Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блякіроўка ў Твітэры парадыйных антырасейскіх старонак выклікала абурэньне наведнікаў


Твітэр заблякаваў некалькі старонак, на якіх парадзіравалі і высьмейвалі расейскіх чыноўноўнікаў. Гэта выклікала абурэньне сярод падпісантаў сацыяльнай сеткі і абвінавачваньні ў тым, што мэдыя-гігант паддаецца ціску з боку Крамля і яго саюзьнікаў.

Прынамсі пяць старонак Твітэру на ангельскай, якія кляймілі расейскі ўрад, паводле стану на 31 траўня былі заблякаваныя, у тым ліку папулярныя @DarthPutinKGB. Гэтая старонка высьмейвала прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Чытачы імкліва пачалі хэштэг кампанію #NoTwitterGulagForDarthPutinKGB у падтрымку.

Іншымі заблякаванымі старонкамі аказаліся @RusEmbassyNot, што парадзіравала расейскую дыпляматыю, @SovietSergey, якая шчыкала міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, @AmbYakovenkoNot, што высьмейвала амбасадара Расеі ў Вялікабрытаніі Аляксандра Якавенку, і @Russia__Not, якая імітавала афіцыйную старонку расейскага ўраду.

Ні абставіны, ні тэрміны блякаваньня адразу не былі зразумелыя. Прадстаўнік Твітэру Ян Планкет адказаў 31 траўня па электроннай пошце, што Twitter «не камэнтуе асобныя рахункі для забесьпячэньня прыватнасьці і бясьпекі» і даслаў RFE/RL правілы каліфарнійскай кампаніі.

Правілы — як рабіць твіты на парадыйных рахунках — кажуць, што аўтар павінен наўпрост заявіць, што ён не зьвязаны з рэальным суб’ектам, выкарыстоўваючы такія словы, як «пародыя» ці «падробка». У правілах таксама гаворыцца, што назва старонкі «не павінна быць копіяй назвы старонкі суб’екта без якіх-небудзь іншых распазнавальных словаў кшталту «не», «падробка» ці «фэйк». Абодва гэтыя крытэрыі павінны быць выкананы «такім чынам, што будзе зразумела мэтавай аўдыторыі» — гаворыцца ў правілах.

Як Фэйсбук, так і Твітэр у апошнія гады ня раз выдалялі паведамленьні і цэлыя старонкі з крытыкай расейскіх уладаў на падставе прэтэнзій з боку наглядчыка за дзяржаўнымі мэдыямі Расеі — «Роскомнадзора» — аб тым, што яны парушаюць унутраныя законы. У некаторых выпадках заблякаваныя старонкі былі адноўленыя неўзабаве пасьля гэтага.

Крамлёўскія апанэнты таксама заяўляюць, што расейскі ўрад фінансуе армію анлайн-«троляў», якія закідваюць Твітэр і Фэйсбук скаргамі з мэтай здушыць крытыку Масквы ў інтэрнэце, бо ва ўмовах няўхільнага ўзмацненьня жорсткасьці ўраду і яго кантролю за сродкамі масавай інфармацыі, менавіта інтэрнэт робіцца ключавым форумам для іншадумства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG