Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 46. Гаварыць на мове


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Перапіска ў фэйсбуку з прадпрыемствам «Лідзкае піва»:

– Дзе абяцаная беларускамоўная камунікацыя з кліентам?

– Для «Коллекции мастера» сохранён русский язык. А на мове мы гаворым пра лінейку «Лідзкага».

Анэкдатычны дыялёг з улікам таго, што ўвесь адказ можна было напісаць па-беларуску. Але ж пра «Калекцыю майстра» – толькі па-расейску! Здаецца, даведзены да абсурду прафэсіяналізм. У гэтай замалёўцы важна, што ад імя прадпрыемства гаворыць PR-спэцыяліст. І ён на поўным сур'ёзе з усёй адказнасьцю ўжывае фразу «а на мове мы гаворым». А гэта значыць, што таракан вылез са шчыліны, і не баіцца ўжо сонца і людзей.

«Гаварыць на мове» я б назваў дружным тараканам. Ён сядзіць на языках як у беларусаскепткаў, так і ў беларусапрыхільнікаў. У залежнасьці ад інтанацыі, зь якой ён/яна «гаворыць на мове», робіцца акцэнт. «На нашай мове», «на іхнай мове», «на этой мове, которой уже достали».

Aliaksandra Dzmitranok: «Тут пад мовай маецца на ўвазе ўнікальная, вядомая вузкаму колу і збольшага незразумелая шырокім масам (якія да тога ж вельмі насьцярожана і падазрона ставяцца да яе з гэтай і не толькі прычыны) сыстэма знакаў».

«Гаварыць на мове» – гучыць амаль як «гаварыць на тарашкевіцы». Відавочна, што правапісам гаварыць немагчыма, але ў кантэксьце зразумела, што гаворка ідзе пра нейкую пэўную спэцыфіку, нават калі ты да канца не разумееш што такое «тарашкевіца». Так і з «гаварыць на мове». Усе цудоўна разумеюць, што маецца на ўвазе ня проста беларуская мова, а канкрэтна сучасная літаратурная.

«Гаварыць на мове» – найперш таракан вялікага гораду.

«Э, Васіль, а гэны прыяжджаў?.. Ну гэны, зь Менску, як яго... Які па-беларуску гаворыць!» Стары вясковец, які за ўсё жыцьцё, можа, пару расейскіх словаў вывучыў, абавязкова падкрэсьліць, што ты гаворыш ня так, як у іх прынята. Толькі гарадзкое «на мове» заменіць на «па-беларуску». Хоць тэарэтычна ўсё мусіла б быць наадварот: у горадзе – «па-беларуску», а ў вёсцы – «на (нашай) мове».

Справа ў тым, што «гаварыць на мове» – новы таракан.

Толькі з аслабленьнем і падзеньнем СССР літаратурная беларуская мова пачала вяртацца ў публічную прастору з прыватнай ініцыятывы. Бо напрацоўкі 1920-30-х гадоў зьніклі разам з носьбітамі літаратурнай беларускай мовы ў ГУЛАГу.

Яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму загаварыць у тралейбусе па-беларуску, азначала зрабіць досыць адважны ўчынак. Бо фактычна ты адным зь першых уносіў у Менск жывую беларускую літаратурную мову.

Якая заўгодна жывая мова разьвіваецца. Адпаведна, тое, што людзі чулі па радыё і ў ТВ, адрозьнівалася ад таго, што яны чулі з вуснаў нэафітаў, якія ішлі далей за закансэрваваную школьную мову афіцыйных мэдыяў. Зрэшты, наўрад ці шмат хто задумваўся і разьбіраўся ў такіх тонкасьцях як узроўні і тыпы гаворак мовы. Успрымалі хутчэй інтуітыўна – штосьці новае.

Чаму б не сказаць «ён гаворыць па-беларуску?» Зраблю дапушчэньне. «На мове» – зразумела, але не акцэнтуе ўвагу на праблеме самаідэнтыфікацыі ў Беларусі. Скажы «ён гаворыць па-беларуску» і ты адразу ўзгадваеш, што гаворыш не «на языке», а па-расейску. Хоць яшчэ твае бацькі ці дзяды гаварылі па-беларуску. Гэта непрыемныя, часам траўматычныя думкі і згадкі. І тут «на мове» робіцца кампрамісам.

Беларусаскептыкі і далей будуць ужываць выраз «гаварыць на мове». Роўна столькі, колькі будуць скептыкамі. А вось беларусапрыхільнікам ня трэба карміць таракана.

Пазбавіцца ад таракана можна проста. Паглядзіце, фактычна «гаварыць на мове» – гэта як «ботаць па фене». Гэта проста непрыгожа гучыць. Непрыгожа і зьняважліва. А нацыятворчасьць – гэта хараство! :)

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG