адмысловы падатак. Як прыклад прыводзяць Літву, дзе камэрцыйныя прадпрыемствы ўсе плацяць яшчэ 0,2% ад фонду заробку ў адмысловы гарантыйны фонд, зь якога фінансуецца дапамога беспрацоўным.

Але мне падаецца, што ў Беларусі ёсьць і большыя рэзэрвы для такіх выдаткаў, акрамя скарачэньня дапамогі прадпрыемствам.

Вось у бюджэце 2016 году блёк «Эканоміка» — самы стратны, на яго зь бюджэту заплянавана больш за 26 трыльёнаў рублёў, гэта сёмая частка ўсяго бюджэту ў 163 трыльёны. Але на другім месцы паводле стратаў — што б вы думалі? Адукацыя? Не. На гэта прадугледжана ў тры разы меней, толькі 8 трыльёнаў рублёў. Абарона? Таксама міма — і тут 8 трыльёнаў. Можа, ахова здароўя? Не, толькі 7 трыльёнаў.

На другім месцы паводле выдаткаў у бюджэце — блёк «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасьць і дзяржаўная бясьпека».

Дык вось, на другім месцы паводле выдаткаў у бюджэце — блёк «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасьць і дзяржаўная бясьпека». Прычым на судовую ўладу даецца зусім няшмат, яе паставілі паперадзе ў назьве, мяркую, проста для маскіроўкі. А асноўныя выдаткі на міліцыю — 6,6 трыльёна, на КДБ — 1,3 трыльёна, на турмы і калёніі — 1,5 трыльёна. А ўсяго на гэты блёк заплянавана ажно 17,7 трыльёна рублёў, альбо больш за мільярд даляраў. Вось тут, як мне здаецца, і хаваюцца асноўныя рэзэрвы для аплаты дапамогі беспрацоўным, якія прыйдуць на рынак пасьля масавага закрыцьця нашых стратных прадпрыемстваў.

Але ці будуць скарыстаныя гэтыя рэзэрвы? Мне бачыцца, што сутнасьць цяперашняга палітычнага рэжыму ў Беларусі не дазваляе разьлічваць на тое, што ён пойдзе на скарачэньне выдаткаў на сваю бясьпеку, каб павялічыць грашовую дапамогу працоўным, якія апынуліся на вуліцы. Пэўныя грошы будуць шукаць і нешта знойдуць, але не за кошт сілавікоў. Або, магчыма, калегі ведаюць іншыя крыніцы?

Цыганкоў: Беларуская сацыяльная сыстэма пабудаваная такім чынам, што беспрацоўе павінна быць малое. Усё для гэтага зроблена: і складаныя ўмовы рэгістрацыі, і варты жалю ці сьмеху памер дапамогі. Афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя павінны праводзіць час на грамадзкіх працах. Дзяржава лічыць, што яны яшчэ павінны зарабіць свой статус. Таму псыхалягічна ня кожны да гэтага гатовы.

Сілавыя структуры зьядаюць нават больш, чым войска! Гэта ўнікальная сытуацыя для краіны, якая не знаходзіцца ў стане вайны з тэрарызмам, грамадзянскай вайны.

Афіцыйна беспрацоўных каля 70 тысяч. Гэта самая малая ў Эўропе лічба. Калі б памер дапамогі быў хаця б каля 100 даляраў, афіцыйная лічба па беспрацоўі адразу павялічылася б у некалькі разоў.

Можна прааналізаваць выдаткі бюджэту і паглядзець, якія зь іх самыя тлустыя, каб скараціць. Перш за ўсё ў вочы кідаецца артыкул на абарону, на КДБ — ахова прэзыдэнта.

Грузьдзіловіч: Абарона — якраз няшмат, усяго 8 трыльёнаў. Вось «бясьпека»...

Цыганкоў: Сілавыя структуры зьядаюць нават больш, чым войска! Гэта ўнікальная сытуацыя для краіны, якая не знаходзіцца ў стане вайны з тэрарызмам, грамадзянскай вайны. Незразумела, чаму настолькі раздзьмутыя такія выдаткі.

Нам жа зразумела, чаму. Мы ведаем, чым займаецца значная частка гэтых сілавых структур: сочаць за апазыцыяй, запісваюць кожнае слова, кожную паездку. Дзясяткі, сотні людзей трацяць свой час на тое, што не патрабуе такога ўмяшаньня ні паводле лёгікі, ні паводле закону.

Таму гэта першае, адкуль можна было б скараціць.

Таксама ёсьць такі артыкул бюджэту, як дапамога прадпрыемствам. У краінах з рынкавай эканомікай такога артыкула проста няма. Ёсьць схемы, калі зьніжаюць у крызысны час банкаўскі працэнт, калі дзяржава дае пад крэдыты свае гарантыі. Адно прадпрыемства зьядае столькі грошай, за якія можна было б пракарміць дзясяткі тысяч беспрацоўных і даць ім больш-менш прыстойны ўзровень існаваньня.

Глод: Я не зьдзіўлюся, калі дзяржава ўвядзе дадатковы падатак на дапамогу беспрацоўным. Ня будзем забывацца, што такі досьвед у чынавенства ўжо ёсьць. Увялі ж у свой час падатак на дарогі. Сталі ад гэтага дарогі лепшымі ці не, мне сказаць цяжка, бо ўласнага аўто я ня маю. А згадайце, што параўнальна нядаўна падаходны падатак у краіне быў 12% ад заробку. Цяпер жа — 13%. 1% дадалі нібыта для дапамогі шматдзетным сем’ям. Дайшлі да такіх сем’яў гэтыя грошы ці не, мне сказаць цяжка. Дзяцей у мяне ня так шмат.

На Захадзе існуюць камэрцыйныя структуры, якія супрацоўнічаюць зь дзяржавай, прыватнымі кампаніямі і рэальна ўладкоўваюць людзей на працу. А дзяржава ім за гэта плаціць. Можа, так было б таньней і ў нас?

Мне падаецца, у Беларусі можна і надалей выкарыстоўваць спэцыфічныя беларускія ноў-хаў. Напрыклад, прымусіць чыноўнікаў пераводзіць грошы для беспрацоўных. Ёсьць жа ў нашай краіне досьвед, калі прадпрыемствы і арганізацыі бяруць шэфства над сельскай гаспадаркай. Той жа Нацыянальны банк, напрыклад. Банкіры — людзі ня бедныя, могуць скінуцца і на дапамогу беспрацоўным. Дый міністэрствы таксама. Толькі не памятаецца, каб Лукашэнка адрываў грошы ад сваіх памагатых на карысьць зьбяднелай часткі насельніцтва.

А ёсьць яшчэ і заходні досьвед. Там існуюць камэрцыйныя структуры, якія супрацоўнічаюць зь дзяржавай, прыватнымі кампаніямі і рэальна ўладкоўваюць людзей на працу. А дзяржава ім за гэта плаціць. Можа, так было б таньней і ў нас?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG