Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэанацысты закідалі шашлыкамі наведнікаў вэганскага кафэ ў Тбілісі


Кафэ «Ківі» ў цэнтры Тбілісі

Кафэ «Ківі» ў цэнтры Тбілісі

На вэганскае кафэ «Ківі» ў цэнтры Тбілісі ўвечары 29 траўня напалі людзі, якіх сьведкі і адміністрацыя ўстановы называюць ультраправымі экстрэмістамі, што належаць да «групоўкі Бегрмана».

Наведнікі распавялі, што некалькі грузінскіх мужчын увайшлі ў кафэ, дзе ў той вечар паказвалі мультфільм «Рык і Морці». На шыях мужчын былі сасіскі, а ў руках — шашлыкі.

«Яны дасталі шашлык, сасіскі, рыбу, і сталі дэманстратыўна гэта есьці, кідацца, палілі цыгарэты, хоць ведалі, што тут гэта забаронена», — гаворыцца ў заяве кафэ «Ківі», апублікаваным на фэйсбуку.

Пры спробе выпхнуць нэанацыстаў з кафэ паміж наведнікамі і хуліганамі завязалася бойка, да якой далучыліся суседзі. Як паведамляюць супрацоўнікі кафэ, многія суседзі ўсталі на бок нападнікаў.

«Гэтыя людзі пэрыядычна паказваюць сваё нэгатыўнае стаўленьне да нас, бо мы (тое, як мы выглядаем, якую музыку слухаем, якіх ідэй прытрымліваемся, што не ямо мяса) ня ўпісваемся ў звыклы для іх сьвет, паводзім сябе, паводле іх мерак, з выклікам і ня саромеемся таго, што мы — такія, якія ёсьць», - напісалі супрацоўнікі «Ківі» у фэйсбуку.

Хуліганы зьбеглі да прыезду паліцыі. Некаторыя ўдзельнікі бойкі атрымалі дробныя траўмы.

Паліцыя, якая неўзабаве прыехала на месца здарэньня, па словах пацярпелых, таксама была настроена недобразычліва ў адносінах да супрацоўнікаў і наведвальнікаў «Ківі».

«Адзін з паліцэйскіх быў настроены вельмі агрэсіўна, штурхаў нас, крычаў са злосьцю, казаў, што мы вінаватыя ва ўсім, што здарылася. Некаторыя з работнікаў кафэ былі дастаўлены ў паліцэйскі ўчастак для допыту», — гаворыцца ў заяве «Ківі».

На наступны дзень пасьля нападу, супрацоўнікі кафэ заявілі, што яны працягнуць працу і гатовыя «прыняць усіх наведвальнікаў, незалежна ад іх вонкавага выгляду, расы, нацыянальнасьці, узросту, полу, сэксуальнай арыентацыі, рэлігійных поглядаў і іншых прыкметаў».

У дзень незалежнасьці Грузіі, 27 траўня ўльтраправыя з «Грузінскай сілы» правялі ў Тбілісі факельнае шэсьце. Марш, у якім прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, прайшоў па цэнтры грузінскай сталіцы.

XS
SM
MD
LG